З любоўю да роднага слова

Мерапрыемствы тыдня беларускай мовы і літаратуры ў Мушынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна праводзіліся пад дэвізам “З любоўю да роднага слова”. На працягу тыдня вучні ўдзельнічалі ў творчых спаборніцтвах, конкурсах, гульнях, акцыях, выставах. Самым яркім і відовішчным атрымаўся конкурс інсцэніровак па творах Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага.

Адным з найбольш маштабных мерапрыемстваў стала інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Мой родны кут”. Яе задачай было пашырыць веды пра Беларусь, яе славутых землякоў, родную мову. Вучні актыўна ўдзельнічалі ў іншых мерапрыемствах прадметнага тыдня. Сярод іх — адкрыты ўрок па беларускай мове, прысвечаны прыметніку як часціне мовы. Матэрыялы для заняткаў былі ўзяты з аповесці “Ціхая плынь” М.Гарэцкага.

Выдатна прайшла акцыя “Жыві, мова!”, цікавасць выклікаў конкурс чытальнікаў вершаў на роднай мове “Паэтычны вернісаж”, а дыктант “Знаўцы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” праверыў веды па роднай мове. Турнір-віктарына паводле твораў М.Гарэцкага была накіравана на развіцце лагічнага мыслення, памяці і пазнавальных здольнасцей. Пытанні тычыліся вывучанага матэрыялу па творах пісьменніка.

Для вучняў 5—11 класаў была арганізавана экскурсія ў музей М.Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна. Наведванне музея вельмі ўразіла вучняў, павысіла цікавасць да асобы і творчай спадчыны нашага земляка — класіка беларускай літаратуры. Самыя актыўныя ўдзельнікі прадметнага тыдня былі адзначаны граматамі.

Лілія МАЦВЕЕНКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Мушынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.