З краю, дзе спяваюць усе

- 16:21"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Падчас знаёмства з таленавітымі педагогамі заўважыла паказальную агульную рысу: усе яны імкнуцца найперш паказаць сваіх вучняў і толькі пасля гатовы расказаць крыху пра сваё жыццё і погляды. І сапраўды, дружны, падрыхтаваны да выступленняў калектыў — лепшая візітоўка, самае дакладнае рэзюмэ свайго настаўніка.

Педагог-арганізатар і кіраўнік вакальнага ансамбля “Світанак” Людміла Андрэеўна Шруб не стала выключэннем і арганізавала цэлы круглы стол са сваімі навучэнцамі. У кожным з іх адбіліся месяцы працы Людмілы Андрэеўны. Калі ўважліва слухаць, знойдзеш яскравыя ілюстрацыі выхаваўчай работы, работы над галасамі, сцэнічнай культурай. Даведацца пра іх і запрашаю ў чарговым выпуску сумеснага праекта Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты” “Арт-вакацыі”: галерэя творцаў”.

Вакальны ансамбль “Світанак”.

Ад бацькоўскага баяна — да педагагічнай працы

Людміла Андрэеўна заўсёды ведала, што будзе займацца музыкай. Яна нарадзілася ў сям’і, дзе ледзь не кожны сам асвоіў музычны інструмент: дзядуля — скрыпку, мама — гітару, тата — баян. Дачка таксама без настаўнікаў навучылася іграць на баяне. Прызнаецца, што цяпер ён часта дапамагае: падчас праслухоўвання новых навучэнцаў Людміла Андрэеўна дастае баян і найгравае “Кацюшу”, каб паслухаць галасы першакурснікаў. Яны з цікавасцю збіраюцца вакол інструмента і стараюцца добра сябе паказаць. Звычайная фанаграма такой увагі не прыцягвае.

Алена ЛАЎРЫНОВІЧ, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ:

Навучэнцы гэтага ліцэя выйшлі на сцэнічную пляцоўку фестывалю “Арт-вакацыі” 10 гадоў назад і адразу прыцягнулі ўвагу і гледачоў, і журы. Уразіў іх рэпертуар — самабытны рэгіянальны фальклор — і настрой саміх выступоўцаў, якія адчувалі важнасць сваёй творчасці. Стала зразумела, што выпускнікі ліцэя не пакінуць яе, калі стануць работнікамі прадпрыемстаў раёна і будуць падтрымліваць работу фальклорных калектываў сваёй малой радзімы.

Людміла Андрэеўна — выпускніца Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча імя Н.К.Крупскай (цяпер — Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў). Калі паступала, вырашыла навучыцца не толькі музыцы, але і танцам, руху, дэкламацыі, таму выбрала спецыяльнасць “Тэатральная рэжысура”. Людміла Андрэеўна і сёння ўзгадвае сваіх выкладчыц — Маргарыту Мікалаеўну Труханаву і Раісу Фёдараўну Куракову, якія так выдатна выкладалі мастацкія дысцыпліны, што падчас вучобы ў інстытуце культуры іх вучаніца не ведала цяжкасцей.

Паміж вучобай у вучылішчы і інстытуце малады рэжысёр паспела правесці 3 гады ў вёсцы Любавічы Жыткавіцкага раёна. Тут працавала загадчыцай клуба.

— Культурны работнік у вёсцы — гэта ўсё і адразу: я танцавала, спявала, збірала хор, — узгадвае Людміла Андрэеўна. — Ды яшчэ і пра матэрыяльны бок трэба клапаціцца! Памятаю, як ледзь не падманам выбівала дошкі — зрабіць агароджу вакол клуба, каб каровы не хадзілі па ганку. А цяпер, калі прыязджаю туды, не налюбуюся на дрэвы, якія сваімі рукамі высадзілі ля клуба.

Вопыт быў карысны, бо малады культработнік знаёмілася з мясцовым фальклорам, збірала аўтэнтычныя песні і выконвала іх разам з калектывам, які сабрала тут жа, сярод мясцовых жанчын.

Людміла Андрэеўна Шруб.

Пасля размеркавання ў Лельчыцы Людміла Андрэеўна амаль 20 гадоў узначальвала раённы Дом культуры. Калі прыехала, не было ні аднаго калектыву. А пасля… Народны ансамбль “Верб­ніца”, мужчынскі народны ансамбль “Лель”, вакальны ансамбль “Крыніца”, клуб “Залаты ўзрост” — пра дасягненні сваіх калектываў мая суразмоўніца можа расказваць бясконца.

Адначасова пачалося творчае супрацоўніцтва з ліцэем. Людміла Андрэеўна дапамагала знаходзіць таленавітых навучэнцаў, ставіць нумары на конкурсы, арганізоўваць канцэрты. Калі вырашыла зменшыць нагрузку, перайшла сюды педагогам-арганізатарам і ў 2009 го­дзе на базе аб’яднання па інтарэсах “Эстрадна-народныя спевы” ства­ры­ла ансамбль “Світанак”.

Няпросты шлях да сцэны

Вопыт Людмілы Андрэеўны цікавы тым, што яна паспела папрацаваць з рознымі дзецьмі і падлеткамі.

— У Доме культуры да мяне прыводзілі дзяцей, якія ўжо праявілі цікавасць ці схільнасць да танцаў, спеваў, тэатральнай дзейнасці, — тлума­чыць педагог. — А ў каледжы навучэнцы вельмі розныя і па здольнасцях, і па ўзроўні матываванасці. Каб трымаць такую ж высокую планку якасці выступленняў, працаваць прыходзіцца значна больш.

Такі творчы выклік і робіць цікавай работу з калектывам. Яшчэ падчас праслухоўвання Людміла Андрэеўна вызначае, які перад ёй “матэрыял”.

— Адзін можа паўтарыць 2—3 гукі, але мае абмежаваны дыяпазон, другі можа пець сваю партыю сольна, але губляецца ў ансамблі, — прыводзіць прыклады мая суразмоўніца.

Зыходзячы з гэтага і плануе навучанне кожнага і агульную падрыхтоўку калектыву. У гэтым дапамагаюць навучэнцы, якія ўжо скончылі ліцэй, але часта наведваюцца на заняткі да любімага педагога. 

Каб матываваць выхаванцаў на доўгую і напружаную працу, Людміла Андрэеўна стараецца знаходзіць у музыцы цікавае і блізкае для кожнага навучэнца, абапіраецца на іх захапленні. Часта для гэтага даводзіцца адыхо­дзіць ад класічных сцэнічных жанраў.

— Я лічу, што педагог дадатковай адукацыі не павінен быць заціснуты ў межы свайго творчага напрамку, — упэўнена Людміла Андрэеўна. — Таму мы займаемся не толькі беларускай песняй. Я даю навучэнцам магчымасць выступаць з эстраднымі нумарамі, рыхтую з імі выступленні агіткаманды. Ахвотна згаджаюся на любыя нестандартныя ініцыя­тывы. Вось Ягор у нас піша і чытае рэп, ужо меў поспех на ліцэйскай сцэне. А Дзяніс і Генадзь, навучэнцы 2 курса, займаюцца паркурам і разам падрыхтавалі да канцэрта акрабатычныя эцюды. Нават у фотаконкурсе мы з хлопцамі ўдзельнічалі.

Пра ліцэй

Першыя 27 навучэнцаў Лельчыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя (тады — СПТВ-70) пачалі займацца ў 1982 годзе — вучыліся кіраваць меліярацыйнымі машынамі. Праз 37 гадоў тут рых­туюць зваршчыкаў, кухараў, вадзіцеляў, трактарыстаў, слесараў-рамонтнікаў, будаўнікоў.

Галоўная каштоўнасць ліцэя — выкладчыкі і майстры. Яны працуюць у каледжы цэлымі сем’ямі, зараджаюцца нават прафесійныя дынастыі. Вабіць абітурыентаў і добрая матэрыяльна-тэхнічная база: машынна-трактарны парк, камп’ютарныя класы, дзе вучаць працаваць з бартавымі камп’ютарамі, кіра­ваць сучаснай тэхнікай.

