З любімымі гаджэтамі і без недахопаў у ведах

— Сёння работу педагога складана ўявіць без выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якія дазваляюць па-новаму будаваць вучэбныя заняткі, праводзіць пазакласныя мерапрыемствы, — адзначае настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 35 Мінска Надзея Андрэеўна Мілашэўская. — Тэмпы прагрэсу лічбавых тэхналогій уражваюць і абавязваюць нас рухацца ўсё з большым паскарэннем. І ў гэтай сітуацыі вельмі актуальныя словы Кэрала: “Каб стаяць на месцы, варта ўвесь час бегчы, а каб рухацца наперад, трэба бегчы значна хутчэй”.

Выкарыстанне ІКТ у рабоце з малодшымі школьнікамі дазваляе настаўніцы зрабіць адукацыйны працэс яркім і інфарматыўным, лепш зразумець навучэнцаў, развіць іх пазнавальныя здольнасці, ацаніць веды, шукаць новыя, нетрадыцыйныя формы і метады навучання.

Як лічыць Н.А.Мілашэўская, школа — частка грамадства, у ёй, як у кроплі вады, адлюстроўваюцца тыя ж праблемы, што і ва ўсёй краіне. І калі ў штодзённым жыцці іх вырашаюць дарослыя, ужо сфарміраваныя людзі, то ў школе такія ж пытанні стаяць перад дзецьмі, якія не маюць уласных маральных каштоўнасцей, псіхалагічных установак. Безумоўна, гэта сказваецца на адносінах дзяцей да вучобы, на фарміраванні ў іх агульнавучэбных навыкаў і якасцей характару, неабходных для паспяховага засваення ведаў, развіцця інтэлектуальных здольнасцей. І вельмі важна арганізаваць працэс навучання так, каб дзіця актыўна, з захапленнем і цікавасцю працавала на ўроку, бачыла вынікі сваёй працы і магло іх ацаніць.

Сёння, калі ўжо дзеці дашкольнага ўзросту з лёгкасцю арудуюць гаджэтамі, Надзея Андрэеўна лічыць важным навучыць кожнае дзіця, якое пераступіла парог школы, за кароткі прамежак часу знаходзіць, пераўтвараць і выкарыстоўваць у сваёй практычнай дзейнасці вялізныя патокі інфармацыі, развіць у малодшых школьнікаў камунікатыўныя навыкі, якія дазволяць у тым ліку і абменьвацца інфармацыяй з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў навучання.

Як прыгадвае Надзея Андрэеўна, яна асвоіла камп’ютар яшчэ ў студэнцкія гады. Дарэчы, і дыпломная работа была прысвечана распрацоўцы тэставых заданняў для навучэнцаў пачатковых класаў. У рабоце з малодшымі школьнікамі настаўніца пачала выкарыстоўваць камп’ютар больш за дзесяць гадоў назад са стварэння мультымедыйных прэзентацый, якія дазволілі зрабіць вучэбныя заняткі відовішчнымі, запамінальнымі, павысіць актыўнасць навучэнцаў і цікавасць да матэрыялу, які вывучаеца, за кошт уключэння ў працэс пазнання шырокага кола аналізатараў.

— Прымяненне колеру, графікі, гуку, сучасных сродкаў відэатэхнікі дазваляе мадэляваць розныя сітуацыі, развіваючы пры гэтым творчыя і пазнавальныя здольнасці дзяцей, — заўважае Н.А.Мілашэўская.

Знаёмства малодшых школьнікаў з камп’ютарам ажыццяўляецца настаўніцай і ў працэсе выкарыстання гатовых электронных сродкаў навучання — трэнажораў, вучэбных гульнявых, навучальных і кантралюючых праграм.

Першапачатковыя навыкі работы на камп’ютары вучні Надзеі Андрэеўны атрымліваюць на факультатыўных занятках “Развіццёвая інфарматыка”, замацоўваюць веды, атрыманыя на іншых уроках. Працуючы ў графічным рэдактары Paint, малодшыя школьнікі замацоўваюць веданне колераў, геаметрычных фігур, паслядоўнасць лічбаў і многае іншае. Робячы першыя крокі ў праграме Power Point, навучэнцы ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі, выконваюць творчыя і даследчыя праекты. Пры гэтым настаўніца добра разумее, што мэта школы не ў тым, каб навучыць дзяцей працаваць на тым ці іншым камп’ютары. Дзіця, якое сёння прыйшло ў клас, праз дзесяць гадоў убачыць на сваім рабочым месцы камп’ютар, які зараз нават складана ўявіць.Таму неабходна навучыць школьніка карыстацца камп’ютарам у прынцыпе.

