З любоўю і павагай да сваёй зямлі

Сёння нашу суботнюю планёрку гасцінна прымае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слонімскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Тэрэса Вацлаваўна ЮШКЕВІЧ. Сістэма адукацыі і выхавання Слонімшчыны развіваецца вельмі дынамічна. Тут працуюць у трэндзе сучасных запытаў грамадства.

— Тэрэса Вацлаваўна, як прайшло першае вучэбнае паўгоддзе ў сістэме адукацыі Слонімскага раёна?

— Сёння для кожнага педагога няма больш актуальнай і важнай задачы, чым забеспячэнне якаснай адукацыі. Менавіта веды і ўменне прымяніць іх на практыцы з’яўляюцца галоўным складнікам поспеху ў любой сферы дзейнасці. Усяго ў нашых установах вучацца і выхоўваюцца 6920 навучэнцаў, 2854 дзіцяці дашкольнага ўзросту і працуе 1459 педагагічных работнікаў. Захавана і працягвае развівацца сістэма дашкольнай адукацыі Слонімшчыны, што дазваляе не толькі пазбегнуць чаргі ў дзіцячы сад, але і даць бацькам права выбару ўстановы. Забяспечана варыятыўнасць новых форм дашкольнай адукацыі і стапрацэнтнае задавальненне запытаў бацькоў на адукацыйныя паслугі. Прадастаўлены на платнай аснове гувернёрскія паслугі (выхаванне і навучанне дзяцей дома) для 8 выхаванцаў.

Значнай падзеяй 2017 года для ўстаноў дашкольнай адукацыі нашага раёна стаў Х раённы фестываль дзіцячай музычна-песеннай і танцавальнай творчасці “Вясновы капеж”. Парадавалі нас у мінулым годзе 100-бальнымі вынікамі па беларускай і рускай мовах выпускнікі гімназіі № 1, сярэдніх школ № 2 і № 5, Сянькоўшчынскай сярэдняй школы. Профільным навучаннем у раёне ахоплена 270 навучэнцаў 10—11 класаў. Эфектыўна функцыянуюць педагагічныя класы ў сярэдняй школе № 8, якой па выніках дзейнасці быў прысвоены статус школы-лабараторыі вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі ў рамках супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка.

Для пераадолення сацыяльнай ізаляванасці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, фарміравання талерантнага стаўлення да іх другі год у раёне рэалізуецца праект “Разам мы зможам больш”. У гэтым годзе свята прайшло ў форме інклюзіўнага канцэрта і забаўляльнай праграмы. Пераход да інклюзіўнай адукацыі патрабуе павышэння ўзроўню прафесійнага майстэрства педагогаў праз укараненне ў практыку работы сучасных адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій. Тут варта адзначыць спецыяльны яслі-сад, педагогі якога ў Міжнародным конкурсе “ІКТ-кампетэнтнасць педагога ў сучаснай адукацыі” ў снежні 2017 года заваявалі 7 дыпломаў розных ступеней.

У нашым раёне захавана і атрымала далейшае развіццё сістэма мастацкай і музычна-эстэтычнай адукацыі. Мы з’яўляемся неаднаразовымі пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”. У 2017 годзе званне “народны” прысвоена ансамблю інструментальнай музыкі сярэдняй школы № 8 і “ўзорны” — ансамблю цымбалістаў “Слонімскія зорачкі” сярэдняй школы № 2. Усяго ў раёне ва ўстановах адукацыі працуюць 9 узорных і 1 народны калектыў.

— Наколькі ў вас запатрабаваны РВМК і якія яго формы работы самыя актуальныя?

— Важным фактарам павышэння якасці адукацыі з’яўляецца кадравы педагагічны патэнцыял раёна. І роля раённага метадычнага кабінета ў павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў вялікая. Гэта і каардынацыя дзейнасці ў трох установах адукацыі 2 эксперыментальных праектаў і ў 18 установах — інавацыйных праектаў. Вынікам мэтанакіраванай работы ў бягучым навучальным годзе з’яўляецца адкрыццё абласнога рэсурснага цэнтра па музычна-эстэтычным выхаванні навучэнцаў на базе сярэдняй школы № 8 і пяці раённых рэсурсных цэнтраў, што дазваляе лепшым настаўнікам раёна трансліраваць свой педагагічны вопыт калегам. Апрабіраваны і апраўдалі сябе такія формы работы са спецыялістамі сістэмы адукацыі, як педагагічны марафон “Інтэлект. Інавацыі. Поспех”, арганізацыя ўзаемадзеяння педагогаў праз сеткавыя супольнасці. Функцыянуюць 8 раённых і 16 унутрышкольных супольнасцей.

— А як актыўна ў рабоце педагогаў выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі?

— Сёння інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі сталі даступнымі кожнаму чалавеку. Усё больш запатрабаванымі становяцца сродкі дыстанцыйнага навучання. У раённым ліцэі дзейнічае дыстанцыйная школа, якая ўключае курсы па 9 вучэбных прадметах. На пляцоўцы Ліцэя БДУ “Крок у будучыню” настаўнікі інфарматыкі і матэматыкі Л.М.Кірыленка і В.В.Суханькоў вядуць свае дыстанцыйныя курсы. Дыстанцыйнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу ажыццяўляецца таксама праз блогі, якіх на цяперашні момант ва ўстановах адукацыі раёна больш за 150. Вынікова выступаюць навучэнцы сярэдняй школы № 10 Слоніма пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі А.Г.Малінінай у рэспубліканскім этапе конкурсу камп’ютарных гульняў “Патрыёт.by”, заваёўваючы дыпломы І, ІІ, ІІІ ступеней.

— Як рэалізуеце ўзаемадзеянне з бацькамі?

— Узаемадзеянне школы і бацькоў мае розныя формы і праяўленні. Важную ролю ў паглыбленні сямейнага выхавання адыгрывае стварэнне сістэмы педагагічнага ўсенавуча бацькоў. У сетцы педагагічнага ўсенавуча раёна ў 2017/2018 навучальным годзе дзейнічаюць 222 бацькоўскія лекторыі, работа якіх будуецца дыферэнцыравана з улікам розных катэгорый сем’яў. Практыкуем правядзенне выязных бацькоўскіх сходаў па месцы жыхарства і па месцы працы бацькоў. Выпрацоўцы стратэгіі супрацоўніцтва сям’і і школы спрыяе правядзенне раённых бацькоўскіх сходаў сумесна з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, устаноў аховы здароўя, Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Аднак варта прызнаць, што сям’я можа выступаць у якасці як станоўчага, так і адмоўнага фактару выхавання. Асаблівую трывогу выклікае павелічэнне фактаў ужывання нашымі дзецьмі алкаголю, асабліва піва. Турбуе, што нават бацькі часта не ўсведамляюць гэтага і што гэта можа прывесці яшчэ нядужы малады арганізм да алкагольнай залежнасці. А ў далейшым гэта сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, гэта дзеці, якія пры жывых бацьках становяцца сіротамі. Актуальнай на сённяшні дзень для нас з’яўляецца праблема нараджэння дзяцей у непаўналетніх маці, а таксама маці, раней пазбаўленых бацькоўскіх правоў у адносінах да старэйшых дзяцей альбо ў якіх непаўналетнія дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Так, за 2017 год гэтае пытанне ў нас вырашалася ў дачыненні да 34 нованароджаных, з якіх у 6 малых мамы непаўналетнія. Таму ўдасканаленне сістэмы комплекснага падыходу да аздараўленчай і прафілактычнай работы з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу — адна з асноўных задач, якія стаяць перад аддзелам адукацыі і педагагічнай грамадскасцю раёна. Але, напэўна, гэта тэма асобнай гутаркі.

— Што з’яўляецца найбольш прыярытэтным для развіцця сістэмы адукацыі Слонімскага раёна?

— Адметнай рысай нашай сістэмы адукацыі заўсёды было імкненне не проста ўзброіць чалавека наборам ведаў, але і сканцэнтравацца на развіцці яго духоўнага пачатку. Таму ў Год малой радзімы асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням выхавання ў нашых дзяцей любові і павагі да сваёй зямлі, пачуцця ўласнай годнасці і прыгажосці, спагады да блізкіх, беражлівых адносін да народных традыцый. На сучасным этапе развіцця сістэмы адукацыі адным з ключавых кірункаў дзейнасці з’яўляецца далейшае развіццё раённай мадэлі дапрафесійнай і профільнай падрыхтоўкі вучняў, забеспячэнне ўзаемадзеяння калектываў школ з установамі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і супрацоўніцтва з установамі вышэйшай адукацыі нашай краіны. Будзе працягнута работа па стварэнні ва ўстановах адукацыі здароўезберагальных і бяспечных умоў знаходжання навучэнцаў i персаналу.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.