З любоўю ў сэрцы, з птушкай у руках

У Мінску падведзены вынікі гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2017” у намінацыі “Настаўнік”. Пераможцам гэтых спаборніцтваў прызнана настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 13 Наталля Міхайлаўна Мыслівец. Урачыстая цырымонія закрыцця конкурсу прайшла ў Беларускай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармоніі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Віктаравіч Юркевіч, старшыня камітэта па адукацыі Міхаіл Уладзіміравіч Мірончык, намеснікі кіраўнікоў адміністрацый раёнаў, начальнікі ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў горада, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі сталіцы.

Амаль тры месяцы доўжыўся конкурс, заснавальнікам якога з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, а арганізатарам — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. На шляху да фіналу 82 удзельнікі конкурсу пераадолелі нямала складаных, але вельмі цікавых выпрабаванняў. Канкурсанты прадэманстравалі свой талент і майстэрства, прадставілі сістэму педагагічнай дзейнасці “Вучыць дзяцей вучыцца”, правялі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах, падрыхтавалі план правядзення ўрокаў і іх самааналіз, апісалі інавацыйны педагагічны вопыт і абаранілі яго. Педагогі адыходзілі і на рэкламу, прадстаўляючы метадычны прыём. Нікога не пакінулі абыякавымі аўтарскія прафарыентацыйныя відэаролікі “Быць настаўнікам” і майстар-класы для педагагічнай грамадскасці.

Конкурс 2017 года праводзіўся ў новым фармаце — па 8 намінацыях вызначыліся 8 пераможцаў. Педагагічная грамадскасць змагла пазнаёміцца з лепшымі настаўнікамі горада. Канкурсанты падрыхтавалі для гасцей творчыя візітоўкі.

У намінацыі “Пачатак пачаткаў” перамогу святкавала настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 94 Любоў Аляксандраўна Сардалішвілі. Яна пабудавала сваё выступленне на сцэне ў выглядзе казкі. Нагляднасць, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, хуткая змена відаў дзейнасці, манера выкладання педагога дазваляюць зрабіць заняткі яркімі і запамінальнымі. Па перакананні Любові Аляксандраўны, вера, надзея, любоў — тры кропкі апоры педагога нават у самай безнадзейнай педагагічнай сітуацыі.

Пераможца ў намінацыі “Вакол свету” настаўнік гісторыі ліцэя № 2 Дзмітрый Аляксандравіч Дрожжа вучыць дзяцей мысліць, марыць, быць шчаслівымі. Прычым гісторыю, лічыць педагог, лепш за ўсё вывучаць метадам пагружэння ў яе, выкарыстоўваючы гістарычныя касцюмы, выконваючы песні і танцы. “Хочацца, каб у вучняў у будучыні было шмат цікавых адкрыццяў. Каб дасягнуць гэтага, неабходна захаваць у іх пачуццё захопленасці. А для гэтага трэба проста размаўляць з імі на адной мове, часцей прыгадваць, якімі самі былі ў дзяцінстве”, — адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч.

Крохкасць і сіла спалучаюцца ў пераможцы ў намінацыі “Звычайны цуд” настаўніцы біялогіі гімназіі № 192 Іны Віктараўны Чаравака. Разам з вучнямі педагог накіравалася ў Ізумрудны горад. Іна Віктараўна пераканана, што вельмі важна любіць сваю работу і мару, вучыць дзяцей і самой у іх вучыцца.

Удасканаленую мадэль спецадзення выхавальніка прадставіла ў сваёй візітоўцы пераможца ў намінацыі “Дзяцінства. Творчасць. Развіццё” выхавальніца ясляў-сада № 84 Ірына Аляксандраўна Фунцікава. Яе мадэль абсалютна не падобна на медыцынскае спецадзенне, яна ярчэйшая і больш прыемная, адрозніваецца вочкамі на спіне (выхавальніку ніколі не перашкодзіць яшчэ адна пара вачэй) і наяўнасцю вялікай колькасці кішэнь: заспакаяльнай з самаробнымі лялькамі, усёз’ядальнай, казкарасказальнай са сшыткам, які створаны педагогам і дапамагае праводзіць заняткі на беларускай мове, прымірэнчай, выратавальнай.

У пераможцы конкурсу ў намінацыі “Свая вышыня” настаўніцы музыкі сярэдняй школы № 53 Вольгі Мікалаеўны Махітка галоўная нота жыцця — до: дом і сям’я, школьны дом і дружная вялікая музычная сям’я. “Толькі прафесія педагога дазваляе чалавеку тысячаразова паўтарацца ў лёсах іншых людзей і спяваць мільёнамі галасоў, — мяркуе Вольга Мікалаеўна. — Сэрца настаўніка б’ецца ва ўнісон з галасамі дзяцей, калі яны правільна бяруць першую ноту, а затым, удасканальваючы сваё майстэрства, становяцца пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў”.

