З любоўю да кожнай справы

У жыцці часта здараецца так, калі на першы погляд нейкая выпадковасць раптам становіцца лёсавызначальнай. Менавіта такі выпадак, які ў выніку аказаўся шчаслівым, некалі прывёў у педагогіку настаўніцу рускай мовы і літаратуры Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Валянціну Міхайлаўну Татараву.

— Будучы школьніцай, заўсёды асаблівую асалоду атрымлівала ад чытання, ад урокаў літаратуры. Але мары аб тым, каб самой выкладаць гэты прадмет, у мяне не было. На філфак сённяшняга МДУ імя А.А.Куляшова мяне прывёў выпадак. Там ужо вучылася мая старэйшая сястра. Я рушыла ўслед за ёй. Тады нават не задумвалася, што калі-небудзь буду настаўнічаць. Але вучоба, універсітэцкія выкладчыкі настолькі захапілі, што мой погляд на работу педагога змяніўся. А потым, калі ўжо вучыла дзяцей, я дакладна зразумела: педагогіка — гэта маё, — паведаміла В.М.Татарава.

Свой працоўны шлях Валянціна Міхайлаўна пачынала ў сярэдняй школе № 34 абласнога цэнтра. Але адбылася як педагог у Магілёўскай гарадской гімназіі № 1, якой яна ўдзячна за свабоду творчасці. У першай гарадской гімназіі В.М.Татарава выкладае рускую мову і літаратуру на працягу ўжо звыш 22 гадоў. Але ж у папярэднім сказе варта зрабіць невялікую агаворку. Бо Валянціна Міхайлаўна не проста вучыць дзяцей асновам свайго прадмета, яна робіць гэта якасна і эфектыўна, прывіваючы дзецям сапраўдную любоў да слова.

— Я з дзяцінства прывыкла працаваць добра і якасна. А калі любую справу рыхтуеш старанна, ты пачынаеш яе любіць. Гэта ў поўнай меры тычыцца і дзяцей, і дарослых. Калі вучня прывучыць выконваць заданні якасна, з душой, ён абавязкова прыйдзе да поспеху, — расказала Валянціна Міхайлаўна. — Заняткі будую так, каб навучэнцам трэба было думаць і працаваць. Шырока выкарыстоўваю тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, праектную тэхналогію і тэхналогію майстэрняў. Упэўнена, што залог паспяховага навучання — пастаяннае паўтарэнне вывучанага. Калі адправіцца на дачу і ў багажнік машыны пакласці веласіпед, дошкі і не замацаваць гэта, што-небудзь давязеш? Нічога. Так і настаўнік павінен на кожным уроку займацца паўтарэннем, замацаваннем вывучаных тэм. Тады будзе вынік, — пераканана Валянціна Міхайлаўна.

І ён ёсць. У класах гэтай настаўніцы высокая паспяховасць навучання. Яе вучні выдатна спраўляюцца з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Сёлета на ЦТ адна з вучаніц набрала максімальна магчымыя 100 балаў.

Асаблівую ўвагу В.М.Татарава ўдзяляе правядзенню ўрокаў літаратуры, бо лічыць, што гэты вучэбны прадмет аказвае на дзяцей асаблівае выхаваўчае ўздзеянне. “На занятках па літаратуры заў­сёды зыходжу з успрымання дзяцей, часта даю заданні на развіццё творчага ўяўлення. Сярод сваіх асноўных задач бачу духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення з апорай на творы класікаў. Вучу гімназістаў разумець паэзію, а праз паэтычнае слова берагчы складанасць і глыбіню жыцця, чужы вопыт. Ці ёсць вынік? Думаю, што так. Традыцыйна ў канцы навучальнага года задаю сваім вучням пытанне: “Што новага ў разуменні свету і чалавека вы адкрылі на ўроках літаратуры?” Вось некалькі адказаў цяперашніх адзінаццацікласнікаў: “Для шчасця патрэбны каханне, сям’я, праца, дабрыня і вера”, “Галоўнае ў чалавеку — яго душа”, “Я зразумела, наколькі складанае жыццё, наколькі складана заставацца чалавекам, але і наколькі гэта важна”, “Урокі літаратуры дазваляюць усвядоміць, што можна заставацца сапраўдным чалавекам пры любых сітуацыях і напаўняць свет вакол сябе святлом і дабром”, “Умець быць удзячным. Захоўваць унутры сябе веру. Умець любіць”. Такія думкі навучэнцаў для мяне — лепшая педагагічная ўзнагарода”, — адзначыла Валянціна Міхайлаўна.

