З любоўю да Радзімы, з павагай да фізкультуры

- 9:00Людзі адукацыі

Старшыня Гомельскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане настаўнік фізічнай культуры і здароўя Яромінскай сярэдняй школы Алег Кавалёў выбраны на сесіі раённага Савета дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу.

Алег Мікалаевіч пайшоў у армію ў 18. Гаворыць, што і думкі не было шукаць прычыны не пайсці: “Тады ж, калі хлопец не служыў у арміі, дзяўчаты з ім не сталі б нават размаўляць. Калі камандзір батальёна спытаў, хто хоча ў Афганістан, згадзіўся адразу. Служыў у Кабуле, у войсках сувязі. Я, вясковы хлопец, там упершыню ўбачыў горы”.

Сціпла ўспамінае пра нялёгкі вопыт, пройдзены 40 гадоў газад. Але гордасць і павага да сяброў адчуваюцца, хоць камяк падыходзіць да горла і словы збіваюцца, калі расказвае пра тыя часы. “Мы выжылі, і гэта самае галоўнае. Мы самі ў звычайным жыцці не разумелі да таго, напрыклад, што такое каштоўнасць звычайнага кавалка хлеба. Таму часта са школьнікамі ўспамінаю тыя складаныя гады. Многа чаму гэты вопыт мяне навучыў. Для нашых дзяцей мы павінны быць прыкладам. Пра любоў да Радзімы нельга толькі расказваць: яе вучні павінны бачыць у тых, на каго раўняюцца. Мы — “афганцы” — апошнія з беларусаў, каму прыйшлося ваяваць. Так хочацца, каб нашы людзі заўсёды жылі мірна”, — гаворыць Алег Мікалаевіч.

Пасля арміі зрабіў тое, чаго не атрымалася да службы, — паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і скончыў яго з чырвоным дыпломам. Далей усё склалася проста і лагічна: прыйшоў па размеркаванні ў родную Яромінскую школу, дзе і зараз працуе. Быў зусім нядоўгі вопыт, калі працаваў старшынёй Яромінскага сельсавета, але ж хутка вярнуўся да сваіх школьнікаў.

За 35 гадоў у роднай вёсцы ён заваяваў павагу сваімі апантанымі адносінамі да фізкультуры і спорту. З дзяцінства займаўся футболам, а цяпер, гаворыць, з тых, каго прывучыў да гэтага віду, можна стварыць некалькі футбольных каманд. Між іншым яны і створаны. Алег Мікалаевіч расказвае пра традыцыю, якая існуе на працягу некалькіх гадоў: “Гадоў дзе­сяць мы з былымі вучнямі ў студзені збіраемся ў ДЮСШ Гомельскага раёна — усе, хто ў мяне некалі трэніраваўся, займаўся футболам. Дзелімся на каманды — іх звычайна ўтвараецца 4—6 — і праводзім свой турнір “Калядны мяч”. Потым сходзім у лазню, паплаваем у басейне, пагутарым”.

Многія яго вучні даўно сталі баць­камі і цяпер прыводзяць сваіх малых займацца да Алега Мікалаевіча. “Яны ўдзячны, і мне прыемна, што не дарма працаваў”, — заўважае настаўнік. Сваімі выхаванцамі ён ганарыцца. Для гэтага ёсць усе падставы: яго хлопцы гулялі ў вышэйшай лізе. Алег Мікалаевіч усіх памятае па імёнах і прозвішчах. Да гэтага дадае клубы, у якіх ім давялося гуляць у футбол, і кожны чэмпіянат з датай правядзення. Ён жа не толькі са школьнікамі займаецца. Заўзятага трэнера запраша­юць падцягнуць узровень каманды дарослых футбалістаў Гомельскага раёна. “Мы ў 2013 годзе сталі чэмпіёнамі краіны сярод сельскіх жыхароў. За зборную раёна заўсёды выступаем паспяхова. На абласных спаборніцтвах “Скураны мяч” нашы дзеткі летась занялі
2-е месца”, — ганарыцца дасягненнямі А.М.Кавалёў.