Больш за шэсць гадоў назад у класе, дзе працуе педагог, з’явілася інтэрактыўная дошка — незаменны памочнік Надзеі Андрэеўны. Педагог прымяняе яе на самых розных этапах урока ў залежнасці ад мэт і задач, ад формы і віду правядзення вучэбных заняткаў. Настаўніца ўносіць у працэс навучання элементы імправізацыі, патрэбныя каментарыі хутка з’яўляюцца зверху падрыхтаваных матэрыялаў, відэасюжэтаў. Таксама педагог выкарыстоўвае магчымасць захоўваць і друкаваць створаныя на ўроку запісы і пасля праглядаць іх на камп’ютары.

— У выніку працэс навучання ператвараецца ў захапляльную гульню. У работу ўключаюцца зрокава-тактыльныя адчуванні, тое, што дзіця бачыць, замацоўваецца яшчэ і рукамі, таму матэрыял лепш запамінаецца. Акрамя таго, настаўніку няма неабходнасці не толькі захоўваць, але і рыхтаваць вялікую колькасць нагляднасці ў папяровым варыянце. Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі прадастаўляе магчымасці нагляднай падачы матэрыялу, хуткага пошуку дадатковай інфармацыі (пры прамым выхадзе ў інтэрнэт), творчага падыходу да правядзення вучэбных заняткаў, — расказвае Н.А.Мілашэўская.

Аснашчэнне вучэбнага кабінета інтэрактыўнай дошкай, праектарам дало магчымасць выкарыстання сеткі інтэрнэт непасрэдна на вучэбных занятках, а таксама вывучэння і выкарыстання сэрвісаў Web 2.0. Сярод іх — LearningApps.org, што з’яўляецца дадаткам для падтрымкі навучання з дапамогай інтэрактыўных модуляў. Дзякуючы гэтаму сэрвісу настаўніца стварае заданні рознага тыпу: віктарыны, тэсты, гульні “Хто хоча стаць мільянерам?”, “Словы з літар” і іншыя за нязначны прамежак часу, а інтэрактыўная форма садзейнічае павышэнню матывацыі навучэнцаў да прадмета. Таксама платформа змяшчае дзясяткі тысяч ужо гатовых заданняў, якія таксама прымяняе педагог.

Сёння Надзея Андрэеўна ў рабоце са сваімі трэцякласнікамі актыўна выкарыстоўвае магчымасці адукацыйнай платформы EFFOR.BY, якая ўяўляе сабой комплекс інфармацыйных рэсурсаў і сэрвісаў, мабільных дадаткаў і методыку іх выкарыстання для навучання.

Па словах Н.А.Мілашэўскай, асноўнымі карыстальнікамі гэтай адукацыйнай платформы з’яўляюцца навучэнцы, бацькі і настаўнікі. Вучні выконваюць заданні вучэбных і развіццёвых анлайн-курсаў, выяўляюць і ліквідуюць недахопы ў ведах, атрымліваюць бонусы за намаганні. Бацькі адбіраюць падыходзячыя прадметы, факультатывы, развіццёвыя курсы, матывуюць сваіх дзяцей, ажыццяўляюць кантроль іх работы на сайце, со-чаць за ходам і вынікамі навучання. Настаўнік за кароткі час можа якасна падрыхтавацца да вучэбных заняткаў, атрымаць прэзентацыю, раздатачныя вучэбна-метадычныя матэрыялы, арганізаваць навучанне з дапамогай планшэтаў і камп’ютараў у школе, а таксама самастойную работу дома.

Інструменты, якія прапаноўвае настаўніку адукацыйная платформа EFFOR.BY, простыя ў асваенні. Спачатку педагог рэгіструецца на сайце, а затым літаральна за некалькіх хвілін можа асвоіць магчымасці падрыхтоўкі да ўрока. Калі рэгістрацыя настаўніка і вучняў пройдзена, навучэнцы могуць выконваць заданні па ўсіх прадметах сваёй паралелі, пры гэтым захоўваецца інфармацыя аб выкананых заданнях, дапушчаных памылках, будуецца індывідуальная траекторыя навучання.

— Важным прынцыпам работы на платформе EFFOR.BY з’яўляецца методыка яе выкарыстання, заснаваная на тэхналогіі выяўлення і ліквідавання недахопаў у ведах навучэнцаў, — заўважае настаўніца. — Адна з важных праблем школьнай адукацыі заключаецца ў тым, што ў дзяцей ад класа да класа назапашваецца вялікая колькасць недахопаў у ведах. З дапамогай адукацыйнай платформы настаўнік можа прапанаваць сваім навучэнцам эфектыўную мадэль арганізацыі дадатковых заняткаў, як факультатыўных, так і платных дадатковых. Вынік дасягаецца за кошт паслядоўных дзеянняў, накіраваных на замацаванне атрыманых ведаў. Пры гэтым нагрузка школьніка мінімізуецца, бо акцэнт робіцца на праблемных тэмах.

Для арганізацыі хуткай праверкі ведаў вучняў Надзея Андрэеўна выкарыстоўвае рубрыку “Праверачныя работы”. Прычым педагог прымяняе як матэрыялы калег, так і стварае ўласныя. Фіксацыя вынікаў выкананых работ навучэнцамі ў асабістым кабінеце настаўніка дазваляе аператыўна прапанаваць праграму па ліквідаванні прабелаў па канкрэтных тэмах.

Умовай для фарміравання станоўчай матывацыі навучэнцаў, як вядома, з’яўляецца стварэнне спаборніцкага інтэлектуальнага асяроддзя. Выхаванцы Надзеі Андрэеўны з задавальненнем удзельнічаюць у інтэрнэт-праектах, міжнародных конкурсах, паказваючы добрыя вынікі. У межах адукацыйнай платформы EFFOR.BY любы навучэнец можа прыняць удзел у анлайн-турнірах “Пішы, краіна!”, “Лічы, краіна!”, “Думай, краіна!”, “Размаўляй, краіна!”, чым дзеці і карыстаюцца. Мэтай кожнага турніру з’яўляецца істотнае павелічэнне колькасці навучэнцаў, якія валодаюць важнымі інтэлектуальнымі ўменнямі на высокім узроўні. Анлайн-турніры могуць быць індывідуальнымі і каманднымі. Індывідуальныя праводзяцца на працягу ўсяго навучальнага года. Кожны турнір прысвечаны асобнай тэме. У якасці тэмы выбіраюцца найбольш важныя і значныя ўменні па канкрэтным школьным прадмеце ці комплекс інтэлектуальных здольнасцей. У межах турніру ўдзельніку прадстаўляецца сістэма трэніровачных і фінальных практыкаванняў. Трэніровачныя ў залік не ідуць і служаць для паўнацэннай адпрацоўкі патрэбных уменняў. Фінальныя практыкаванні выконваюцца ва ўмовах жорсткіх часавых абмежаванняў і залічваюцца. Вынікі іх выканання вызначаюць рэйтынг удзельніка ў межах канкрэтнага анлайн-турніру.

Па словах настаўніцы, работа на адукацыйнай платформе EFFOR.BY дазваляе выхоўваць працаздольнасць, ініцыятыву, самадысцыпліну, пачуццё адказнасці ў навучэнцаў, развівае дакладнасць думкі, крытычнасць мыслення, інтуіцыю, логіку, элементы алгарытмічнай культуры, прасторавыя ўяўленні. А таксама аказвае дапамогу настаўніку ў павышэнні актыўнасці кантролю над ведамі, уменнямі і навыкамі навучэнцаў, палягчае арганізацыю індывідуальнай і дыферэнцыраванай работы з дзецьмі на вучэбных занятках і самастойнай работы дома.

Сваю работу па выкарыстанні ІКТ у адукацыйным працэсе Н.А.Мілашэўская плануе працягваць і далей, бо, як паказвае практыка, гэта дазваляе накіраваць захапленне сучасных школьнікаў гаджэтамі ў патрэбнае рэчышча, забяспечвае доступ да розных інфармацыйных рэсурсаў, а таксама садзейнічае ўзбагачэнню зместу навучання, надае яму пошукавы характар.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА