З любоўю да роднай зямлі

Дружна і весела прайшоў рэспубліканскі суботнік ва ўстановах адукацыі Брэстчыны. Вясенні сонечны дзень падарыў педагогам і дзецям шмат яркіх уражанняў ад сумеснай працы па навядзенні парадку на роднай зямлі.

З самага ранку кіпела работа на тэрыторыі гімназіі № 4 Брэста. Ужо здалёк заўважалася, што тут актыўна папрацавалі ў папярэднія дні. Прыемна радавалі вока пабеленыя дрэвы, пафарбаваная агароджа, акуратныя газоны…

— Тэрыторыя нашай установы даволі вялікая і па­трабуе пастаяннага догляду шматлікіх дрэў, клумб і газонаў, — расказвае дырэктар гімназіі Алена Васільеўна Шкулепа. — Работы па добраўпарадкаванні вядуцца круглы год. Найбольш значнымі і масавымі мерапрыемствамі з’яўляюцца асеннія і вясеннія суботнікі. Гэта адна з вельмі добрых традыцый савецкага мінулага, якая дапамагае згуртаваць калектыў вакол агульнай справы, навесці парадак на гімназічным двары і прылеглай тэрыторыі, далучыць дзяцей да карыснай працы і атрымаць шмат радасных эмоцый.

Паколькі выканаць увесь аб’ём работ па добраўпарадкаванні за адзін суботні дзень немагчыма, педагогі і вучні шчыравалі на зямлі на працягу двух тыдняў. За кожным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў і класам былі замацаваны ўчасткі і вызначаны від дзейнасці.

Дарослыя і дзеці бялілі дрэвы і абкопвалі іх, прыбіралі пустазелле, разбівалі новыя клумбы і прыводзілі ў парадак існуючыя, выса­джвалі кветкі, падразалі кусты, угнойвалі глебу, засейвалі травой газоны… Вялікую дапамогу ў добраўпарадкаванні гімназічнага двара і прылеглай тэрыторыі аказалі КУП “Брэстжыл­буд” і Брэсцкае дарожна-эксплуатацыйнае прадпрыемства.

— Любоў да Радзімы пачынаецца з навядзення парадку на роднай зямлі, — лічыць А.В.Шкулепа. — Падчас суботнікаў дзеці бачаць, што праца можа быць цікавай і прыгожай, а стварыць прыгажосць вакол сябе няцяжка. Галоўнае — паказаць прыклад. Вучні шчыра радуюцца вынікамі сваёй дзейнасці, дзякуючы якой не толькі атрымліваюць важныя працоўныя ўменні і навыкі, але і дапамагаюць гімназіі стаць больш утульнай і эстэтычна прывабнай.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

* * *

Край навек родны, любімы” — пад такім дэвізам у Відамлянскай сярэдняй школе Камянецкага раёна прайшоў суботнік, падчас якога настаўнікі і вучні высадзілі больш за 1,5 тысячы браткаў. Каб атрымаць добрую расаду, давялося шмат папрацаваць. Дзеці збіралі насенне, рыхтавалі глебу, рабілі вясеннія падкормкі…  І вось цяпер кветкавыя клумбы радуюць прыгажосцю не толькі педагогаў і вучняў, але і ўсіх жыхароў аграгарадка.

Тамара СТРАПКО,
дырэктар Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.

* * *

Тэрыторыя Маларыцкай раённай гімназіі, якая складае больш за 2,5 га, падтрымліваецца ў парадку і чысціні на працягу года. За кожным класам замацавана свая плошча, дзе вучні шчыруюць падчас грамадска карыснай працы і летняй працоўнай практыкі. У цяпліцы вырошчваюць кветкавую расаду, якую потым выса­джваюць на клумбы.

Удзел гімназіі ў праекце “Зялёная школа” дапамагае фарміраваць працоўныя навыкі і экалагічныя паводзіны дзяцей, якія вучацца гаспадарыць на зямлі, спасцігаюць раслінны і птушыны свет, праводзяць розныя даследаванні і маніторынгі па энерга- і водазберажэнні.

Педагогі і вучні прынялі актыўны ўдзе­л у сёлетнім рэспубліканскім суботніку. Справа знайшлася кожнаму. Арганізавана, дружна, зладжана і добрасумленна працавалі ўсе. Настаўнікі і дзеці наводзілі парадак на тэрыторыі гімназіі, прыбіралі алею ў гарадскім парку, закладзеную ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі, і месца каля памятнага знака, усталяванага ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, удзельнічалі ў штогадовай акцыі “Тыдзень лесу”.

— Пасля суботніка наша гімназія стала самай прыгожай установай у горадзе, — упэўнены дзесяцікласнік Мікіта Піпко. — Прыемна ўсведамляць, што ў гэтым ёсць і мая заслуга. Суботнік прайшоў, а прыга­жосць засталася.

— Калі вакол чыста, то і вучыцца прыемна, — гаворыць шасцікласнік Мацвей Наўрасюк. — Сумесная праца прыносіць карысць гімназіі і дорыць станоўчыя эмоцыі.

— Наводзіць і падтрымліваць парадак — справа кожнага, — лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Наталля Асіпук. — Важна, што гэта не разавая акцыя, а сістэмная і мэтанакіраваная работа з вялікім выхаваўчым патэнцыялам.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.

* * *

У Год малой радзімы кожнаму хочацца, каб яго мясцовасць выклікала захапленне. А для гэтага трэба прыкласці пэўныя намаганні. І робіцца гэта ад душы, ад усяго сэрца. 21 красавіка вучні і работнікі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку.

Быў цёплы сонечны дзень, які станоўча паўплываў на настрой юнакоў і дзяўчат. Яны дружна зграбалі мінулагодняе апалае лісце, складвалі яго ў кучы. Тэрыторыя прыгажэла, з брудна-карычневай ператваралася ў зялёную ад вызваленай з-пад лісця травы.

Школьная тэрыторыя мянялася на вачах: былі высаджаны саджанцы дэкаратыўных раслін, прыведзены ў належны стан кветнікі. У гэты дзень не абмінулі сваёй увагай тэрыторыю каля помнікаў і могілак. Цімураўскія атрады наведалі адзінокіх пажылых і састарэлых людзей. Дапамаглі ім ва ўборцы тэрыторыі, хатніх справах. Самае галоўнае, што яны не адчулі сябе пакінутымі. Дзякуючы ўдзе­лу неабыякавых людзей у суботніку, малая часцінка радзімы стала ўтульнай і непаўторнай. Няхай жа і далей мяняе свой выгляд толькі ў лепшы бок!

Вольга РАДЧАНКА,
дырэктар Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *