З любоўю да малой радзімы

- 11:56Нам пішуць

Лета — пара не толькі адпачынку, але і плённай працы, у тым ліку ў студэнцкіх атрадах. У гэтым годзе з 7 навучэнцаў Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа быў створаны педагагічны студэнцкі атрад “НесКО” для работы ў дзіцячым аздараўленчым лагеры імя Я.М.Чайкі.

У склад атрада ўвайшлі навучэнцы Вікторыя Максіменка (камандзір атрада), Таццяна Казлоўская, Кацярына Калеснік, Лізавета Мацяйковіч, Лізавета Каратай (камісар атрада), Ганна Караніха, Сяргей Пратасевіч.

На працягу ўсёй лагернай змены ў атрадах праводзіліся акцыі, квесты, конкурсы, прымеркаваныя да Года малой радзімы: краязнаўчая віктарына “Мая Радзіма”, завочнае падарожжа “Сем цудаў свету”, гульня “Гістарычнае казіно”, турнір “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, эрудыт-круіз “Краіна мая Беларусь”.

Сваімі ўражаннямі пра работу дзеліцца камандзір атрада Вікторыя Максіменка: “На выбар тэматыкі змены мяне падштурхнулі разважанні пра важнасць малой радзімы ў лёсе чалавека. У кожнага ёсць любімы куток: вёска, вуліца, дом, дзе ён нарадзіўся. Гэта яго маленькая радзіма. Мы імкнуліся данесці да кожнага дзіцяці, што малая радзіма — гэта месца, дзе чалавек адчуў свае першыя эмоцыі: упершыню засмяяўся, заплакаў, пасварыўся і памірыўся, навучыўся катацца на веласіпедзе, купаўся летам у рэчцы, лавіў рыбу… А з мноства такіх маленькіх куткоў і складаецца наша вялікая Радзіма. Наведванне рыбгаса “Хотаў” у Стоўбцах, коннай заставы ў Кучкунах, заасаду ў Станькаве, дома-музея Якуба Коласа ў Акінчыцах, музея чыгуначнай тэхнікі ў Баранавічах, замкавага комплексу “Мір”, Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” далі дзецям магчымасць пераканацца, што Беларусь — прыгожая і добраўпарадкаваная краіна з чыстым гарадамі, дагледжанымі сельгасугоддзямі, непаўторнай прыродай”.

Для навучэнцаў каледжа работа ў студэнцкім атрадзе — гэта час і адпачынку, і падрыхтоўкі да новага навучальнага года, і набыццё вялікага педагагічнага вопыту, а таксама магчымасць зарабіць свае першыя грошы.

“Мы, навучэнцы каледжа, працуючы ў студэнцкім педагагічным атрадзе, матывавалі любоў дзяцей да сваёй краіны і людзей, якія жывуць побач. Памятаць пра свае карані, прынцыпы, закладзеныя ў нас продкамі, вельмі важна, бо толькі на аснове сваіх каранёў мы створым правільную будучыню”, — адзначае Лізавета Каратай, намеснік камандзіра атрада.

Шчаслівыя імгненні жыцця дзіўна мімалётныя, нават няўлоўныя. Калі мы адчуваем радасць, нам хочацца заставацца ў гэтым чароўным стане і забыцца пра тое, што змена ў лагеры калі-небудзь ды скончыцца. Упэўнены, што перажытыя шчаслівыя хвіліны падчас работы ў студэнцкім атрадзе назаўсёды застануцца ў памяці навучэнцаў каледжа яркімі ўспамінамі.

Святлана ПРАСМЫЦКАЯ,
метадыст Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа.