З любоўю, па-французску!

- 10:55Дашкольная адукацыя

Bonjour! Bon matin, mes chers amis! Ça va? — так кожны раз вітае сваіх выхаванцаў Людміла Мікалаеўна Недасекава — педагог дадатковай адукацыі ясляў-сада № 341 Мінска. Усё жыццё яна прысвяціла выкладанню французскай мовы. Вучыла і студэнтаў, і школьнікаў, а ў апошнія гады выкладае свой любімы прадмет дашкольнікам. Амаль усе яе выхаванцы вучыліся або вучацца ў сталічнай гімназіі № 8, дзе французская мова з даўніх часоў у пашане. 

Прыгожая і рамантычная…

“Яшчэ ў школьныя гады з захапленнем чытала французскія раманы, — узгадвае Людміла Мікалаеўна. — І вельмі хацела пачытаць іх у арыгінале, ведала, што спрадвечная мова твораў прыгожая і рамантычная. Хаця скончыла фізіка-матэматычную школу, паступіла ў Мінскі інстытут замежных моў, у аўдыторыях якога хутка засумавала. У школе быў неардынарны тэмп жыцця. Я прывыкла рашаць складаныя матэматычныя задачы, шмат думаць, разважаць, будаваць гіпотэзы, а вывучэнне замежнай мовы патрабавала перш за ўсё намаганняў памяці, запамінання вялікай колькасці слоў. Здаралася, што з лекцый у лінгвістычным інстытуце збягала да сваіх аднакласнікаў на матэматычны факультэт універсітэта, дзе многія з іх вучыліся. Сапраўдная цікавасць да замежнай мовы і жаданне выкладаць яе з’явіліся падчас праходжання практыкі ў школе. Урокі, якія можна назваць правальнымі, абмінулі мяне, спадабалася працаваць з дзецьмі, і я зразумела, што педагогіка — маё прызванне”. Шмат гадоў Людміла Мікалаеўна адпрацавала ў Мінскім энергетычным каледжы, затым — у Вышэйшым каледжы сувязі, у аддзяленні паштовай сувязі, дзе, перш за ўсё, была патрэбна французская мова — менавіта яна лічыцца міжнароднай мовай паштовай сувязі.
У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Мінска Людміла Мікалаеўна (дасягнуўшы, дарэчы, пенсійнага ўзросту) вяла некаторы час гурток французскай мовы. На заняткі да яе прыходзілі дзеці з 4 гадоў. І самыя паспяховыя з іх ішлі ў далейшым у гімназію № 8 Мінска, дзе працягвалі ўдасканальваць веданне мовы, удзельнічалі і перамагалі ў алімпіядах па гэтым прадмеце. Аб поспехах гімназістаў ведалі ў адукацыйнай сферы. І загадчык ясляў-сада № 341 Мінска Наталля Сямёнаўна Чахомава (установа знаходзілася побач з гімназіяй) падумала: а што, калі арганізаваць для выхаванцаў адукацыйную паслугу па вывучэнні французскай мовы звыш базавага кампанента? Параілася з бацькамі і, атрымаўшы згоду, запрасіла весці гурток Людмілу Мікалаеўну Недасекаву.
“Псіхолагі сцвярджаюць: чым раней дзіця пачынае вывучаць замежную мову, тым прасцей дасца яму яе спасціжэнне ў будучыні, паколькі працэс запамінання інфармацыі ў малышоў значна больш інтэнсіўны, — падкрэслівае Людміла Мікалаеўна. — Дашкольны перыяд сензітыўны, калі адбываюцца працэсы актыўнага пазнання і засваення. Маленькія дзеці здольны адрозніваць маўленчыя патокі на розных мовах, яны могуць дакладна ўзнаўляць пачутае. Упэўнена, што, вывучаючы замежную мову, дзіця і родную мову будзе лепш засвойваць, у тым ліку і правілы напісання многіх слоў. У рускай мове, напрыклад, сустракаецца шмат слоў з французскай. Возьмем слова “вінегрэт”. Не ўсе дзеці і нават дарослыя напішуць яго з літарай “і”. Калі ж успомніць, што паходзіць яно ад французскага слова vinaigrette (соус з воцату і алею), то ўсё становіцца на свае месцы. Вывучаючы замежную мову, дзеці пашыраюць свой кругагляд. Яны даведваюцца аб нашай планеце, яе краінах і гарадах, калі ўважліва разглядаюць глобус у пошуках Францыі і яе сталіцы. Калі мы адпраўляемся ў віртуальнае падарожжа ў Парыж, то садзімся ва ўяўны самалёт, абавязкова з візай, якую папярэдне малюем, і ўсімі неабходнымі дакументамі. Я расказваю малышам, як паводзіць сябе падчас падарожжа, знаёмлю з ладам жыцця парыжан, са славутасцямі французскай сталіцы, з традыцыямі правядзення свят — Калядаў і Новага года, свята мам і г.д. Знаёмства з Францыяй адбываецца і праз параўнанне з традыцыямі нашай радзімы, роднага горада. Такім чынам малышы пачынаюць усведамляць, што замежная мова не толькі сродак зносін, але і выдатны спосаб пазнання свету. У іх фарміруецца пачуццё інтэрнацыяналізму, з’яўляецца імкненне сябраваць з равеснікамі з іншых краін”.

Навучанне ў руху

Дзейнасць гуртка, які вядзе Людміла Мікалаеўна, ажыццяўляецца ў яслях-садзе № 341 Мінска ў рамках эксперыментальнага праекта “Апрабацыя навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін (замежная мова)” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Для работы выкарыстоўваюцца макетныя ўзоры ВМК “Wonderland”, якія ўключаюць у сябе вучэбна-метадычны дапаможнік для педагога ўстаноў дашкольнай адукацыі “Французская мова для дашкольнікаў: методыка правядзення спецыяльных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу” аўтара М.Л.Дарафеенка, вучэбны наглядны дапаможнік (рабочы сшытак) для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту (сумесная дзейнасць педагога і дзяцей) на матэрыяле французскай мовы, а таксама вучэбны наглядны дапаможнік “Французская мова для дашкольнікаў” (Le français pour les petits) аўтара Л.А.Пшаніцынай і аўдыядапаможнік да яго.
Заняткі Людміла Мікалаеўна праводзіць два разы на тыдзень з выхаванцамі ад 4 да 5 і ад 5 да 6 гадоў. У кожнай яе групе не больш за 12 дзяцей. Працягласць адных заняткаў для дашкольнікаў — 30 хвілін. За кожны год навучання малышы засвойваюць да 150 лексічных адзінак. Яны атрымліваюць веды па пытаннях сацыяльна-культурнай і пазнавальна-практычнай сферы, сямейных і этыкетных зносін. Людміла Мікалаеўна імкнецца сфарміраваць у іх навыкі правільнага вымаўлення, вучыць разумець простыя звароты адно да аднаго на французскай мове, называць прадметы, характарызаваць іх, правільна задаваць пытанні і адказваць на іх. Педагог развівае навыкі аўдзіравання з выкарыстаннем наглядных сродкаў.
…Завітаем на заняткі да Людмілы Мікалаеўны. У самым іх пачатку педагог вітаецца з малышамі на французскай мове, затым праводзіць з імі фанетычную гімнастыку, якая спрыяе фарміраванню навыкаў правільнага вымаўлення (як сукупнасці гукаў, так і ізаляваных, а таксама асобных слоў, фраз) і развіццю фанетыка-фанематычнага слыху. З гэтай мэтай выхаванцы развучваюць даступныя ім вершы і песні, праслухоўваюць аўдыяматэрыялы, знаёмяцца з дыдактычнымі гульнямі. Пасля праводзіцца фізкультхвілінка. У асноўнай частцы заняткаў вывучаюцца як новыя лексічныя адзінкі, моўныя ўзоры, так і паўтараецца папярэдні матэрыял, ідзе яго замацаванне. У заключнай частцы абагульняецца ўвесь пройдзены матэрыял і дзеці атрымліваюць заахвочванне — і на словах, і ў выглядзе падарункаў-наклеек у рабочыя сшыткі за поспехі. Напрыканцы — развітанне на французскай мове, таксама традыцыйнае — Au revoir, вonne chance!
Асаблівасцю правядзення заняткаў з выхаванцамі 4—5 гадоў з’яўляецца паступовае ўзмацненне патрабаванняў да навучання. Педагог заклікае дзяцей па некалькі разоў паўтараць іншамоўныя словы і фразы да таго часу, пакуль яны трывала не запомняць іх. Для выхаванцаў 5—6 гадоў прыкладна палова фраз, якія гучаць на занятках, павінна быць на французскай мове.
Малышы арыентуюцца толькі на тое, што і як Людміла Мікалаеўна гаворыць, вучацца, паўтараючы за ёй. Яна так і кажа дзецям: “Сачыце за маімі вуснамі — тады ў вас усё атрымаецца”. Зразумела, што пісаць і чытаць на замежнай мове яны не могуць, але і паўтараць за педагогам усе 30 хвілін заняткаў яны не будуць.
“Калі працуеш з маленькімі дзецьмі, не трэба быць занадта дарослым, — адзначае педагог. — Важна размаўляць з імі на іх узроўні, у зносінах заўсёды дарэчы будзе гумар. Побач з імі я жартаўлівая і добрая бабуля, і яны раскрываюцца, весяляцца ад душы. Калі бачу, што дзеці жадаюць скакаць, бегаць або танцаваць, дазваляю ім гэта, але даю адпаведныя заданні на французскай мове. І сама рухаюся разам з імі. Прапаноўваю ім розныя гульні: сюжэтна-ролевыя, дыдактычныя, рухавыя, тэатралізаваныя, разыгрыванне сюжэтаў. Прыдумваю кароткія забаўляльныя вершы. Гэта вельмі дапамагае, асабліва калі трэба запомніць цяжкае слова на французскай мове. Напрыклад, пры вывучэнні жывёл, якія жывуць у лесе, дзеці запамінаюць вельмі складаныя словы — écureuil (вавёрка) або renard (ліса). Задача вырашаецца хутчэй, калі прачытаць ім вершы-загадкі: “Очень рыжая, как осень, я мелькаю между сосен и бегу я на базар, а зовут меня…” або “Целый день без всякой спешки, я в дупле грызу орешки, называй меня скорей. Это просто — …”. Чытаю дзецям французскія казкі (“Кот у ботах”, “Чырвоная Шапачка” і г.д.), а пасля яны разыгрываюць невялікія сцэнкі, малююць казачныя сюжэты ў сшытках. Праводзім канцэрты і спектаклі для выхаванцаў з іншых груп і для бацькоў. Такім чынам кожнае дзіця, якое прымае ўдзел у дзействах, мае магчымасць прадэманстраваць сваё веданне замежнай мовы.
Абавязкова праводжу кантроль вывучанага матэрыялу, напрыклад, у выглядзе “вясёлкавых” дыктантаў. Каб даведацца, як дзеці вывучылі колеры, прапаноўваю ім намаляваць квадраты, затым я называю колеры па-французску, а яны замалёўваюць фігуры. Такім жа чынам мы пішам дыктанты на веданне агародніны і садавіны, а таксама змешаныя дыктанты па выніках вывучэння пэўных тэм.
Часта выкарыстоўваю калектыўныя метады работы, у тым ліку кантролю. Напрыклад, дзеці выстройваюцца і ўтвараюць цягнік, які па камандзе рухаецца то направа, то налева. Па ходзе я магу называць словы на рускай або французскай мове, і дзеці павінны іх перакладаць. За памылкі “высаджваюць” з цягніка. Дзеці садзяцца на канапу і чакаюць, калі цягнік зноў прыбудзе. Калі ж памылка выпраўлена, пасажыр зноў вяртаецца ў вагон. Іншы раз едзем пад словы вядомай усім песні, у якую малышы ўстаўляюць французскія словы. Напрыклад, “Тра-та-та, тра-та-та мы вязём з сабой ката (un chat)”. Выкарыстоўваю і перакрыжаваныя метады праверкі ведаў. Малышы становяцца ў кола, і кожны па чарзе называе любое слова па тэме на рускай мове і кідае мячык таму, хто першым правільна скажа яго па-французску.
Калі мы вывучаем краіназнаўчы матэрыял, прапаноўваю дзецям творчыя заданні: намаляваць нешта па тэме, зрабіць аплікацыю, выраб з паперы, пластыліну. Пры гэтым выхаванцы дэманструюць уменні і навыкі, атрыманыя на іншых занятках (па мастацтве, музычнай і выяўленчай дзейнасці і г.д.)”.
Пры навучанні дзяцей Людміла Мікалаеўна выкарыстоўвае шматлікія дыдактычныя сродкі: цацкі рознага памеру і колеру, гульнявыя наборы “Заапарк”, “Цырк”, “Магазін”, “Сям’я”, муляжы садавіны і агародніны, цацачны посуд і г.д. Маляўнічыя сюжэтныя малюнкі, ілюстрацыі да казак, пейзажы пор года таксама ў скарбонцы педагога. Асаблівую ўвагу яна ўдзяляе цацкам-персанажам, яны пастаянныя “памочнікі” педагога. Незаменнымі атрыбутамі на занятках з’яўляюцца глобус, карты свету, Францыі і Беларусі, фатаграфіі з беларускімі і французскімі, мінскімі і парыжскімі славутасцямі, зборнікі казак і дзіцячых апавяданняў з ілюстрацыямі аўтараў гэтых дзвюх краін. Актыўнаму засваенню мовы садзейнічае музычнае афармленне заняткаў аўдыязапісамі французскіх дзіцячых песень, у тым ліку ў выкананні дзяцей, фанаграмы песень, якія дзеці самі спяваюць на занятках.
Па выніках двухгадовага навучання французскай мове маленькія навучэнцы Людмілы Мікалаеўны дасягаюць пэўных вышынь. Яны разумеюць пытанні педагога і адказваць на іх, робяць гэта і ў працэсе гульні, і па ходзе іншай дзейнасці, умеюць задаваць пытанні, характарызаваць у кароткай форме прадметы, дэкламуюць французскія вершы, спяваюць, карыстаюцца французскай мовай у пэўным даступным ім аб’ёме.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.