З лёгкасці і даверу нараджаецца ўпэўненасць

- 14:38"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Стварыць студыю бальнага танца ў каледжы, дзе вучацца адны хлопцы, — ідэя, пагадзіцеся, смелая і нестандартная. Але, калі падумаць, менавіта ў такой установе неабходна вучыць этыкету, ветлівасці, этыцы ўзаемаадносін.

Студыя спартыўна-бальнага танца Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага не толькі паспяхова працуе ўжо 15 гадоў, але і паказвае выдатныя вынікі на фестывалях і конкурсах. Так, на Рэспубліканскім фестывалі “Арт-вакацыі” яе выхаванцы атрымалі дыплом І ступені. Пра свой падыход да навучання тонкаму мастацтву танца расказала кіраўнік студыі Іна Паўлаўна Селязнёва — сённяшні герой рубрыкі “Галерэя творцаў”, сумеснага праекта Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”.

Гісторыя Іны Паўлаўны падобна на казку ці галівудскі фільм. Па класічным сюжэце, на свой першы ўрок танцаў яна прыйшла “за кампанію” — падтрымаць сяброўку, якая саромелася апынуцца адна ў незнаёмым калектыве. У выніку сяброўцы заняткі не спадабаліся, а Іна Паўлаўна палюбіла танец і засталася там. Усяго праз месяц да яе ў пару паставілі чалавека, з якім наканавана было пражыць (чытай — пратанцаваць) усё жыццё, будучага мужа. Што гэта, калі не чараўніцтва?

— Па адукацыі я фізік, выкладаю ў каледжы курс “Аб’ёмнае мадэляванне аўтамабільных канструкцый”, — працягвае свой расказ Іна Паўлаўна і, заўважыўшы маю збянтэжанасць, дадае: — Гэта толькі гучыць так страшна. Я проста вучу чарціць дэталі машыны ў 3D пры дапамозе камп’ютарнай праграмы “Аўтакад”.

Гісторыя танцавальнай студыі ў каледжы пачалася, калі Іну Паўлаўну папрасілі спярша выканаць танец падчас акцыі супраць СНІД, пасля — дапамагчы навучэнцам паставіць вальс для канцэрта. Калі ўбачылі іх зацікаўленасць, вырашылі арганізаваць пастаянныя заняткі.

Алена ЛАЎРЫНОВІЧ, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ:

Кожнае выступленне студыі спартыўна-бальнага танца ў гала-канцэрце Рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі” выклікае захапленне ад танцавальнага відовішча, экспрэсіі і тэхнікі выканання. Складана паверыць, што на сцэне — навучэнцы, якія валодаюць рабочымі прафесіямі.

Дзейнасць Іны Паўлаўны дэманструе важнасць асобы кіраўніка ў рабоце аматарскага калектыву, харызмы і творчай індывідуальнасці педагога.


Сёння Іна Паўлаўна вучыць танцаваць лаціна-амерыканскую праграму (самбу, румбу, джайв, ча-ча-ча, пасадобль), эстрадныя танцы (дыска-мамбу, мерэнгу, элементы сальсы), а таксама павольны і венскі вальс, танга, факстрот. У шоу-праграмы звычайна дадае элементы падтрымак, якія робяць выступленні больш відовішчнымі.

Зараз на базе каледжа займаюцца 3 групы. У адной першакурснікі “з нуля” вучацца рухацца, трымаць паставу, выконваць базавыя элементы. Калі праз год ці два выхаванцы паказваюць добрыя вынікі, пару пераводзяць у студыю, якая рыхтуе нумары для канцэртаў і абараняе гонар каледжа на конкурсах. Трэцяя група — сола-лаціна для дзяўчынак. Зараз у Іны Паўлаўны займаюцца каля 30 навучэнцаў.

Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага — адзін з найстарэйшых каледжаў Беларусі. Ён узнік у пасляваенным Мінску ў 1945 годзе.

Зараз каля 2000 навучэнцаў каледжа рыхтуюцца стаць тэхнікамі-механікамі, аўтамеханікамі, механікамі-электронікамі. Для гэтага тут працуе рэсурсны цэнтр з лабараторыямі электронных сістэм, дыягностыкі, паліўнай апаратуры. Вольны час выхаванцы праводзяць у спартыўных секцыях і шматлікіх аб’яднаннях па інтарэсах, сярод якіх і студыя спартыўна-бальнага танца.

Каледж быў адзначаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.


— Дзяцей сёння вельмі складана нечым зацікавіць, — гаворыць выкладчык. — Мы прыцягваем добрым настроем, пазітывам. На занятках я імкнуся стварыць настрой: жартую, магу прыструніць, але таксама з гумарам, несур’ёзна. Заўважыла, што спярша падлеткі прыходзяць не столькі за ўрокамі танца, колькі за сяброўскай атмасферай.

Тут маёй суразмоўніцы прыйшоў на памяць цікавы выпадак. Калі яна толькі пачынала выкладаць танцы, студыяй зацікавіўся адзін з супрацоўнікаў адміністрацыі каледжа. Ён таксама стаў наведваць заняткі, рабіў першыя поспехі і атрымліваў вялікае задавальненне. Ды Іна Паўлаўна заўважыла, як страчваецца прывычная атмасфера лёгкасці, несур’ёзнасці: навучэнцы саромеліся новага “аднагрупніка”, баяліся пажартаваць ці сказаць нешта недарэчнае. Каб выратаваць настрой, ад заняткаў з дарослым прыйшлося адмовіцца. Настолькі важна было захаваць лёгкасць і нязмушанасць.

У танцы, на думку Іны Паўлаўны, галоўнае — паспрабаваць. Калі яна расказвае пра студыю першакурснікам, часта чуе: “Мы на балет не пойдзем”. Прыходзіцца тлумачыць, што такое бальны танец, і абавязкова запрашаць на першыя заняткі — “проста паглядзець”. Варта хлопцам зрабіць некалькі рухаў — і яны застаюцца ў студыі.

Знайсці пару для кожнага навучэнца дапамагае сарафаннае радыё: хтосьці з выкладчыц прыводзіць на заняткі сваю дачку, яна — сяброўку, сяброўка — яшчэ сяброўку. Пакуль ні адзін кавалер не застаўся без партнёркі, але скласці хлопцаў і дзяўчат у пары — цэлае мастацтва.

— Як паказвае практыка, фразы “Кавалеры запрашаюць дам” ці “Дамы запрашаюць кавалераў” першы час не працуюць, — са смехам расказвае Іна Паўлаўна. — Пакуль сама за руку не падвяду адно да аднаго, яны будуць маўчаць і саромецца. Першы час я пастаянна мяняю людзей паміж парамі, каб яны паспрабавалі патанцаваць з рознымі партнёрамі. У выніку ўжо праз месяц, калі я прапаную кавалерам выбраць сабе партнёрку, кожны бяжыць хутчэй за той дзяўчынкай, з якой яму зручна, каб ніхто іншы не забраў!

Пасля, як прызнаецца выкладчык, пачынаюцца і асабістыя сімпатыі паміж выхаванцамі. Бальныя танцы вучаць строіць узаемаадносіны ў пары: слухаць і паважаць партнёра, давяраць. Прыклад падае і сям’я Іны Паўлаўны: муж заўсёды дапамагае з пастаноўкай чарговага танца. Добра ўплываюць на навучэнцаў выпускнікі каледжа, якія і цяпер прыходзяць на заняткі. Падчас работы студыі сфарміравалася ўжо дзве сям’і. У такім узросце малодшыя заўсёды цягнуцца да старэйшых, таму, назіраючы за іх зносінамі, пераймаюць правільныя мадэлі паводзін у пары.

Таксама танец надае ўпэўненасці ў сабе і камунікабельнасці, бо першае, з чым прыходзіцца змагацца — псіхалагічныя заціскі навучэнцаў.

