З любоўю да дзяцей і прафесіі

- 9:40Людзі адукацыі

Наталля Уладзіміраўна Ільючык працуе ў Багданаўскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна ўжо 25 гадоў. За гэты час педагог ні разу не пашкадавала, што выбрала прафесію, якая прыносіць радасць ад зносін з дзецьмі і вынікаў работы з імі.

— Стаць настаўніцай марыла з дзяцінства, — прызнаецца Наталля Уладзіміраўна. — У школьныя гады захаплялася інтэлігентнасцю, высакароднасцю і адукаванасцю першай настаўніцы Ганны Аляксееўны Мелюх, на якую хацелася быць падобнай, таму, атрымаўшы базавую адукацыю, паступіла ў Лоеўскае педагагічнае вучылішча Гомельскай вобласці, пасля заканчэння якога прыйшла працаваць настаўніцай пачатковых класаў у родную Багданаўскую сярэднюю школу. Паколькі педагог не павінен спыняцца на дасягнутым, атрымала вышэйшую адукацыю ў тагачасным Мазырскім педагагічным інстытуце імя Н.К.Крупскай. Выбрала прафесію настаўніцы пачатковых класаў, бо вельмі люблю малодшых школьнікаў. Імкнуся быць для іх і настаўніцай, і сябрам, і мамай.

— За час работы Наталля Уладзіміраўна зарэкамендавала сябе надзвычай добрасумленнай і адказнай настаўніцай, — гаворыць дырэктар Багданаўскай сярэдняй школы Алена Аляксандраўна Ярмольчык. — Педагог выдатна валодае тэорыяй і методыкай пачатковага навучання, мае добрую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку па вучэбных прадметах, умела арганізоўвае метадычную работу з калегамі, пазакласную і выхаваўчую дзейнасць з вучнямі, шмат увагі ўдзяляе самаадукацыі, вывучэнню новых педагагічных тэхналогій і сучасных падыходаў да вядзення ўрокаў. Так, настаўніца шырока выкарыстоўвае на занятках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, элементы здароўезберагальных тэхналогій, тэхналогіі поўнага засваення ведаў і развіцця крытычнага мыслення, метады і прыёмы іншых тэхналогій. Высокі ўзровень арганізацыі ўрокаў, умелае спалучэнне парнай, групавой, індывідуальнай і калектыўнай форм дзейнасці, актыўнае прымяненне наглядных і тэхнічных сродкаў навучання, а таксама тэставых заданняў дазваляюць Наталлі Уладзіміраўне паспяхова дасягаць пастаўленых мэт і задач. Урокі настаўніцы праходзяць жыва і эмацыянальна, павышаюць пазнавальную актыўнасць вучняў, усе структурныя элементы заняткаў дакладна прадуманы і ўзаемазвязаны. Чаргаванне розных відаў работы, даступнасць, апора на жыццёвы вопыт дзяцей, улік іх індывідуальных здольнасцей, стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага вучня і разнастайная рэфлексія робяць урокі цікавымі, змястоўнымі і эфектыўнымі.

Вялікую ўвагу Н.У.Ільючык удзяляе развіццю арфаграфічнай пільнасці малодшых школьнікаў. Наталля Уладзіміраўна распрацавала арфаграфічныя хвілінкі па рускай мове для 1—4 класаў і тэставыя заданні па беларускай мове для 2—3 класаў. У мінулым навучальным годзе настаўніца паспяхова абагульніла вопыт па выкарыстанні тэставых заданняў на ўроках беларускай мовы. Шмат увагі педагог удзяляе рашэнню тэкставых задач на ўроках матэматыкі, а таксама ўдасканаленню і развіццю навыку чытання ў дзяцей. Дзякуючы сістэмнай і мэтанакіраванай рабоце на ўроках Наталлі Уладзіміраўны назіраецца высокая актыўнасць вучняў. Метады і прыёмы, да якіх звяртаецца настаўніца, дазваляюць максімальна ўлічыць індывідуальныя асаблівасці малодшых школьнікаў. Гульнявыя сітуацыі, нестандартныя і займальныя заданні, умелае спалучэнне патрабавальнасці з разуменнем, педагагічны такт і добразычлівая атмасфера на ўроках нясуць станоўчы выхаваўчы зарад.

Штогод выхаванцы Н.У.Ільючык удзельнічаюць у раённай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай — у будучыню”. Высокіх вынікаў дзеці дасягаюць у прадметных алімпіядах і раённай алімпіядзе па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Наталля Уладзіміраўна знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, з’яўляецца кіраўніком школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, ахвотна дзеліцца вопытам з калегамі на адкрытых уроках і пазакласных мерапрыемствах, майстар-класах, педагагічных чытаннях і канферэнцыях. Па выніках абласнога этапу сёлетняга Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” Н.У.Ільючык стала пераможцай у адпаведнай намінацыі.

— Адданасць прафесіі, любоў да дзяцей, шырокі кругагляд, павышаная адказнасць за даручаную справу, тактоўнасць і ўважлівасць да калег і бацькоў вучняў, гатоўнасць у любы момант прыйсці на дапамогу — гэтыя і многія іншыя важныя якасці дазваляюць Наталлі Уладзіміраўне карыстацца заслужанай павагай і высокім аўтарытэтам у калектыве, сярод вучняў і іх бацькоў, — адзначае А.А.Ярмольчык.

— Галоўнымі якасцямі добрага педагога лічу любоў да дзяцей і прафесіі. Без гэтага нельга дасягнуць высокіх вынікаў у рабоце і адчуць задавальненне ад яе, — падагульняе Н.У.Ільючык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.