З комплексным падыходам

- 11:07Навіны рэгіёнаў

На базе гімназіі № 3 Баранавіч прайшоў абласны семінар “Актуальныя пытанні выкладання інфарматыкі на Брэстчыне: рэалізацыя комплекснага падыходу ў сістэме работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі на прыкладзе ўстаноў адукацыі Баранавіч”. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім удзельнічалі метадысты раённых і гарадскіх вучэбна-метадычных кабінетаў і кіраўнікі раённых і гарадскіх метадычных аб’яднанняў настаўнікаў інфарматыкі, выступілі Брэсцкі абласны ІРА, упраўленне па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама і вучэбна-метадычны кабінет Баранавіч.

Фота да матэрыяла: З комплексным падыходам.— У Баранавічах ствараюцца неабходныя ўмовы для развіцця і максімальнай рэалізацыі здольнасцей адораных і высокаматываваных вучняў, — расказала загадчыца гарадскога ВМК А.А.Новік. — Работа педагогаў па гэтым напрамку дзейнасці грунтуецца не толькі на традыцыйных метадах і прыёмах, але і на інавацыйных падыходах і прынцыпах. Калі раней падрыхтоўка школьнікаў да алімпіяд ажыццяўлялася па схеме “адораны настаўнік — адораны вучань”, дзе галоўным рэсурсам быў інтэлект абодвух, то сёння асноўная ўвага ўдзяляецца кіраванню працэсамі развіцця адоранасці. Усё пачалося са стварэння вочна-завочнай школы алімпіяднага рэзерву па вучэбных прадметах. Задача школы заключаецца ў тым, каб на аснове банка даных вучняў-алімпіяднікаў стварыць умовы для мэтанакіраванай падрыхтоўкі дзяцей да інтэлектуальных спаборніцтваў намаганнямі лепшых настаўнікаў-прадметнікаў, якія вынікова працуюць у гэтай сферы.

Затым былі вызначаны рэсурсныя цэнтры (базы) для падрыхтоўкі да прадметных алімпіяд па напрамках: у гімназіі № 1 — па фізіцы, матэматыцы і астраноміі, у гімназіі № 2 — па хіміі, у гімназіі № 3 — па геаграфіі і хіміі, у гімназіі № 4 — па замежнай мове, у гімназіі № 5 — па біялогіі і геаграфіі, у сярэдняй школе № 9 — па гісторыі, у сярэдніх школах №№ 7 і 19 — па працоўным навучанні. У ліцэі акумулюецца дзейнасць устаноў па падрыхтоўцы да алімпіяд. З 2016 года рашэннем гарвыканкама выдаткаваны дадатковыя гадзіны для факультатыўных заняткаў па розных напрамках, дзе займаюцца лепшыя старшакласнікі з усіх школ горада. Ва ўстановы адукацыі запрашаюцца выкладчыкі вядучых УВА краіны.

Фота да матэрыяла: З комплексным падыходам.— У рабоце з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі вельмі важная псіхалагічная ўстаноўка настаўнікаў, — адзначыла А.А.Новік. — Сёння падрыхтоўкай алімпіяднікаў займаюцца не асобныя настаўнікі, а іх каманда. Ствараюцца ўмовы для выкарыстання інтэлектуальнага і прафесійнага патэнцыялу таленавітых і вопытных педагогаў. Не менш важнай з’яўляецца і педагагічная пераемнасць — падрыхтоўка педагогаў-дублёраў, якія актыўна прыцягваюцца да работы з адоранымі навучэнцамі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца псіхалагічнай падтрымцы алімпіяднікаў. У рамках дзейнасці школы алімпіяднага рэзерву праходзяць мерапрыемствы, накіраваныя на адпаведную работу з навучэнцамі, іх бацькамі і настаўнікамі.

Па словах А.А.Новік, у Баранавічах пабудавана эфектыўная сістэма правядзення гарадскіх алімпіяд, якая вылучаецца выверанай сэнсавай цыклаграмай і з’яўляецца асновай для фарміравання ў навучэнцаў у будучыні спецыяльных навыкаў і ўменняў выконваць заданні рэспубліканскіх алімпіяд.

Планамерна ўмацоўваецца вучэбна-матэрыяльная база ўстаноў адукацыі для арганізацыі і падрыхтоўкі да алімпіяднага руху па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі і інш. Сёлета ў гімназіях №№ 3 і 4 адкрыліся STEM-класы.

— Вынікі сістэмнай работы адчувальныя, — расказала А.А.Новік. — Створаны банк даных адораных вучняў з 3 класа, што дазваляе адсочваць і рэгуляваць дасягненні дзяцей у асобасна-развіццёвым і спаборніцкім плане. Павялічыліся колькасныя і якасныя паказчыкі ўдзелу навучэнцаў у абласных і заключных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сёння Баранавічы з’яўляюцца лідарамі па колькасці яе пераможцаў у вобласці.