Сярод прыярытэтаў педагагічнай дзейнасці В.М.Татаравай — раскрыццё патэнцыялу адораных навучэнцаў. І трэба сказаць, у Валянціны Міхайлаўны цудоўна атрымліваецца развіваць дзіцячыя таленты. Сярод яе вучняў — 26 пераможцаў Рэспубліканскай алімпіяды і алімпіяды Саюзнай дзяржавы па рускай мове і літаратуры. Толькі сёлета яе вучаніцы заваявалі дыпломы І і ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. У чым сакрэт такой выніковасці?

— Думаю, уся справа ў атмасферы ўрока. Калі вучню падабаюцца тыя складаныя, глыбокія, філасофскія вершы, якія мы аналізуем падчас заняткаў, ён хоча гэтым займацца і далей. Лінгвістыку могуць вывучыць многія, а вось калі паэзію вучань не адчувае, алімпіяду ён не выйграе. Таму пры падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядным руху мы заўсёды пачынаем з паэзіі, а потым ужо дадаецца ўсё астатняе, — падкрэсліла В.М.Татарава.

Па меркаванні Валянціны Міхайлаўны, многае ў вучнёўскіх поспехах залежыць менавіта ад педагога. Па гэтай прычыне сучаснаму настаўніку неабходна пастаяннае прафесійнае развіццё. Сама В.М.Татарава нястомна знаходзіцца ў творчым пошуку. І гэты пошук небеспаспяховы. Эфектыўных педагагічных знаходак Валянцінай Міхайлаўнай зроблена нямала, і імі яна актыўна дзеліцца — стварае дапаможнікі для педагогаў і навучэнцаў. За апошняе дзесяцігоддзе беларускімі выдавецтвамі надрукавана 15 метадычных дапаможнікаў яе аўтарства: “Планы-канспекты ўрокаў па рускай літаратуры для 9—11 класаў”, “Планы-канспекты ўрокаў. Руская мова, 8 клас”, “Паўрочныя распрацоўкі па рускай літаратуры”, “Падрыхтоўка да цэнтралiзаванага тэсцiравання па рускай мове” і інш. І адметна, што ўсе гэтыя кнігі маюць станоўчыя водгукі і шырока выкарыстоўваюцца. Напрацоўкамі В.М.Татаравай карыстаюцца і ў расійскіх школах. Для расійскіх калег па іх праграме Валянціна Міхайлаўна спецыяльна напісала “Паўрочныя распрацоўкі па рускай літаратуры” для 9—10 класаў.

— Вельмі цікава рыхтаваўся дапаможнік па падрыхтоўцы да ЦТ. Я напісала кнігу, мая дачка запісала відэаразборы заданняў ЦТ, а сын зманціраваў відэа. Зараз вучань можа іх прагледзець, прасканіраваўшы QR-коды ў дапаможніку. Нао­гул, у кнізе прапанаваны кароткі, лагічны шлях падрыхтоўкі да тэсціравання. Да таго ж у ёй ёсць відэаразборы ўсіх заданняў. А гэта азначае, што дзеці могуць самі, без рэпетытараў, добра падрыхтавацца да экзамену, — заўважыла В.М.Татарава.

Плённая праца Валянціны Міхайлаўны не застаецца незаўважанай. Яна — лаўрэат прэміі “Дасягненне” Магілёўскага гарвыканкама, лаўрэат спецыяльнага фонду  Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У яе працоўнай скарбонцы — шэраг узнагарод ад мясцовых выканаўчых улад, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі. Для яе гэта значна, але галоўным сваім дася­гненнем В.М.Татарава лічыць крыху іншае.

— Для мяне вельмі важна, каб тое, чаму я вучу сваіх навучэнцаў, заставалася ў іх галаве і сэрцы. Адзі­н з маіх выпускаў падарыў мне ў якасці памятнага падарунка кнігу “Мова ёсць Бог” з надпісам: “Вы далі нам жыццёвыя арыенціры — і мы палюбілі Вас”. Другое радуе, але больш натхняе першае: у іх ёсць арыенціры, як жыць, якімі быць, — расказала Валянціна Міхайлаўна.

Настаўніца чакае чарговага навучальнага года. Сёлета ў яе будзе 100 новых вучняў. “Адна з маіх былых вучаніц на развітанне напісала: “На ўроках літаратуры я зразумела, што справа не ў сітуацыі, а ў душэўнай стойкасці і сіле самога чалавека. А яшчэ зразумела, што не варта ўспрымаць жыццё як гульню ці барацьбу, лепш за ўсё ўспрымаць жыццё як любоў”. Паспрабую, каб і новыя мае вучні на развітанне напісалі прыкладна гэтак жа”, — паабяцала В.М.Татарава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.