— Я стараюся падбадзёрваць, заўважаю добра выкананыя элементы, — дзеліцца сваёй стратэгіяй Іна Паўлаўна. — Тлумачу, што калі нешта не атрымалася, то абавязкова атрымаецца наступны раз. Страх сцэны ёсць ва ўсіх, таму я абяцаю выхаванцам, што ніколі не выстаўлю пару выступаць перад публікай, пакуль абодва партнёры псіхалагічна не будуць гатовы.

Здзіўляюся, як такі мяккі педагог дысцыплінуе выхаванцаў? Навучэнцы, адчуваючы давер Іны Паўлаўны, самі становяцца адказнымі і імкнуцца не падводзіць свайго кіраўніка, таму сур’ёзна ставяцца да рэпетыцый, сумленна рыхтуюцца да выступленняў.

— Самае запамінальнае выступленне — фінал фестывалю “Арт-вакацыі”, які праходзіў у канцэртнай зале “Мінск”, — згадвае выкладчык. — У калектыве тады быў вельмі моцны склад, а сама падрыхтоўка была такая душэўная: недзе мітуслівая, недзе святочная. Навучэнцы вельмі хваляваліся і ганарыліся: да такой вялікай пляцоўкі дараслі!

Свае гісторыі заняткаў у студыі расказалі выхаванцы Іны Паўлаўны Кірыл Шчатко і Паліна Янушко.

На 3 курсе Кірыл быў на мяжы адлічэння: нахапаў дрэнных адзнак і прапусціў шмат заняткаў. Ужо ў кабінеце дырэктара даць яму другі шанс разам з маці прасіла Іна Паўлаўна: хлопец займаўся ў яе з 1 курса, а з 2-га пачаў сур’ёзна цікавіцца танцамі і добра паказваў сябе.
— Больш за ўсё люблю вальс і танга — на мой погляд, гэта вельмі тэхнічныя танцы і выглядаюць яны вельмі прыгожа, — заўважыў Кірыл.

Магчымасць выправіць свае памылкі яму далі. Якраз напярэдадні свайго 18- годдзя хлопец здаў апошнія залікі і змог застацца ў каледжы. Зараз, на апошнім курсе, ён адзін з лепшых у групе і атрымлівае павышаную стыпендыю. Пасля заканчэння студыі плануе працягваць танцаваць.

А вось Паліна танцуе ўжо 7 гадоў, яна даўно скончыла каледж і працуе, але па-ранейшаму наведвае рэпетыцыі, каб проста расслабіцца і забыць пра штодзённы клопат. Расказваючы пра студыю, яна, на дзіва, таксама апісвае менавіта атмасферу заняткаў:
— Там усе цябе разумеюць і падтрымліваюць, а Іна Паўлаўна мае талент заўважаць, калі ў кагосьці праблемы ці складанасці — адразу распытвае і, калі трэба, дае параду. Гэта вельмі дапамагае перад выступленнем: яна заўсёды знаходзіць правільныя словы, каб дапамагчы справіцца з хваляваннем.


Каб выхаванцы ўмелі рэагаваць і на перамогі, і на паражэнні, кіраўнік, на думку Іны Паўлаўны, павінен сам валодаць сваімі пачуццямі, бо вучні будуць глядзець на яго перажыванні. А калі раптам да кагосьці завітае “зорная хвароба”, выкладчык прапануе выставіць пару з танцам на турнір: калі яна пабачыць свае прозвішчы ў канцы спіса, зразумее, як шмат яшчэ трэба вучыцца.

З наведвальнікамі студыі я пазнаёмілася падчас рэпетыцыі. Яны ахвотна адказвалі на пытанні, жартавалі (хаця я прывыкла, што ў прысутнасці журналістаў навучэнцы часта губляюцца), з азартам падбіралі позы для агульнага фотаздымка. Бачна было, што яны не баяцца памылак, умеюць клапаціцца адно пра аднаго і, як самі дадалі, на рэпетыцыі не вучацца, не працуюць, а менавіта адпачываюць!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з асабістага архіва І.П.Селязнёвай.