А.А.Новік лічыць, што для дасягнення агульнага поспеху кожная ўстанова адукацыі павінна мець уласны твар і сваю траекторыю развіцця алімпіяднага руху. У школах і гімназіях Баранавіч створаны канцэпцыі развіцця работы з адоранымі вучнямі з канкрэтнымі мэтамі. Так, педагогі гімназіі № 3 падрыхтавалі 24 пераможцаў абласнога і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, але яны не абмяжоўваюцца толькі гэтым напрамкам дзейнасці. У гімназіі адкрыты STEM-клас, які павінен надаць імпульс развіццю іншых напрамкаў работы з адоранымі дзецьмі.

У інавацыйным рэжыме, з актыўным выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій і сістэмай дыстанцыйнага навучання працуе гімназія № 5. Штогод яе педагогі і навучэнцы адкрываюць новыя напрамкі дзейнасці. Сярод апошніх — адукацыйная робататэхніка, якая прадугледжвае стварэнне дзеючых мадэлей робатаў, атрыманне практычных навыкаў у галіне робататэхнікі, радыёэлектронікі і праграмавання. У гімназіі дзейнічае міні-тэхнапарк.

Вучні сярэдняй школы № 7 развіваюць крэатыўныя здольнасці шляхам вырашэння нестандартных праблем падчас удзелу ў адукацыйнай праграме для дзяцей, падлеткаў і юнацтва “Адысея розуму”. Выхаванцы гімназіі № 1 — пастаянныя пераможцы Міжнароднага фестывалю “Сузор’е талентаў”.

Для павышэння эфектыўнасці работы з адоранымі вучнямі рэалізоўваюцца рэспубліканскія інавацыйныя праекты. Так, на працягу некалькіх гадоў у гімназіі № 2 ажыццяўляўся праект “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі”. Вынікам інавацыйнай дзейнасці сталі перамогі гімназістаў у заключных этапах рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”.

Метадыст гарадскога ВМК С.С.Стаўбунік засяродзіла ўвагу на метадычным суправаджэнні настаўнікаў інфарматыкі, якія працуюць з адоранымі навучэнцамі:

— Практыка паказвае, што сёння для прафесійнага росту педагогаў ужо недастаткова звычайнага знаёмства з пэўнымі ўзорамі педагагічнага вопыту і апісання існуючых падыходаў. Новае можна асвоіць толькі ў рэжыме, які дазваляе настаўнікам паглыбіцца ў праблему і актыўна яе вырашаць. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы работы: семінары, канферэнцыі, кансіліумы, педагагічныя чытанні, метадычныя дэкады, пасяджэнні педагагічных майстэрань і творчых груп настаўнікаў, узаеманаведванне ўрокаў і пазакласных выхаваўчых мерапрыемстваў з іх наступным аналізам, індывідуальныя кансультацыі, гутаркі, куратарства, абагульненне вопыту, удзел у прафесійных конкурсах і інш. Пры планаванні вучэбна-метадычнай работы з настаўнікамі інфарматыкі ўлічваюцца патрабаванні нарматыўных прававых дакументаў, актуальныя пытанні развіцця прадметнай адукацыі, інтарэсы і запыты педагогаў, іх прафесійныя ўменні і навыкі, выяўленыя падчас дыягностыкі. Прафесійныя запыты настаўнікаў рэалізоўваюцца праз сістэму метадычных фарміраванняў, якія дапамагаюць абменьвацца інфармацыяй і вопытам. Сёння ў Баранавічах дзейнічаюць вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў інфарматыкі, творчая група настаўнікаў інфарматыкі і школа маладога педагога.

Ва ўстановах адукацыі горада працуе 61 настаўнік інфарматыкі, з якіх 50 маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Кваліфікацыйны ўзровень педагогаў з году ў год павышаецца. Высокі прафесійны патэнцыял кадраў дазваляе забяспечыць належную якасць адукацыі і стварыць умовы для індывідуальнага развіцця кожнага навучэнца.

Работа вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі плануецца з улікам рэальных патрэб педагогаў. Так, на аснове дыягнастычных даследаванняў вызначаюцца актуальныя тэмы, па якіх узнікаюць пэўныя цяжкасці ў рабоце. Пасяджэнні вучэбна-метадычнага аб’яднання праводзяцца не менш за 4 разы ў год. Кожнае пасяджэнне — гэта творчая дзейнасць усіх настаўнікаў. Формы правядзення разнастайныя: работа ў творчых групах, прэс-канферэнцыі, мультымедыйныя праекты, абмеркаванне вынікаў анкетавання, дыялогавыя зносіны і інш. Усё гэта павышае зацікаўленасць педагогаў і ажыўляе іх работу.

На бягучы навучальны год выбрана адзіная тэма для метадычных фарміраванняў, прысвечаная рэалізацыі сучасных дыдактычных падыходаў у выкладанні інфарматыкі. На пасяджэннях вучэбна-метадычнага аб’яднання будуць разглядацца пытанні, звязаныя з выкарыстаннем воблачных тэхналогій, зместам факультатыўных заняткаў і асаблівасцямі іх правядзення, дыферэнцыяцыяй і індывідуалізацыяй адукацыйнага працэсу пры вывучэнні інфарматыкі ў школе.

Баранавіцкія педагогі актыўна ўдзельнічаюць у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх навучальных семінарах і канферэнцыях, праходзяць платныя навучальныя курсы. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з асацыяцыяй па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і тэхналогій “Адукацыя для будучыні”. Супрацоўнікі асацыяцыі праводзяць на базе гарадскіх устаноў адукацыі майстар-класы і канферэнцыі для педагогаў і навучэнцаў, дзе расказваюць пра дзейнасць ІТ-галіны і магчымасці работы ў ёй, знаёмяць з рознымі прафесіямі ў індустрыі інфармацыйных тэхналогій і распрацоўкі праграмнага забеспячэння, папулярызуюць STEM-напрамак у адукацыі.

Актыўна працуе і творчая група настаўнікаў інфарматыкі, у склад якой уваходзяць 10 самых вопытных і крэатыўных педагогаў. Задача творчай групы — павышэнне эфектыўнасці работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. У бягучым навучальным годзе ўдзельнікі групы збіраюць, сістэматызуюць і распрацоўваюць алімпіядныя заданні па інфарматыцы для навучэнцаў 6—11 класаў.

Настаўнікі Баранавіч актыўна прэзентуюць эфектыўны педагагічны вопыт на розных узроўнях. З мэтай папулярызацыі заняткаў праграмаваннем сярод навучэнцаў і настаўнікаў інфарматыкі, развіцця ўяўленняў пра новыя тэхналогіі і іх выкарыстанне ў вучэбнай, вытворчай і навуковай сферы педагогі і дзеці ўдзельнічаюць у абласным конкурсе “IT-мяжа”. Добрыя вынікі настаўнікі паказваюць у Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, дзякуючы якому з’яўляюцца цікавыя электронныя адукацыйныя рэсурсы. Сярод іх — праект “Прафесійная дыягностыка вучняў”, падрыхтаваны настаўніцай інфарматыкі С.А.Кісялёвай з гімназіі № 5. Праект уяўляе сабой тэсты, методыкі і апытальнікі з аўтаматызаванай апрацоўкай вынікаў для выяўлення схільнасцей і прафесійных інтарэсаў навучэнцаў.

З мэтай абмену інфармацыяй, узаемадзеяння і зносін з калегамі і навучэнцамі настаўнікі інфарматыкі актыўна выкарыстоўваюць у сваёй рабоце сеткавыя суполкі практычнай накіраванасці.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці гарадской метадычнай службы — арганізацыя работы з адоранымі навучэнцамі, якая ўключае алімпіядны рух, праектную дзейнасць і інтэлектуальныя споборніцтвы і конкурсы. З мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці навучэнцаў да вывучэння інфарматыкі праводзяцца конкурсы “Інфамышка” і “Бабёр”. Развіваць даследчыя ўменні і навыкі дзецям дапамагае навукова-практычная канферэнцыя “Моладзь. Творчасць. Інтэлект”.

Падрыхтоўка навучэнцаў да алімпіяд ажыццяўляецца ўвесь год — праз індывідуальную работу настаўнікаў з імі і дзейнасць школы алімпіяднага рэзерву, якая працуе па тэме “Праграмаванне на мове С++”. Для правядзення трэнінгаў па рашэнні алімпіядных задач па праграмаванні запрашаюцца пераможцы алімпіяд мінулых гадоў. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з УВА.

Вучэбна-трэніровачныя заняткі даюць станоўчы эфект, пра што сведчаць вынікі абласной алімпіяды “Юны праграміст” сярод навучэнцаў 6—8 класаў і рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Кіраўнік гарадскога вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў інфарматыкі Т.В.Водчыц расказала пра ролю сеткавай суполкі ў прафесійным развіцці педагогаў. Перспектыўныя напрамкі ў рабоце з адоранымі навучэнцамі прэзентавалі настаўніцы інфарматыкі А.Ф.Шчарбук з ліцэя № 1 і А.У.Федарук з гімназіі № 1. Настаўніца інфарматыкі С.А.Кісялёва з гімназіі № 5 падзялілася вопытам стварэння інтэрактыўных адукацыйных рэсурсаў і сродкаў навучання.

Вельмі цікавай атрымалася і практычная частка семінара, якая ўключала выступленні настаўніка фізікі А.К.Любаса з гімназіі № 5 (“Практыка-арыентаванае праграмаванне ў рамках рэалізацыі STEM-тэхналогіі ў адукацыйным працэсе”) і настаўніцы інфарматыкі Т.В.Водчыц з сярэдняй школы № 19 (“Навучальная 3D-гульня па тэме “Множнасць”), а таксама фрагмент гуртковых заняткаў “Датчык колеру і яго магчымасці ў канструктары LEGO EV 3”, праведзеных настаўніцамі інфарматыкі М.С.Вябіла і А.К.Смаленскай з гімназіі № 3.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.