З любоўю да роднай мовы

- 15:11Нам пішуць

У нашай установе адукацыі папулярызуецца і пашыраеца сфера выкарыстання беларускай мовы. Правядзенне прадметнага тыдня — добрая магчымасць для таго, каб яшчэ раз акунуцца ў чароўны свет роднай мовы. І ўжо не першы год тыдзень беларускай мовы і літаратуры прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.

Панядзелак пачаўся з акцыі “Кужэльную кашулю роднай мовы ад забыцця замовіў васілёк”. У фае школы можна было паўдзельнічаць у віктарыне і, адказаўшы на пытанне, атрымаць самаробны васілёк — сімвал тыдня, які трэба было прышпіліць да адзення і насіць усе пяць дзён. А каму не пашчасціла, мог сам зрабіць сабе кветку на майстар-класе па вырабе васількоў, які праходзіў на перапынках на працягу ўсяго дня. Зладзілі акцыю “Мой любімы верш”. Вучні, настаўнікі і адміністрацыя школы раздрукавалі на каляровым аркушы свой любімы верш на беларускай мове і прымацавалі на стэнд. Так, кожны мог даведацца, які ж любімы верш у дырэктара школы або ў дзяўчынкі з паралельнага класа.

На першым паверсе была наладжана выстава вучнёўскіх малюнкаў “Вобразы мілыя роднага краю”, якая стала сапраўдным упрыгожваннем школы.

Вучаніцы 10 класа на першых уроках правялі для вучняў пачатковых класаў пазнавальна-забаўляльныя пяціхвілінкі “Нам засталася спадчына”, падчас якіх загадвалі загадкі, успаміналі беларускія прыказкі, слухалі вершы на беларускай мове. На перапынках на працягу ўсяго дня гучалі беларускія песні.

Увесь тыдзень, пачынаючы з панядзелка, па школьным тэлебачанні дэманстраваліся тэматычныя выставы-прэзентацыі “Адчуй нашу мову!” (цыкл пра кветкі “Ахапіла чаромхай ваколіцу!”, пра стравы і ежу “Сапраўдная смаката!” і г.д.). На другім паверсе школы была наладжана фотазона ў беларускім стылі. Вучні і настаўнікі ў беларускіх строях з задавальненнем фатаграфаваліся.

Аўторак прайшоў пад дэвізам “Беларусь міфалагічная”. На другім паверсе школы была арганізавана выстава “Героі беларускай міфалогіі”. Кожны перапынак настаўнікі беларускай мовы праводзілі віктарыны на лепшага знаўцубеларускіх міфаў, казак і легенд. За правільныя адказы вучні былі ўзнагароджаны салодкімі прызамі. Тут жа на працягу дня дэманстраваліся беларускамоўныя мультфільмы.

На сераду выпала цудоўнае свята — Міжнародны дзень роднай мовы. Дзень пачаўся з акцыі “З любоўю да роднай мовы”.Кожны ахвотнымог запісаць словы любові і павагі дамовы на рознакаляровых папяровых сэрцах і прымацаваць на загадзя аформлены стэнд.

На перапынках для вучняў школы было арганізавана цікавае і пазнавальнае падарожжа па краіне “Беларуская мова” з прыпынкамі-конкурсамі “Літаратуразнаўцы”, “Моваведы”, “Перакладчыкі”. Вучні адказвалі на розныя пытанні па мове і літаратуры, а за правільныя адказы атрымлівалі цукеркі.

Цыкл тэматычных выстаў дапоўніла выстава “Беларусь музычная”. Дэманстраваліся фотаздымкі беларускіх спевакоў з кароткай інфармацыяй пра іх. На кожным перапынку на вялікім экране прапаноўвалі сучасныя музычныя кліпы на беларускамоўныя песні.

Напрыканцы дня —літаратурна-музычны мантаж “Як ты дорага мне, мая родная мова!”, што стала цудоўным завяршэннем святочнага дня. На паэтычную гадзіну быў запрошаны паэт член Саюза пісьменнікаў Беларусі Пётр Яраслававіч Сямінскі, прысутнічалі настаўнікі беларускай мовы, адміністрацыя і вучні школы. На мерапрыемстве гучалі эмацыянальныя вершы, цытаваліся глыбокія, праўдзівыя словы пра родную мову вядомых людзей. Незабыўным было пранікнёнае гучанне песні “Жураўлі на Палессе ляцяць”увыкананні вучаніцы 7 класа.А беларускую народную песню “Купалінка” з задавальненнем праспявалі ўсе ўдзельнікі і госці свята пад кіраўніцтвам настаўніцы музыкі.Жывым, эмацыянальным атрымаўся і дыялог паміж Пятром Яраслававічам Сямінскім і гледачамі, удзельнікамі паэтычнай гадзіны.

Чацвер прайшоў пад дэвізам “Беларусь спартыўная”. І вучні, і настаўнікі мелі магчымасць паглядзець відэаролікі пра знакамітых беларускіх спартсменаў, убачыць яшчэ раз на школьным экране самыя запамінальныя іх перамогі на алімпіядах, паўдзельнічаць у віктарыне і ўспомніць яскравыя моманты спартыўнага жыцця Беларусі. Прыемным супадзеннем стала тое, што якраз у гэты дзень беларускія спартсменкі ў камандным забегу па біятлоне прынеслі краіне яшчэ адзін залаты медаль!

Завяршыўся тыдзень па-святочнаму. У пятніцу вучні школы зладзілі Масленіцу. Удзельнікі свята напяклі бліноў і частавалі ахвотных, якіх было вельмі многа! Аднак каб атрымаць залацісты сімвал Сонца, неабходна было адказаць на пытанне па культуры Беларусі. Тут жа вучні і настаўнікі правялі гуканне вясны. Удзельнікі абраду вешалі на дрэва рознакаляровыя стужкі, выразаныя з паперы фігуркі жаваранкаў. Святочную атмасферу дапаўнялі і абрадавыя песні, якія гучалі на ўсіх перапынках.

Такія мерапрыемствы цудоўным чынам яднаюцьвучняў і настаўнікаў, вучаць адчуваць прыгожае беларускае слова.

Юлія ФЯДЗЮК,
настаўніца беларускай мовы, кіраўнік метадычнага аб’яднання
настаўнікаў рускай мовы і літаратуры і беларускай мовы і літаратуры СШ №34 Гродна.