Для навучэнцаў арганізавана работа 14 аб’яд­нанняў па інтарэсах. Асаблівых поспехаў яны дасягнулі ў спорце. Напрыклад, у мінулым годзе каманда ліцэя перамагла ў ХХV Абласной спартакіядзе навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Наколькі наша суразмоўніца дае вучням свабоду ў творчасці, настолькі ж яна строгая ў пытаннях дысцыпліны, падрыхтоўкі да канцэртаў і фестываляў. Ёсць у яе калектыву два галоўныя правілы, якія нельга парушыць ні аднаму з навучэнцаў: калі нешта не атрымалася, нельга смяяцца з іншага і апус­каць рукі самому. Устаноўка педагога — спрабаваць зноў і зноў.

— Зараз, напрыклад, развучваем песню на тры галасы, — расказвае яна. — Для нас гэта сур’ёзнае выпрабаванне, бо калектыў у гэтым годзе ледзь не цалкам абнавіўся: удзельнікі мінулага складу скончылі ліцэй, а сярод першакурснікаў рэдка знойдзеш навучэнца з музычнай падрыхтоўкай. Усіх вучыла з нуля.

Край фалькларыстаў

У такіх умовах вельмі важна ўдала падабраць рэпертуар. Людміла Андрэеўна робіць стаўку на песні Лельчыцкага краю з урыўкамі мясцовых абрадаў, падбірае аўтарскія творы. Добра выхаванцам даюцца жартаўлівыя песні: яны дапамагаюць знімаць напружанне падчас доўгай рэпетыцыі, прывыкаць да сцэны. Вельмі цэняцца ў калектыве песні, падслуханыя навучэнцамі ў родных вёсачках, у сваіх бабуль.

— Лельчыцкая зямля багатая на традыцыі, тут праводзяцца аўтэнтычныя абрады “Чырачка” і “Жаніцьба коміна”, вядомыя на ўсю краіну,  — тлума­чыць педагог. — Таму мы рыхтуем цэлыя даследаванні.  Правялі, напрыклад, этнаграфічную экспедыцыю, каб даследаваць арнамент мясцовага ручніка, а таксама пазнаёміцца з песнямі, паданнямі нашай малой радзімы.

Навучэнцы-вяскоўцы добра ве­даюць традыцыі сваёй зямлі, рас­туць сярод гэтай культуры з дзяцінства, таму вельмі арганічна глядзяцца ў народных строях, добра адчуваюць настрой фальклорных песень. Людміла Андрэеўна зноў прыводзіць у прыклад аднаго з выхаванцаў:

— Вось Антон родам з вёскі Любляны. Там знаходзіцца знакаміты Дом культуры, у якім працуе цэлая дынастыя выдатных фалькларыстаў. Там ён займаўся народнымі танцамі, інсцэніроўкамі абрадаў гэтай мясцовасці. А калі паступіў да нас у ліцэй, адкрыў у сабе яшчэ адзін талент — стаў спяваць.

— Максім, наш выпускнік, спявае першую партыю, — расказвае пра свае прыёмы Людміла Андрэеўна. — А ў Дзімы ёсць усе вакальныя здольнасці, каб яе выкон ваць, ды ён толькі ў гэтым годзе прыйшоў у ансамбль і яшчэ толькі пачынае вучыцца. Я стаўлю іх побач, каб старэйшы кіраваў малодшым. І Дзіма вучыцца намнога хутчэй.

Навакольныя калектывы для ансамбля — падтрымка і крыніца натхнення. Людміла Андрэеўна абменьваецца ідэямі, рэпертуарам і нават касцюмамі з кіраўнікамі народнага ансамбля “Лагада”, Ліпнянскага сельскага дома культуры, заслужанага аматарскага калектыву “Тураўскі хор”, народнага ансамбля танца “Прыпяць”. Гэтае супрацоўніцтва дапамагае нашай гераіні расці як рэжысёру і выканаўцы.

А каб развівацца як настаўніку, Людміла Андрэеўна нядаўна падала дакументы на атрыманне педагагічнай адукацыі. Смяецца, што ўсё жыццё была так занятая навучаннем, што скончыць яшчэ і педагагічны ўніверсітэт проста не паспела. Пасля знаёмства з гэтай актыўнай і працавітай жанчынай не сумняваюся, што і гэтае жаданне яна ажыццявіць.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.