З любоўю і натхненнем

- 12:23Навіны рэгіёнаў

На Віцебшчыне БРСМ прысвяціў Дню маці новыя цікавыя праекты.

З 12 па 18 кастрычніка адбыўся інтэрнэт-чэлендж #словапершаеўжыццi. Арганізатары прапанавалі выбраць любімае фота з дзяцінства ці юнацтва сваёй мамы і паспрабаваць як мага больш дакладна паўтарыць яго ў сучасных рэаліях, сфатаграфаваўшы сябе, а затым размясціць арыгінал і гатовую работу ў форме калажу, асобных фота ў каруселі ў stories або профілі сацыяльных сетак з адзнакай @brsmby і пера­даць эстафету тром сябрам. У Глыбокім правялі інтэрнэт-чэлендж “Снеданне для мамы”. “Згатаваць снеданне для мамы — выдатны спосаб паказаць свой клопат і задаць выдатны настрой на ўвесь дзень. Нават такіх простых страў, як пышныя блінцы, французскія тосты або амлет, будзе цалкам дастаткова, каб прадэманстраваць сваю ­ўдзячнасць. Калі вы з любоўю ўсё згатуеце і падасце, гэты дзень вашай маме дакладна запомніцца”, — звярнуліся да моладзі арганізатары. Для ўдзелу ў чэленджы было дастаткова зняць на відэа працэс гатавання (ці зрабіць фота снедання) і размясціць відэа ў сябе на старонцы ў Instagram з хэштэгамі #БРСМГлубокое #Завтракдлямамы. З 12 па 16 кастрычніка прайшоў абласны творчы конкурс.

— Мерапрыемствы і праекты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, накіраваныя на выяўленне і падтрымку таленавітай моладзі, — адзін з вядучых напрамкаў у нашай дзейнасці, пры гэтым пашыраюцца формы работы, катэгорыі ўдзельнікаў, тэматычнае напаўненне, — адзначыў першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Вячаслаў Хрол. — Абласны конкурс на лепшую фатаграфію, малюнак і верш арт-эстафеты “Слова, першае ў жыццi…”, прадугледжваў шэраг тэматычных мерапрыемстваў, у тым ліку конкурсаў творчых работ (фатаграфія, малюнак, верш), прысвечаных Дню маці. Конкурс праводзіўся ў рамках рэалізацыі рэспубліканскага маладзёжнага праекта “Беларусь — крынiца натхнення”, мерапрыемствы якога яднае ідэя, што крыніцай натхнення для творчасці, развіцця, стваральнай працы сучасных беларусаў з’яўляюцца найбагацейшыя традыцыі і гісторыя нашай краіны, культурная спадчына мінулых пакаленняў, любоў і павага да Радзімы, а таксама Усебеларускай акцыі “За любімую Беларусь!”, прымеркаванай да знакавых па­дзей у грамадска-палітычным жыцці краіны і свят як краіны ў цэлым, так і асобных рэгіёнаў, уключаючы папулярныя сярод мола­дзі. Тэматыка конкурсных работ нацэлена на глыбокае і разнапланавае раскрыццё сэнсу мацярынства, пашырэнне культурнага асяроддзя і духоўнай свядомасці, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі мола­дзі, садзейнічанне развіццю і рэалізацыі маладзёжных грамадска значных ініцыятыў, узаемаўзбагачэнне вопытам работы ў справе захавання традыцыйных культурных каштоўнасцей.

Магчымасць паўдзельнічаць у кожнай з трох намінацый была ва ўсіх жадаючых ва ўзросце ад 14 да 31 года. Так, да разгляду ў паэтычнай намінацыі, на фотаконкурс прымаліся работы, у якіх раскрываецца тэма мацярынства. Намінацыя на лепшы малюнак атрымалася, мабыць, самай творчай: аўтараў не абмяжоўвалі ні ў фармаце, ні ў тэхніцы выканання (за выключэннем калажаў і аплікацый, а таксама работ, цалкам або часткова выкананых з дапамогай праграм для графічнага мадэлявання і дызайну). Імёны пераможцаў конкурсная камісія назаве на гэтым тыдні.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абкамам БРСМ, работу на абласны конкурс да Дня маці ў намінацыі “Лепшае фота” даслаў Аляксандр Кузьмін, Ушачы.