Як любы настаўнік фізкультуры, Алег Мікалаевіч далучае дзяцей і да іншых відаў спорту. Ён і сам гуляў не толькі ў футбол, але і ў валейбол, і ў баскетбол. “У 35 гадоў я ў складзе каманды Гомельскага раёна стаў чэмпіёнам вобласці сярод сельскіх жыхароў па валейболе, — працягвае педагог. — Калі вучыўся ва ўніверсітэце, ездзіў на першынство УВА па баскетболе. Толькі ў 47 гадоў закончыў гуляць на першынствах вобласці па футболе”.

Калі размова заходзіць пра педагагічныя сакрэты, Алег Мікалаевіч заўважае, што заўсёды сваіх маленькіх вучняў запрашае на трэніроўку да старэйшых. “Яны пакрыху зацікаўліваюцца і ўжо не могуць без заняткаў жыць. Асабліва калі паходзяць на спаборніцтвы — запальваюцца. Я сам пазнавата пачаў футболам займацца — з 7 класа. Быў момант, калі вырашыў: не пайду больш на трэніроўку. Бабуля тады мне кажа: “Няўжо табе не шкада, што ты год займаўся, а цяпер будзеш кідаць?” Гэтыя словы мяне моцна кранулі, — успамінае Алег Мікалаевіч. — Дзецям па­трэбна падтрымка дарослых. Таму цяпер, калі, напрыклад, заходжу ў магазін, дзе працуе мая выпускніца, гаворым пра яе хлопчыка. Калі ён напярэдадні прапусціў трэніроўку, пасля размовы з матуляй прыбягае абавязкова. У нас цесная сувязь з бацькамі. Бацькі і самі часта прыходзяць на трэніроўку з дзецьмі. А потым яны ўжо разам гуляюць у футбол”.

Хаця, гаворыць настаўнік, часам здаецца, што вучні ўсё ж менш спортам цікавяцца: “Цяпер і інвентару хапае, і спартыўная зала ў нас аснашчана, недалёка знаходзіцца ДЮСШ Гомельскага раёна. Дзеці туды ходзяць, але ім часта не хапае нейкага ўнутранага стрыжня”. Успамінае, што доўгі час вёў заняткі па фізкультуры толькі са школьнікамі сярэдніх і старшых класаў, а потым далі першы клас — і нават крыху разгубіўся. “Спачатку мне з імі было цяжкавата, але я цяпер без іх не магу. Усё жыццё ў школе працаваў і ніколькі не расчараваўся. Між тым, калі паступаў ва ўніверсітэт, нават не думаў, што стану настаўнікам, — дзеліцца ўспамінамі Алег Мікалаевіч. — Цяпер для мяне школа — мой родны дом. Мне тут усё падабаецца. Я люблю дзяцей. Я заўсёды дзеткам гавару, што самае галоўнае — гэта здароўе. Няважна, ці атрымаецца ў цябе стаць вядомым футбалістам, галоўнае, каб ты стаў добрым чалавекам. А потым жыццё пакажа, што лепш атрымліваецца рабіць. Ёсць сярод маіх вучняў нямала тых, хто пайшоў у спорт, стаў трэнерам. Але ёсць і тыя, хто працуе на заводзе, — я ўсімі імі ганаруся”.

Сваіх дзвюх дачок ён таксама выхаваў у павазе да фізкультуры і спорту, хоць прафесіяналамі яны і не сталі. Голас настаўніка цяплее, калі ён расказвае пра свайго самага юнага нашчадка. Унука Ільюшку нядаўна нарадзіла малодшая дачка Алега Мікалаевіча. “Унучка Ксюшка вучыцца ў 3 класе, а ўнуку толькі 6 месяцаў. Падрасце — будзем і яму перадаваць футбольныя навыкі, — гаворыць настаўнік. — Але ж галоўнае, каб здаровенькі рос”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Марыны ВАСІЛЬЕВАЙ.