З клопатам пра здароўе і дабрабыт дзяцей

Значнымі вынікамі дзейнасці адукацыйных устаноў Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ў 2017 годзе сталі павышэнне даступнасці і якасці адукацыі, паляпшэнне сітуацыі з абаронай правоў і законных інтарэсаў дзяцей, а таксама развіццё сістэмы ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Хоцімскага райвыканкама Максім Аляксандравіч РАКАЎ.

— Адразу адзначу дастойныя вынікі круглагадовай спартакіяды школьнікаў раёна. Як вядома, гэта адно з самых маштабных спартыўных мерапрыемстваў, што праводзяцца ў нашай краіне, — падкрэсліў Максім Аляксандравіч. —У 2017 годзе Хоцімскі раён у чарговы раз заняў 1-е месца ў вобласці ў спартакіядзе. У перадапошнія гады раён таксама быў на лідзіруючых пазіцыях у гэтых спаборніцтвах (7 разоў на першым месцы і 2 — на трэцім). Такія высокія дасягненні сталі магчымымі дзякуючы выдатнай рабоце настаўніка фізічнай культуры і здароўя Забелышынскай сярэдняй школы Аляксандра Мікалаевіча Сцепчанкі. У 2017 годзе яму была прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”. Аляксандр Мікалаевіч з’яўляецца адзіным настаўнікам фізкультуры і здароўя ў Магілёўскай вобласці, якому была прысвоена дадзеная катэгорыя. Школа, у якой ён працуе, з’яўляецца апорнай па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Калектыў гэтай установы рэалізуе тэму “Фарміраванне каштоўнасных адносін да здароўя навучэнцаў ва ўмовах сельскай школы”.

— Як вядзецца ў раёне работа з адоранымі і таленавітымі навучэнцамі? Наколькі яна сістэматызавана?

— Аб гэтым сведчаць факты. У 2018 годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнка сярэдняй школы № 2 Хоцімска Юлія Каралёва заваявала дыплом ІІІ ступені па рускай мове і літаратуры (настаўніца Надзея Іванаўна Кавалёва). Выніковасць работы па фарміраванні даследчых кампетэнцый педагогаў і навучэнцаў яскрава прадстаўлена перамогамі школьнікаў у сёлетніх конкурсах даследчых работ: у адпаведным рэспубліканскім конкурсе, прымеркаваным да 500-годдзя выдання Бібліі Францыскам Скарынам (2 дыпломы II ступені); у III Магілёўскім фестывалі навукі (атрыманы дыплом пераможцы); на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергія і асяроддзе пражывання” ў намінацыі “Праекты па тэме энергазберажэння, энергаэфектыўнасці і аднаўляльнай энергетыкі” заваяваны дыплом III ступені; на абласным этапе юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес” атрыманы дыплом III ступені; па выніках Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Я ў свеце творчасці” — перамога дыстанцыйнага этапу. У абласным конкурсе работ даследчага характару ў 2017 годзе навучэнцы заваявалі адзін дыплом III ступені па геаграфіі і пахвальны водгук па гісторыі.

Вядзецца работа па абагульненні і распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў па развіцці ў навучэнцаў навыкаў даследчай дзейнасці. Так, вопыт работы настаўніцы хіміі сярэдняй школы № 1 Хоцімска Таццяны Генадзьеўны Чарнічковай прадстаўлены на рэспубліканскім семінары “Фарміраванне ключавых кампетэнцый школьнікаў праз арганізацыю вучэбна-даследчай дзейнасці” ў рамках III Магілёўскага фестывалю навук.

Штогод каманда КВЗ сярэдняй школы № 2 Хоцімска дасягае высокіх вынікаў на занальным і абласным этапах турніру КВЗ “Юныя ратавальнікі жартуюць” сярод школьных аддзяленняў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. У 2017 годзе гэтая каманда заняла 2-е месца ў абласным этапе конкурсу вясёлых і знаходлівых.

Мінулым летам на базе Веткаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу ўпершыню была арганізавана работа профільнага лагера “Умка” для высокаматываваных навучэнцаў раёна, у якім прайшлі аздараўленне 15 навучэнцаў 9—11 класаў.

— Раскажыце, калі ласка, пра змяненні дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне за апошнія гады.

— У 17 установах адукацыі раёна ў 2017/2018 навучальным годзе выхоўваюцца і вучацца 1560 дзяцей (408 дашкольнікаў, 1152 школьнікі). За апошнія 5 гадоў колькасць навучэнцаў скарацілася на 207 чалавек (у 2013 годзе было 1359 навучэнцаў). Гэта, зразумела, прывяло да рэарганізацыі сеткі ўстаноў адукацыі раёна. У 2017 годзе закрыты Яльнянскі вучэбна-педагагічны комплекс. У Боханавіцкай яслях-садзе — базавай школе зараз вучацца 27 дзяцей, а ў Веткаўскай яслях-садзе — базавай школе — 21 дзіця. Прапрацоўваецца пытанне атрымання эканоміі па ўтрыманні і абслугоўванні памяшканняў гэтых устаноў за кошт скарачэння іх вучэбнай плошчы. Класы плануецца размясціць на першых паверхах, а на другіх паверхах адключыць ацяпленне, што дазволіць захаваць установы адукацыі і скараціць выдаткі на іх утрыманне.

Усіх дзяцей, якія маюць патрэбу, падвозяць да ўстаноў адукацыі, а гэта 106 вучняў і 5 дашкольнікаў. На балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму знаходзіцца 7 адзінак транспарту. Дзве новыя “газэлі” і адзін аўтобус атрыманы нядаўна — у 2017 годзе.

— Як вырашаюцца праблемы абароны правоў дзяцей і прафілактыкі сямейнай нядобранадзейнасці?

— Для педагогаў раёна гэтыя праблемы на першым плане. На 1 студзеня 2018 года 41 непаўналетняе дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Нядобранадзейных сем’яў — 21. Задача педагогаў — кожнаму з дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, знайсці сваё месца ў жыцці. Сфарміравана сістэма работы ўстаноў адукацыі па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва, аказанні псіхолага-педагагічнай дапамогі дзецям, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Вядзецца сістэмная работа па рэабілітацыі непаўналетніх, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Ахова правоў, выяўленне і ўлік дзяцей з нядобранадзейных сем’яў павінны мець прафілактычны кірунак. З гэтай мэтай вядзём адпаведную работу з законнымі прадстаўнікамі непаўналетніх, сваякамі, сябрамі, пры неабходнасці далучаем да прафілактычнай дзейнасці калектывы, дзе працуюць бацькі, а таксама грамадскія арганізацыі, сельскія выканаўчыя камітэты, у якіх ёсць магчымасць аказаць дапамогу сем’ям.

— Хоцімскі раён — прыгранічны. Ці падтрымліваеце вы сяброўскія адносіны з краінай-суседкай?

— Сапраўды, наладжана супрацоўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Хоцімскага раёна з адукацыйнымі ўстановамі некаторых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Так, у рамках пагаднення паміж адміністрацыямі Клятнянскага і Суражскага раёнаў Бранскай вобласці Расіі і Хоцімскім райвыканкамам аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве ў 2017 годзе праведзены цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы: калядны турнір па валейболе сярод юнакоў, якія нарадзіліся ў 1999 годзе, і маладзейшых на базе Хоцімскага і Клятнянскага раёнаў; каманда навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Хоцімска прыняла ўдзел у міжнародных сезонных гульнях КВЗ паміж навучэнцамі Клятнянскага і Хоцімскага раёнаў у Клетні Бранскай вобласці; 14 навучэнцаў 9-х класаў Хоцімскага раёна прынялі ўдзел у расійска-беларускай алімпіядзе па рускай мове і матэматыцы ў Суражы Бранскай вобласці; на базе Хоцімскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба да Дня яднання народаў Расіі і Беларусі адбыўся юнацкі турнір па валейболе; у сярэдняй школе № 1 Хоцімска прайшла беларуска-расійская алімпіяда вучняў 8—9 класаў па гісторыі (у спаборніцтве прынялі ўдзел 36 вучняў Клятнянскага і Хоцімскага раёнаў).

У Суражскім педагагічным каледжы імя А.С.Пушкіна быў арганізаваны маладзёжны форум “Мы супраць наркотыкаў — мы за здаровы лад жыцця!”. Навучэнцы з Хоцімскага раёна прынялі ўдзел у мерапрыемстве.

Надзея ЦЕРАХАВА.