З крэатыўнымі ідэямі да новых дасягненняў

Сёлетні навучальны год для Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці выдаўся дастаткова выніковым. Пра поспехі навучэнцаў і педагогаў, цікавыя эксперыментальныя і інавацыйныя праекты, над якімі працуюць педагагічныя калектывы, расказвае госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іўеўскага райвыканкама Алена Мікалаеўна ХОМКА.

— Каманда нашага раёна штогод займае прызавыя месцы на абласным і заключным этапах Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дадзены навучальны год не стаў выключэннем. У нашай скарбонцы — сем месцаў на абласным этапе і тры на заключным (дзевяцікласніца гімназіі № 1 Іўя Настасся Клябека ўдастоена дыплома І ступені па біялогіі, навучэнец 11 класа Іўеўскай сярэдняй школы Юрый Свістун — дыплома ІІ ступені па інфарматыцы, дзесяцікласніца Геранёнскай сярэдняй школы Жанна Станкуць — дыплома ІІІ ступені па біялогіі).

Павысілася выніковасць удзелу вучняў у Абласным конкурсе даследчых работ “Крышталёвая Альфа”. У 2017 годзе заваяваны тры трэція месцы (Юрацішкаўскі яслі сад — сярэдняя школа, Лелюкінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Іўеўская сярэдняя школа), у 2016 годзе — 1.

Праект “Плеценае кашпо “Кветкавы заапарк”, створаны ўдзельнікамі вучэбнай бізнес-кампаніі “Крок за крокам” пад кіраўніцтвам настаўніцы Геранёнскай сярэдняй школы А.Я.Карпыза па выніках Рэспубліканскага конкурсу школьных бізнес-ідэй, адзначаны спецыяльным падарункам і прадстаўляўся на выставе работ пераможцаў і ўдзельнікаў Нацыянальнага конкурсу “Прадпрымальнік года” (2017), рэспубліканскай канферэнцыі “Крэатыўная эканоміка — выклік часу. Інавацыйныя падыходы і метады работы з адоранымі навучэнцамі. Праектная дзейнасць устаноў”.

XIII Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” прынёс чарговую перамогу дашкольнаму цэнтру развіцця дзіцяці Іўя. Электронны адукацыйны рэсурс “Речевичок” (аўтары — настаўнікі-дэфектолагі В.М.Лось і М.І.Пракопчык) адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “ЭАР у спецыяльнай адукацыі”.

Маладыя спецыялісты ўнеслі важкі ўклад у скарбонку дасягненняў педагогаў у бягучым навучальным годзе. Пераможцай у намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе” ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Творчасць маладых педагогаў” стала настаўніца пачатковых класаў Эйгердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы В.І.Сельская. На абласным фестывалі “Мастацтва зносін: уздзеянне — узаемадзеянне — поспех” дыплом у намінацыі “Творчае ўзаемадзеянне з залай” атрымала І.П.Сафронава (Эйгердаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа).

— Над якімі праектамі сёлета працуюць калектывы?

— У бягучым годзе на базе 5 устаноў адукацыі рэалізоўваюцца 4 эксперыментальныя праекты Міністэрства адукацыі: апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнай галіны “Мастацтва” (выяўленчая дзейнасць) вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі (ДЦРД Іўя), апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі (Іўеўская сярэдняя школа), апрабацыя тэхналогіі фарміравання канфлікталагічнай кампетэнтнасці суб’ектаў адукацыйных адносін у межах дзейнасці школьных служб медыяцыі і вырашэння канфліктаў (Лелюкінскі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Суботніцкая сярэдняя школа), апрабацыя мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці ў навучэнцаў у межах дзейнасці ўстановы адукацыі як сацыякультурнага цэнтра (Ліпнішкаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа). У 4 установах ажыццяўляецца рэалізацыя 4 інавацыйных праектаў Міністэрства адукацыі: укараненне мадэлі фарміравання прадпрымальніцкай культуры навучэнцаў праз арганізацыю сеткавых бізнес-суполак (Геранёнская сярэдняя школа), укараненне арганізацыйна-метадычнага забеспячэння праграм духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў 10—11 класаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа (Бакштаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму (Юрацішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа), развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў (законных прадстаўнікоў) навучэнцаў (Бабровіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа). Назапашаны інавацыйны вопыт трансліраваўся на Абласным конкурсе метадычных матэрыялаў па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў, дзе распрацоўка бацькоўскага сходу “Маральныя ўрокі сям’і — законы жыцця для дзіцяці” (аўтар Т.Э.Шмык, класны кіраўнік Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы) адзначаны дыпломам ІІ ступені.

— Якія напрамкі работы найбольш запатрабаваны ў шосты школьны дзень?

— Ва ўсіх установах адукацыі раёна створаны праграмы па арганізацыі шостага школьнага дня з улікам патэнцыялу сацыякультурнай сферы і магчымасцей удзелу ўсіх зацікаўленых. Каардынатарам арганізацыі шостага школьнага дня выступае Іўеўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які прадастаўляе разнастайны спектр адукацыйных паслуг, што рэалізоўваюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах розных профіляў.
Вучні ахвотна наведваюць установы адукацыі ў суботу. Найбольш запатрабаваны сярод школьнікаў правядзенне турысцка-экскурсійнай работы і культурна-забаўляльных і спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел вучні сумесна з бацькамі.

— А як павышаюць прафесійны ўзровень педагогі раёна ў міжкурсавы перыяд?

— Для метадычнага суправаджэння педагогаў створана структурна-функцыянальная сетка метадычнай службы, якая ўключае 65 раённых метадычных фарміраванняў. Сёлета метадычная падтрымка педагогаў ажыццяўлялася праз дзейнасць 12 мэтавых сеткавых суполак, сярод якіх “МС Іўе — рэгіён” — для намеснікаў дырэктараў, загадчыкаў, кіраўнікоў раённых метадычных фарміраванняў (мадэратар Т.В.Бакуновіч), “Церамок” — для педагогаў дашкольнай адукацыі (мадэратар Т.І.Шумакова), “ЭкаГрад” — для настаўнікаў хіміі, біялогіі, геаграфіі (мадэратар Г.Я.Шукава), “Падарожжа ў сусвет” — для настаўнікаў, якія выкладаюць прадмет “Мастацтва” (мадэратар Т.Ч. Журко), і інш.

Работа з кіраўніцкімі і педагагічнымі кадрамі ў міжкурсавы перыяд ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з установамі дадатковай адукацыі дарослых. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юрацішкаўскага ясляў сада — сярэдняй школы Н.У.Сілюк прайшла атэстацыю на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, а таксама ўвайшла ў склад рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, што дазволіла ўжо сёлета арганізаваць ёй майстар-класы для настаўнікаў Столінскага, Лідскага раёнаў, правесці заняткі з настаўнікамі ў Гродзенскім абласным ІРА і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

— Якія праблемы хвалююць вас як кіраўніка сёння? Якія задачы ставіце на перспектыву?

— Безумоўна, ёсць у нас і праблемы, над якімі трэба працаваць. Так, актуальным застаецца забеспячэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі кваліфікаванымі кадрамі. Нягледзячы на павелічэнне працэнта педагогаў з вышэйшай адукацыяй, паказчык значна ніжэйшы за абласны.

На працягу некалькіх гадоў нізкімі з’яўляюцца паказчыкі забяспечанасці камп’ютарнай тэхнікай рабочага месца настаўніка і навучэнца. Не назіраецца станоўчай дынамікі па скарачэнні сацыяльнага сіроцтва. У 2017 годзе 5 дзяцей набылі статус дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, у выніку пазбаўлення бацькоўскіх правоў. У 2016 годзе — 1 дзіця.

Задач перад намі стаіць шмат. Асноўнымі з іх лічу неабходнасць працаваць над павышэннем якасці і бяспекі адукацыйнага працэсу, выхаваннем асобы навучэнца.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *