З компасам і картай у руках, з імкненнем да перамогі ў сэрцы

- 11:17Спартыўныя падзеі

Уявіце: вы, не спяшаючыся, гуляеце па парку або збіраеце грыбы ў лесе, і раптам насустрач выбягае чалавек. Або некалькі. У яркай спартыўнай форме, з компасам і аркушам паперы, з намаляванай картай. “У якую гульню гуляеце?” — кінеце вы ўслед. У адказ пачуеце: “У нас спаборніцтвы! Спартыўнае арыентаванне!” 21—23 верасня ў Мінскім раёне і Мінску ў рамках Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзяцей і моладзі адбыліся спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, якія аб’ядналі наймацнейшых арыенціроўшчыкаў краіны ва ўзросце ад 10 да 20 гадоў. Арганізатарам спаборніцтваў выступіў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.

Арыентаванне спартыўнае — від спорту, сэнс якога — у самастойным пераадоленні зададзенай дыстанцыі і пошуку расстаўленых на мясцовасці кантрольных пунктаў. Для таго каб знайсці кантрольныя пункты (КП), у спартсмена-арыенціроўшчыка ёсць спартыўная карта з намаляванай на ёй мясцовасцю. Пры дапамозе компаса спартсмен арыентуе карту па баках свету, праз электронны чып адзначаецца на КП. На фінішы даныя з чыпа счытваюцца, а ўдзельнік атрымлівае раздрукоўку з вынікам. Пераможцы вызначаюцца па лепшым часе праходжання дыстанцыі ў некалькіх узроставых групах.

Арыентаваннем, у адрозненне ад большасці відаў спорту, чалавек можа пачаць займацца ў любым узросце. Для гэтага можна ўступіць у адзін са шматлікіх клубаў або засвойваць арыентаванне самастойна. Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць прыйсці на адпаведныя заняткі ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Развіццём спартыўнага арыентавання як віду спорту ў нашай краіне займаецца Беларуская федэрацыя арыентавання. На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў старшыня федэрацыі Андрэй Сяргеевіч Якаўлеў павіншаваў удзельнікаў з надыходам сапраўднай восені і выказаў надзею, што ні дождж, ні вецер не стануць перашкодай на шляху да перамогі.

Удзельнікі спаборнічалі ў шасці ўзроставых групах сярод дзяўчат і юнакоў. Спартсменам неабходна было пераадолець дзве дыстанцыі: сярэднюю — у лясным масіве “Крыжоўка” і спрынтарскую кароткую ў мікрараёне, што прылягае да Мінскага дзяржаўнага турысцка-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Па выніках агульнакаманднага заліку пераможцам стала зборная Мінскай вобласці. Другое месца заваявала каманда Мінска. -Кубак і дыплом за трэцяе месца паехаў у Віцебскую вобласць. Віншуем пераможцаў!

Хочаце, каб дзіця адпачывала ў добрай кампаніі аднадумцаў, сістэматычна дыхала свежым паветрам, умела арыентавацца ў незнаёмай мясцовасці, крэатыўна думала, хутка прымала рашэнні, стала фізічна мацнейшым? Тады парайце яму заняцца спартыўным арыентаваннем.

Марыя ГОЛУБЕВА,
загадчык аддзела турызму і спартыўнага арыентавання
Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.