З крэатыўным пачаткам

Сёлетняя Рэспубліканская алімпіяда па беларускай мове і літаратуры прайшла на базе Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа, гаспадары якога паклапаціліся пра стварэнне спрыяльных і камфортных умоў для работы і адпачынку ўдзельнікаў і журы гэтых інтэлектуальных спаборніцтваў. Прадэманстраваць свае веды і лепшыя якасці з усіх куточкаў Беларусі з’ехаліся адзінаццацікласнікі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі новага тыпу, гарадскіх і сельскіх школ, — усяго 31 чалавек.

Абсалютная пераможца алімпіяды навучэнка 11 класа Яна Гарэлікава.

Па выніках алімпіяды адзінаццацікласнікі заваявалі 14 дыпломаў, сярод якіх тры — І ступені, чатыры — ІІ ступені і сем — ІІІ ступені. Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі Яна Гарэ­лікава са Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці (настаўніца Н.В.Гарэлікава), Ілона Мішчук з гімназіі № 8 Віцебска (настаўніца А.Д.Бажэлка, трэнер Л.Я.Лукашэнка) і Альгерд Клімовіч з Ліцэя БДУ (настаўнікі Н.Я.Краўцэвіч, М.М. Казлоўская).

Спецыяльным прызам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “За арыгінальнасць інтэрпрэтацыі мастацкага твора” ўзнагароджана Дар’я Маргунова, вучаніца 11 класа Язерскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Абсалютнай пераможцай алім­піяды стала выпускніца Свенскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна Яна Гарэлікава. Па словах дзяўчыны, любоў да беларускай мовы і літаратуры прывіла ёй мама Ніна Васільеўна Гарэлікава, якая, дарэчы, працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў той жа школе і рыхтавала дачку да спаборніцтваў. Яна з 4 класа ўдзельнічае ў алімпіядным руху, з 9 класа ўпершыню паспрабавала свае сілы ў рэспубліканскай алімпіядзе. Летась узяла дыплом на абласным этапе гэтых спаборніцтваў. А вось сёлета сабрала ўсе сілы і заняла 1-е месца на заключным этапе. Да перамогі прывялі штодзённыя 2-3-гадзінныя заняткі роднай мовай і літаратурай.

“Высокія дасягненні — вынік доўгай карпатлівай працы над сабой, падтрымка педагогаў і адна­класнікаў, — адзначыла Яна. — Лічу, што не трэба сядзець на адным месцы і чакаць, галоўнае — жаданне развівацца і імкнуцца да чагосьці новага, цікавага”.

Дзяўчыне вельмі падабаецца творчасць Яўгеніі Янішчыц, якая пісала пранікнёна і кранальна, у яе паэзіі шмат чыстага, светлага, сапраўднага. Акрамя гэтага, Яна захапляецца спортам: валейболам і лёгкай атлетыкай. Куды бу­дзе паступаць, канчаткова не вызначылася. Магчыма, гэта будзе філалагічны факультэт ці факультэт міжнародных адносін (спецыяльнасць “Мытная справа”). А беларуская мова абавязкова спатрэбіцца, бо, як лічыць дзяўчына, сорамна жыць у Беларусі і не ведаць роднай мовы.

Сёлета алімпіяда складалася з 2 тураў: напісання водгуку на мастацкі твор і комплекснай работы па беларускай мове і літаратуры.

“У першым туры спаборніцтваў навучэнцам неабходна было напісаць водгук на верш А.Пысіна “Лёс даступны быў усім вятрам…”, — расказаў намеснік старшыні журы алімпіяды, начальнік упраўлення маніторынгу якасці адукацыі, навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслаў Іванавіч Караткевіч. — Нездарма распрацоўшчыкамі быў выбраны менавіта гэты твор, бо сёлета адзначаецца 100-гадовы юбілей паэта. Верш прысвечаны сяброўству, пачуццю таварыскасці. У прынцыпе, вучні добра справіліся з аналізам гэтага твора, праўда, некаторыя з іх прадэманстравалі не вельмі высокую пісьменнасць. Многія а­дзінаццацікласнікі паказалі добры чытацкі вопыт, эрудыцыю, кругагляд, разглядалі твор у кантэксце не толькі беларускай літаратуры, але і сусветнай, параўноўвалі з уласнай творчасцю, што таксама вельмі цікава.

 Другі тур заключнага этапу алімпіяды — комплексная работа. Яна ўключала 10 заданняў, з якіх 7 — заданні лінгвістычнага характару і 3 — літаратуразнаўчага. Яны былі цікавымі, арыгінальнымі, творчымі. Напрыклад, удзельнікам спаборніцтваў была прапанавана байка У.Корбана “Музейны экспанат”, трэба было вызначыць, якой яе часткі не хапае, і дапісаць яе, захаваўшы рытм, рыфму. Вучні вельмі добра справіліся з гэтым заданнем, прадэманстраваўшы высокія вынікі. Яшчэ адно цікавае заданне па літаратуры: з радкоў верша М.Аўрамчыка вызначыць прозвішчы паэтаў па імёнах і імёнах па бацьку. Не ўсе вучні справіліся з гэтым заданнем. Мала хто пазнаў Міхася Лынькова. Таксама навучэнцам прапаноўвалася па фактычна старых азначэннях пачатку ХХ стагоддзя (паводле М.Гарэцкага) пазнаць той ці іншы літаратуразнаўчы тэрмін. Гэтае заданне, з аднаго боку, пашырае кругагляд школьнікаў, а з іншага — вызначае ўменне не толькі слепа бачыць пэўны літаратуразнаўчы тэрмін, а і разумець яго сутнасць.

 Што тычыцца лінгвістычных заданняў, то яны таксама былі не зусім традыцыйнымі. У першым заданні вучням былі прадстаўлены малюнкі, схемы і трэба было па іх да слова “хадзіць” падабраць прыстаўкі. Гэтае заданне можна прылічыць да так званых PISA-падобных заданняў, бо ты мусіш атрымліваць інфармацыю не толькі з тэксту, але і спрабуеш ператварыц­ь малюнак у тэкст і атрымаць інфармацыю з усёй сукупнасці таго, што бачыш. Вучням былі прапанаваны заданні, звязаныя з арфаграфіяй, лексікай, фразеалогіяй. Напрыклад, адно з заданняў — скласці слоўнік камп’ютарных тэрмінаў: былі да­дзены пэўныя словы і словазлучэнні, і неабходна было даць іх азначэнні. Здаецца, што ўсе мы ведаем, што такое вірус, а вось даць апісанне, зразумелае ўсім, часам выклікае цяжкасці.

Калі гаварыць аб узроўні падрыхтоўкі вучняў, то ён розны. Хтосьці з дзяцей больш ведае літаратуру, хтосьці — мову, аднак адназначна ўсе дзеці творчыя, з крэатыўным пачаткам. З творчымі заданнямі яны вельмі паспяхова справіліся. Ёсць сапраўды вельмі моцныя вучні, якія і сталі пераможцамі. Яны набралі са 100 магчымых больш за 90 балаў.

Звяртаючыся да педагогаў, якія рыхтуюць вучняў да алімпіяды, хочацца падкрэсліць, што гэтая праца павінна быць сістэмнай. Практыка паказвае, што там, дзе ёсць сістэма, ёсць поспех”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.