З любоўю да жыцця

Чалавек шчаслівы, калі ён любіць жыццё, з радасцю сустракае кожны дзень і, канечне, займаецца справай, якая прыносіць яму асалоду. Усё гэта пра Жанну Анатольеўну Ждановіч, намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама.

Прафесіянал, аўтарытэтны і паважаны кіраўнік, шчыры чалавек, прыгожая жанчына, выдатная жонка, маці і бабуля — яна сабрала ў сабе ўсе гэтыя якасці.

Іншы раз можна пачуць меркаванне, што, трапляючы на кіруючую пасаду, чалавек губляе здольнасць разумець цяжкасці, якія бываюць на прафесійным шляху простага спецыяліста, перастае генерыраваць ідэі. Але гэта не пра Жанну Анатольеўну. Яна добра разумее сваіх падначаленых і заўсёды гатова дапамагчы, падказаць, а таксама выслухаць іх меркаванні. Што ж тычыцца ідэй, то тут Жанне Анатольеўне няма роўных. Многае з цікавага і крэатыўнага, што з’явілася ў адукацыйнай сферы Гомельшчыны, належыць менавіта ёй.

Той, хто знаёмы з Ж.А.Ждановіч, ведае: педагагічная дзейнасць — яе стыхія. Гэта праяўляецца ва ўсім: у клопаце пра ўсё, што адбываецца ў галіне, у павазе да настаўнікаў, у любові да дзяцей.

Колькі разоў даводзілася назіраць, як Жанна Анатольеўна сустракаецца з дзецьмі. На яе твары заўсёды ўсмешка і непадробны гонар за таленавітае падрастаючае пакаленне. “Якія малайцы нашы дзеткі!”, — неаднойчы даводзілася чуць яе эмоцыі. Як сапраўдны педагог Жанна Анатольеўна ў кожным дзіцяці бачыць перш за ўсё асобу і лічыць, што гэта галоўнае ў выхаванні будучага дарослага чалавека. Неяк яна ўспамінала выпадак са сваёй педагагічнай практыкі. Адзін хлопчык — не вельмі старанны і не вельмі добры ў паводзінах вучань — прынёс ёй у падарунак кветку. Аказалася, сарваў яе ў школьным кветніку. Калі на яго сварыліся за такі ўчынак, у апраўданне свавольнік казаў, што хацеў зрабіць прыемнае любімай настаўніцы. У адносінах да настаўніка дзеці звычайна шчырыя, такія ж шчырыя і іх учынкі.

Прафесія для Жанны Ждановіч — выбар усвядомлены, мара з маленства, да якой яна мэтанакіравана ішла. Мне здаецца, вырашальная роля ў гэтым належыць школе, настаўнікам, якія сустрэліся на шляху Жанны Анатольеўны і сталі для яе прыкладам. Памятаю, як аднойчы мы разам трапілі ў адну з нараўлянскіх школ. Старая пабудова прайшла рэканструкцыю, і цяпер утульныя калідоры і пакоі радавалі настаўнікаў і навучэнцаў. Асаблівая радасць была і ў Ж.А.Ждановіч: гэта яе школа, некалі яна была тут вучаніцай, а зараз — у ліку выпускнікоў, якімі ганарыцца ўстанова. Мы падняліся на другі паверх, зайшлі ў клас, які на працягу школьных гадоў быў яе родным. Жанна Анатольеўна села за сваю парту, і я заўважыла, колькі эмоцый і радасці адчувала яна ў гэты момант цёплых і прыемных успамінаў. Тады я зрабіла фотаздымак Жанны Анатольеўны — для яе асабістага карыстання. Спадзяюся, яна не пакрыўдзіцца, што сёння я дзялюся ім з чытачамі.

Расказваючы пра гэту цудоўную жанчыну, не магу не падзяліцца сваімі асабістымі пачуццямі. Калі я 5 гадоў назад прыйшла працаваць у карэспандэнцкі пункт нашай газеты, мне пашчасціла вельмі хутка ўпісацца ў педагагічную грамадскасць Гомельшчыны, завесці сяброў сярод настаўнікаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі, акрэсліць актуальныя пытанні адукацыйнай сферы, убачыць важныя і цікавыя тэмы, на якія хацелася паразважаць на старонках “Настаўніцкай”. І ў многім гэтаму паспрыяла Жанна -Анатольеўна. Яна запрашала мяне ў сумесныя камандзіроўкі па рэгіёне, на розныя мерапрыемствы і нарады. Да таго ж дзверы яе кабінета заўсёды адчынены для мяне, калі ёсць неабходнасць параіцца, выказаць нейкія прапановы. Таму, паколькі размова ідзе пра галіновае выданне, я магу лічыць гэтага чалавека ў нейкай ступені сваім настаўнікам, які ўвёў мяне ў педагогіку.

Упэўнена, я далёка не адзіная, хто можа сказаць гэтыя словы пра Жанну Анатольеўну. Увогуле, Ж.А.Ждановіч для адукацыйнай сферы Гомельскай вобласці — сапраўдная знаходка. Яе заслугі ў адукацыі нядаўна былі ацэнены на высокім узроўні: за шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё сістэмы адукацыі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.