З любоўю да роднай мовы

Пытанне аб захаванні духоўнасці беларусаў, культуры нашай краіны і беларускай мовы сёння стаіць востра. Далучаць падрастаючае пакаленне да духоўных каштоўнасцей народа — адна з найважнейшых задач сучаснай школы.

Ужо некалькі год запар добрай традыцыяй на Слонімшчыне стала правядзенне дэкады беларускай мовы, літаратуры, мастацтва і культуры.

“Рускай мове дай разгрузку — гавары па-беларуску!” — пад такім дэвізам прайшла дэкада ў сярэдняй школе № 2 Слоніма.

Адкрыў дэкаду канцэрт інструментальнай музыкі. Слухачы ацанілі шматжанравасць творчасці нашых кампазітараў, дакрануліся да музычнай спадчыны Беларусі.

Падчас лігвістычнага турніру “Прытча, карацейшая за птушыны нос”, які праводзілі вучні 10 класа Юлія Трагуб, Аліна Фядосік і Алеся Літвін, вучні 7 “Б” класа спаборнічалі ў веданні беларускіх прыказак. Конкурсы “Гарэзлівыя літары”, “Чацвёрты лішні”, “Аўкцыён прыказак”, “Падарожнічаем з прыказкамі” прыйшліся даспадобы сямікласнікам. А шасцікласнікі паўдзельнічалі ў вядомай гульні “Разумнікі і разумніцы”.

У Міжнародны дзень роднай мовы да навучэнцаў 8—11 класаў завіталі члены літаратурнага аб’яднання імя А.Іверса: І.А.Войтка, Н.П.Салейка, А.А.Ржауцкая, Т.А.Пяцеліна, М.І.Емельянчук. Паэты чыталі вершы на роднай мове, распавядалі пра свой творчы шлях і пра дзейнасць літаратурнага аб’яднання. Цікавымі атрымаліся рэкламная акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, а таксама конкурс чытальнікаў “Мой родны кут” сярод вучняў 5-х класаў. Сямікласнікі ўзялі ўдзел у лінгвістычнай гульні “На роднай мове размаўляем”, а вучні 8—9 класаў — у конкурсе чытальнікаў “Слонімскія настроі”.

Адным з дзён тыдня 11-класнікі прадставілі гледачам літаратурна-музычную кампазіцыю “Матулін ручнік”. На прыгожа аформленай вышыванымі ручнікамі сцэне дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях расказалі пра гісторыю ручніка; якое значэнне надавалі гэтаму прадмету хатняга побыту нашы продкі. Вучні даведаліся, што існавалі ручнікі-набожнікі (для ўпрыгожвання абразоў і бажніц), ручнікі-абярэгі, якія змяшчалі на крыжах, ручнікі-ўціральнікі, ручнікі-скарачы.

У суботу 9 “А” і 9 “Б” класы перагарнулі старонкі вуснага часопіса “Сэрцам роднага слова краніся”. На кожнай старонцы часопіса — заданні па беларускай мове: “Падумай і адкажы”, “Прыказкі і прымаўкі”, “Адкуль пайшла назва”, “Хто больш?”.

Яркім святам стала тэатралізаванае прадстаўленне “Беларускі кірмаш”, падрыхтаванае вучнямі 10 класа. Мала хто цяпер задумваецца, што раней кірмаш быў своеасаблівым святам, дзе ішоў гандаль, дзе людзі мелі магчымасць уступаць у зносіны, дзяліцца навінамі, абмяркоўваць падзеі… Непаўторны свет кірмашу вабіў заўсёды. Зразумела, аснова кірмашу — усё ж такі гандаль. Гандляры хацелі выгадна прадаць, а пакупнікі — танней набыць. Вясёлыя прыпеўкі і песні, бадзёрыя танцы, жарты, гумар, пацехі цешылі гэтым днём.

Вучні 7 “Б”, 10, 11 класаў наведалі гісторыка-этнаграфічны музей Жыровіцкага дзяржаўнага агратэхнічнага каледжа. Асаблівую цікавасць выклікала экспазіцыя “Вясковая хатка”, дзе вучні паглыбіліся ў атмасферу XIX стагоддзя. Дзеці зайшлі ў “хату”, пастаялі на глінабітнай падлозе, паставілі ў печ чыгункі вілкамі, нават патрымалі лапату для пірагоў, пабілі маслабойкай, пакачалі пранікам ручнікі, паднялі дзяжу для рошчыны, паглядзелі калыску для дзіцяці, зазірнулі, што захоўвалася ў куфры, нават трапілі на гарышча, каб убачыць, што там ляжала.

Завяршылася дэкада наведваннем Слонімскага драматычнага тэатра. Артысты парадавалі гледачоў вядомай пастаноўкай “Трыбунал”.

Ірына ЗАХАРЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Слоніма.