З клопатам пра родную прыроду

- 10:58Выхаванне

У Мінску падвялі вынікі Года малой радзімы, сабраўшы на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага экалагічнага конкурсу ідэй “Прырода малой радзімы”. Конкурс праводзіўся з мая па снежань 2018 года рэдакцыяй часопіса “Родная прырода” разам з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.


Больш як 80 сваіх ідэй на карысць роднага куточка прапанавалі навучэнцы і педагогі агульнаадукацыйных устаноў краіны. Забруджванне паветра, глебы і водных рэсурсаў, праблема адходаў, барацьба з інвазіўнымі відамі раслін і жывёл, азеляненне і добраўпарадкаванне населеных пунктаў — спектр тэм у канкурсантаў быў шырокі. Але пры гэтым у большасці работ акцэнт быў зроблены на любові да роднай прыроды і імкненні агульнымі намаганнямі зрабіць яе чыстай, утульнай для мясцовых жыхароў і прывабнай для турыстаў.

Сярод індывідуальных работ самай лепшай стала вынаходніцтва, якое зрабіў Цімафей Авярчук, 7-класнік сярэдняй школы № 13 Брэста імя В.І.Хована. Разам са сваім настаўнікам геаграфіі А.М.Агееўцам Цімафей распрацаваў “Аўтаномны вулічны ліхтар для Брэста з гарызантальным ветрагенератарам і сонечнымі панэлямі”. Менавіта такі ліхтар, па меркаванні аўтара, вырашыць праблему асвятлення аддаленых і новых раёнаў, а таксама сэканоміць электраэнергію. Яго канструкцыяй прадугледжаны невялікая сонечная батарэя, ветрагенератар і акумулятар. Выпрацаваны фотаэлектрычнымі элементамі і ветрагенератарам электрычны ток назапашваецца ў акумулятары і ў начны час траціцца на асвятленне. Акрамя таго, у ліхтары прысутнічае блок кіравання, які аўтаматычна ўключае ліхтар у цёмны час сутак.

2-е месца заняла Іна Бука, настаўніца біялогіі гімназіі Буда-Кашалёва (Гомельская вобласць), за экалагічную акцыю “Уцёкі з палісадніка”. У поле яе ўвагі трапілі сумнік канадскі і эхінацысціс лопасны. Гэта інвазіўныя расліны — тыя, якія трапілі на пэўную тэрыторыю выпадкова і хуткае распаўсюджванне якіх выйшла з-пад кантролю.

“Усе думаюць, што калі сумнік прыгожы, ярка цвіце, то і шкоды ён не прынясе, яго нават саджаюць у кветніках, — расказвае аб праблеме Іна Андрэеўна. — Так, ён не такі небяспечны, як, напрыклад, баршчэўнік Сасноўскага, але ён вельмі моцны алерген. Акрамя таго, карані сумніку канадскага выдзяляюць таксічныя рэчывы, якія губяць суседнія расліны, прычым нават дарослыя кустарнікі. Ён вельмі хутка разрастаецца, і з заселенай ім тэрыторыі знікаюць карысныя глебавыя бактэрыі, птушкі, млекакормячыя і насякомыя. Пра эхінацысціс многія нават і не чулі — усе ведаюць яго як “шалёны агурок” — менавіта так яго называюць у народзе. Гэта ліяна, на якой ра-стуць невялікія гарбузікі з шыпамі, падобныя на агуркі. Сваёй масай яна душыць расліны-абарыгены. Там, дзе пасяліліся гэтыя іншаземцы, паступова прападаюць васілёк, рамонак, скрыпень, мятліца і інш.”

Пра небяспеку гэтых раслін І.А.Бука расказала дзецям у школьным летнім аздараўленчым лагеры. Каб выявіць маштабы праблемы ў горадзе, арганізавала велапрабег пад кодавай назвай “Уцёкі з палісадніку” і аб’явіла фотапаляванне на “ўцекачоў”. Раздзяліўшыся на групы, штодзень па 10—15 дзяцей адпраўляліся ў рэйды і потым адзначалі на карце горада кропкі распаўсюджанасці гэтых дзвюх раслін. У асноўным гэта былі прыватныя падворкі, пусткі, закінутыя двары. Дзеці склалі карту з нанесенымі на яе кропкамі, зрабілі лістоўкі і раздалі іх жыхарам тых вуліц, участкаў, дзе растуць гэтыя расліны, расказалі пра іх небяспеку і пра тое, чым пагражае татальнае распаўсюджванне інвазіўных раслін, і заклікалі разам з імі весці барацьбу.

3-е месца прысуджана Ганне Заяц, навучэнцы 4 класа сярэдняй школы № 1 Петрыкава (Гомельская вобласць), якая ўсур’ёз занепакоілася праблемай паасобнага збору смецця і выканала даследчую работу “Таямніцы смеццевага вядра”.

Гэтая ж ідэя — зрабіць са смецця сыравіну — прагучала і ў калектыўных работах. Экалагічны праект “100%” прынёс 3-е месца яго аўтарам — удзельнікам клуба ЮНЕСКА “Шок” сярэдняй школы № 9 Брэста. У гэтай школе і раней рэгулярна праводзіліся трэнінгі па энергазберажэнні, акцыі “Здай макулатуру — зберажы дрэва”, “Другое жыццё металу”, а з пачаткам праекта “100%” спіс мерапрыемстваў значна пашырыўся. Школьнікі абвясцілі акцыі “Батарэйкі, здавайцеся!” (па колькасці сабраных батарэек яны занялі 1-е месца ў раёне), “Пластыкавыя накрыўкі збірай асобна”, “Старому тэкстылю дома не месца”. З задавальненнем дзеці і бацькі падтрымалі ідэю ўстаноўкі ў вучэбных кабінетах скрынь, а ў двары школы — бакаў для паасобнага збору смецця: паперы, пластыку, іншых адходаў.

2-е месца сярод калектыўных работ заняла спроба ўдзельнікаў навуковага таварыства навучэнцаў па хіміі з сярэдняй школы № 2 Зэльвы (Гродзенская вобласць) зрабіць паперу не з драўніны, а з трыснягу.

“Актуальнасць тэмы заключаецца ў тым, што з кожным годам патрэба ў паперы павялічваецца, а запасы драўніны, з якой яе робяць, памяншаюцца. Таму мы прапануем выкарыстоўваць для атрымання паперы трыснёг. Выкарыстанне трыснягу для вырабу паперы дапаможа ажыць зарослым азёрам у многіх раёнах Беларусі, у тым ліку і Зэльвенскім. А гэта пашырыць магчымасці агратурызму, які набірае папулярнасць у нашым рэгіёне”, — зазначаюць аўтары. Яны ў ходзе сваёй работы выраблялі паперу з трыснягу на аснове розных напаўняльнікаў — крухмалу, жэлаціну, аўса, лёну, рысу — і вывучалі яе ўласцівасці, выбіраючы самую лепшую тэхналогію.

Дыплом за 1-е месца атрымалі Ксенія Сідаровіч і Ілья Гульнік, навучэнцы Ёдкаўскай сярэдняй школы (Лідскі раён Гродзенскай вобласці), за распрацоўку 3D-атласа “Развіццё экалагічнага турызму на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях Гродзенскай вобласці”. Яго адметнасць у тым, што кожная старонка, фота кожнага аб’екта на ёй “ажывае”. Дастаткова сфакусіраваць на іх камеру смартфона ці планшэта — і перад карыстальнікам, дзякуючы тэхналогіям дапоўненай рэальнасці, разгортваецца відэа-экскурсія па парку — агучаная, маляўнічая, з эфектам прысутнасці.

Пакуль на смартфоне Ільі шумна распраўляе крылы лебедзь на водах ландшафтнага заказніка “Свіцязянскі”, які імгненне назад быў толькі малюнкам, пра ідэю атласа расказвае кіраўнік праекта Наталля Гульнік, настаўніца геаграфіі і мама 6-класніка Ільі ў адной асобе:

“Гэта інтэрактыўны дапаможнік для экатурыстаў і падарожнікаў. Многія і не чулі пра такое паняцце, як “экатурызм”, але ў нас столькі месцаў, вартых наведвання! І мы спадзяёмся, што наш атлас стане штуршком да падарожжаў па прыродзе. Пакуль мы ўзялі толькі Гродзенскую вобласць і расказалі пра размешчаныя на ёй Нацыянальныя паркі і заказнікі рэспубліканскага значэння, а таксама іншыя экалагічныя аб’екты. Цяпер возьмемся за помнікі прыроды. Дапаўняць і ўдасканальваць атлас можна бясконца”.

Андрэй Валер’евіч Хмель, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, уручаючы ўзнагароды і падарункі, падзякаваў усім пераможцам і прызёрам за іх працу і адзначыў, што ў кірунку экалогіі няма і быць не можа нязначнай тэмы, любая праблема, якая трапіла пад увагу, значная: “Для ўсіх нас у цэлым (і для кіраўніка дзяржавы ў прыватнасці) пытанні экалогіі вельмі важныя, бо без удзялення ўвагі гэтаму кірунку будучыня любой дзяржавы бесперспектыўная і немагчымая. Міністэрства прыродных рэсурсаў разам з калегамі вялікую ўвагу ўдзяляе экалагічнай адукацыі маладога пакалення, бо падрыхтоўка прафесійных кадраў у любой сферы дзейнасці яшчэ са студэнцкай лаўкі, са школы, з дзіцячага садка немагчыма. Тым больш што ў некаторых кірунках ёсць дэфіцыт кадраў, часта ў маладых людзей няма жадання вырашаць экалагічныя пытанні нашай дзяржавы”.

Арганізатары спадзяюцца, што работы пераможцаў, рэалізацыя іх ідэй прынясуць карысць не толькі іх малой радзіме, але паспрыяюць паляпшэнню экалагічнай сітуацыі і на прасторах нашай агульнай вялікай Радзімы.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.