З любоўю і добразычлівасцю

На тэрыторыі 5-й рагачоўскай школы міністр адукацыі Ігар Карпенка адразу заўважыў добраўпарадкаванасць тэрыторыі і прыгажосць кветнікаў, якія ствараюць асаблівы настрой педагогам і вучням. Дарэчы, на вераснёўскую лінейку сюды збіраюцца прыйсці звыш 1000 школьнікаў, а ўстанова сёлета адзначыць сваё 33-годдзе.

— За гэты час школа дала пуцёўку ў жыццё больш як тром тысячам выпускнікоў, з іх 166 узнагароджаны залатымі і 143 — сярэбранымі медалямі, — заўважае дырэктар установы Наталля Зарэцкая. — Адзінаццаць выпускнікоў школы пасля заканчэння ўстаноў вышэйшай адукацыі вярнуліся ў родную школу педагогамі. У нашай школе ёсць класы філалагічнай, хіміка-біялагічнай, фізіка-матэматычнай скіраванасці, спецыялізаваныя па футболе, арганізавана дзейнасць профільнай групы прафесійнай педагагічнай скіраванасці.

Установа адукацыі з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай. З 2017 года тут паспяхова рэалізуецца праект “Укараненне ма­дэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Праект завяршыцца ў наступным го­дзе. У школе створаны Цэнтр па рабоце з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. Другі год запар у склад абласной каманды для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ўваходзіць адзін навучэнец. Вынік сёлетняга выступлення — дыплом II ступені па фізічнай культуры.

Развіццю здольнасцей і пазнавальных інтарэсаў навучэнцаў спрыяе іх удзел у абласных, рэспубліканскіх конкурсах, канферэнцыях, інтэрнэт-алімпіядах: турніры юных фізікаў, конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыятычнай скіраванасці “Патрыёт.BY”, інтэрнэт-алімпіядзе па рускай мове.

Высокія прафесійныя якасці педагогаў, безумоўна, спрыяюць паспяховаму самавыяўленню навучэнцаў. Дзве каманды навучэнцаў школы сталі пераможцамі XV Мінскага этапу міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму”.

Прыярытэтным кірункам педагагічнай дзейнасці настаўнікаў з’яўляецца развіццё творчых і даследчыцкіх здольнасцей навучэнцаў. Пацвярджэннем паспяховасці гэтай работы служыць правядзенне XVI школьнай навукова-практычнай канферэнцыі. Набыты вопыт публічнай абароны даследаванняў дазволіў вучням чацвёртага класа заваяваць два дыпломы III ступені на адкрытым абласным конкурсе даследчых работ і праектаў “Навакольны свет вачамі дзяцей”, які праходзіў на базе гімназіі Петрыкава.

Для арганізацыі бесперапыннага адукацыйнага працэсу сем настаўнікаў школы прайшлі дыстанцыйны курс “Гатовы да дыстанцыйнага навучання” ў межах праекта “Настаўнік для Беларусі” па вывучэнні метадаў правядзення заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій.

Праведзена дэкада адкрытых вучэбных заняткаў “Навучаючы іншых, вучымся самі”. Педагогі атрымалі магчымасць прадэманстраваць сваё прафесійнае майстэрства, выкарыстоўваючы метады і прыёмы па фарміраванні чытацкай пісьменнасці навучэнцаў, групавыя формы работы. Зваротная сувязь была наладжана праз выкарыстанне заданняў на нацыянальным партале adu.by, стварэнне на платформе “Learning Apps.org” QR-кодаў, праз тэхналогію сучаснага апытання PLICKERS.

Педагогі школы годна прадставілі ўстанову на абласным фестывалі “Садруж­насць-2020. Педагог ХХI стагоддзя: псіхолага-педагагічная культура і прафесійная кампетэнтнасць”, які прайшоў на базе гімназіі Рагачова.

У школе створана служба медыяцыі, якая дапамагае фарміраваць навыкі камунікацыі, вучыць цывілізаваным формам вырашэння канфліктаў, павышае ўзровень правасвядомасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Па выніках года ў школе прайшла цырымонія ўшаноўвання педагогаў і вучняў. Статуэткі “Вучань года”, “Спартсмен года”, “Асоба года”, “Настаўнік года”, “Клас года”, “Лідар года”, “Педагог дадатковай адукацыі” намінантам уручыла дырэктар школы. Патрыятычнае выхаванне ў Год малой ра­дзімы стала прыярытэтным кірункам развіцця асобы навучэнцаў. Сёлета працягнута школьная традыцыя высадкі туй выпускнікамі школы на “Алеі выпускнікоў”.

Школа ўвесь час знаходзіцца ў рэжыме пошуку шляхоў удасканалення адукацыйнага працэсу.

Сістэма адукацыі Рагачоўскага раёна ўключае 64 установы адукацыі, дзе плённа працуюць 1482 пе­дагогі. У 32 школах вучыцца амаль шэсць тысяч дзяцей. 20 выпускнікоў сёлета атрымалі залатыя медалі. Начальнік аддзела адукацыі Алена Клачкова расказвае, што ў раёне ганарацца і двума пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі:

— Да таго ж, настаўнік пачатковых класаў СШ № 4 Рагачова Наталля Лізунова і настаўнік працоўнага навучання Стаўпнянскай сярэдняй школы Аляксандр Атрохаў сталі пераможцамі абласнога этапа конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020». Яны прадставяць Гомельшчыну на заключным этапе конкурсу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.