Для пераможцы ў намінацыі “Правільнае рашэнне” настаўніцы матэматыкі сярэдняй школы № 157 Таццяны Іванаўны Рычак школа — гэта чароўны свет, дзе аддаеш часцінку свайго сэрца і атрымліваеш узамен часцінкі іншых сэрцаў. Педагог пераканана, што матэматыка выратуе наш свет. Яна ў аснове многіх прафесій: кожны ўрач павінен умець разлічыць дозу лекаў, геаметрыя ў старажытнасці лічылася адным з раздзелаў архітэктуры, а прыгожы танец — гэта прыгожы графік, які можна запісаць матэматычнай формулай. Выкладаючы матэматыку, Таццяна Іванаўна дапамагае сваім выхаванцам ўвасобіць мары ў жыццё.

Пераможца ў намінацыі “Разумнае. Добрае. Вечнае” настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 13 Наталля Міхайлаўна Мыслівец прадставіла ўвазе гледачоў калекцыю свайго педагагічнага адзення, якую збірала вельмі доўга. Але ёсць у настаўніцы і асаблівы ўбор — ён не на манекене, а ва ўяўленні. “Белае адзенне — сімвал незамутненасці пачуццяў і думак, маральнай чысціні і душэўнай высакароднасці, — адзначыла педагог. — Тры якасці — вялікія веды, прывычка думаць і высакароднасць пачуццяў — неабходны для таго, каб чалавек быў адукаваным у поўным сэнсе слова. Вывучыць правілы і формулы лягчэй, чым рэалізаваць свае мары. Настаўнік — мадэльер свайго педагагічнага шляху. Кожны з нас будуе ўласную сістэму на фундаменце сваёй асобы. Галоўнае ў навучанні — гэта пропаведзь дабра, чалавечнасці і пошук шляхоў, якія вядуць да іх. Духоўнасць — вось вызначальная сутнасць чалавека. Веды не важнейшыя за маральнасць, духоўнасць — вось маё белае адзенне, спалучэнне ў адным паняццяў прыгажосці, любові, ісціны і абавязку, таго, дзеля чаго калісьці быў створаны чалавек і ў імя чаго я выбрала свой шлях”.

Пераможца конкурсу ў намінацыі “Калі цябе разумеюць” настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 Міхаіл Мікалаевіч Полаўцаў хоча і далей развівацца, прафесійна расці, адкрываць для сябе штосьці новае, дасягаць вынікаў. На думку педагога, настаўнік — гэта той чалавек, які ў патрэбны момант дасць штуршок да развіцця дзіцяці, створыць умовы для яго ўдасканалення і пры гэтым будзе ўдасканальвацца сам. Свой прафесійны выбар Міхаіл Мікалаевіч зрабіў невыпадкова: побач знаходзіліся прафесіяналы, добрыя педагогі, на якіх хацелася быць падобным.

Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончык павіншаваў пераможцаў конкурсу і падкрэсліў: “Каб перамагчы ў спаборніцтвах, настаўніку неабходна валодаць не толькі глыбокімі прафесійнымі ведамі прадмета, але і неабходна ўмець захапіць ім школьнікаў, а таксама самому знаходзіцца ў пастаянным інавацыйным пошуку, удасканальвацца ў майстэрстве”.

Канверт з іменем абсалютнага пераможцы конкурсу распячатаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама І.В.Юркевіч. Ён уручыў пераможцы галоўны прыз — крышталёвы сімвал конкурсу “Узляцелая птушка” і планшэтны камп’ютар. “Вы прадстаўляеце асаблівую прафесію. Педагог лечыць душу, гадуе маладое пакаленне, і мы разумеем, наколькі значная праца настаўнікаў, — адзначыў Ігар Віктаравіч, звяртаючыся да фіналістаў конкурсу. — Рады, што ёсць такія людзі ў сістэме сталічнай адукацыі, якія шчыра прысвяцілі сябе настаўніцкай справе, любяць дзяцей, свой калектыў”.

— Мне вельмі прыемна атрымаць узнагароду, я сябе адчуваю ў цэнтры шчаслівых падзей, вельмі радасных, — падзялілася сваімі ўражаннямі Наталля Міхайлаўна Мыслівец. — Перамога сапраўды была нечаканай, таму што мяне акружалі добрыя і таленавітыя людзі, дастойныя ўзнагароды. Да таго ж я пераканалася, што таленавітыя педагогі — яшчэ і самыя сціплыя — не ўдзельнічалі ў конкурсе.

Для мяне самым складаным этапам спаборніцтваў быў этап самапрадстаўлення. Мабыць, таму, што гэта было апошняе выпрабаванне, што ты крыху стаміўся. Чаканне фіналу, чаканне выніку чамусьці было самым хвалюючым.

Усе фіналісты атрымалі ганаровыя граматы камітэта па адукацыі, а таксама заахвочвальныя прызы ад спонсараў — сертыфікаты на набыццё метадычнай і вучэбнай літаратуры, энцыклапедыі і інш. Настаўнікі рэкамендаваны да прысуджэння прэміі Мінгарвыканкама. Васьмёрка лепшых педагогаў будзе прадстаўляць Мінск на Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года — 2017”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *