З любоўю, разуменнем, вераю

Ад узроўню прафесіяналізму педагога залежыць узровень падрыхтоўкі яго навучэнцаў — словы вядомыя і, безумоўна, справядлівыя. У адносінах да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця трэба зрабіць невялікае ўдакладненне: поспех у працы з такімі вучнямі залежыць не толькі ад узроўню прафесійных кампетэнцый педагога, але і ад узроўню яго інклюзіўнай культуры.

Так лічыць кіраўнік рэгіянальнага цэнтра па інклюзіўнай адукацыі настаўніца дапаможнай школы № 24 Оршы Алена Аляксандраўна СЕМЯНКОВА.

Педагогі не заўсёды гатовы працаваць з асаблівымі дзецьмі. Пэўныя цяжкасці могуць адчуваць як маладыя настаўнікі, так і іх калегі з вялікім прафесійным стажам. Менавіта таму важным з’яўляецца дзейнасць рэсурсных цэнтраў па інклюзіўнай адукацыі. Адзін з такіх цэнтраў — “Псіхолага-педагагічнае і арганізацыйнае забеспячэнне развіцця інклюзіўнай адукацыі” працуе з 2018 года на базе дапаможнай школы № 24 Оршы. Усяго два няпоўныя гады прайшло з моманту яго адкрыцця, а ўжо праведзена некалькі семінараў, канферэнцыя, падрыхтаваны метадычныя распрацоўкі. Значная заслуга ў эфектыўнай дзейнасці цэнтра нале­жыць яго кіраўніку. Самае лепшае, што назапашана ў Беларусі і іншых краінах у сферы інклюзіўнай адукацыі, Алена Аляксандраўна разам з настаўнікамі 24-й школы перадаюць калегам Віцебшчыны.

“Рэалізацыя інклюзіўнай адукацыі з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця сацыяльнай і адукацыйнай палітыкі многіх краін. Таму нам важна знаёміцца з гэтым вопытам, пераймаць яго. Я, напрыклад, удзельнічала ў навукова-практычных семінарах і канферэнцыях, педагагічных чытаннях у Беларусі, Расіі, Казахстане, Італіі, Іспаніі, Германіі, Нарвегіі, ЗША, — адзначае настаўніца. — Наш рэсурсны цэнтр працуе з рознымі катэгорыямі педагагічных кадраў, намеснікамі дырэктараў, настаўнікамі-дэфектолагамі, педагогамі-псіхолагамі, педагогамі дашкольнай адукацыі. Акрамя таго, рэгулярна чытаю лекцыі на базе Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі на курсах павышэння кваліфікацыі педагогаў па арганізацыі работы з дзецьмі з АПФР, ва ўмовах інклюзіі, па ўдасканаленні кампетэнцый педагогаў, калі яны сутыкаюцца на практыцы з асаблівымі дзецьмі, па арганізацыі работы з іх бацькамі”.

Дэвізам Алены Аляксандраўны, як і ўсіх настаўнікаў 24-й аршанскай дапаможнай школы, з’яўляюцца 5 дзеясловаў, накіраваныя на асобасна арыентаванае навучанне: любіць, разумець, прымаць, спачуваць, верыц­ь. Наша гераіня лічыць, калі педагог зможа сфарміра­ваць у сабе гэтыя якасці, то будзе талерантным, а значыць, паспяховым. “Калі ты будзеш цудоўным прафесіяналам, але не будзеш талерантным, то ты не зможаш перадаць вучням неабходныя веды, уменні, навыкі, сфарміраваць у сабе неабходныя кампетэнцыі. Педагог павінен валодаць інклюзіўнай культурай, якую мы намагаемся праз рэсурсны цэнтр прывіваць нашым калегам. Таксама на базе нашай установы рэалізуецца абласны інавацыйны праект па ўкараненні электронных сродкаў навучання ў карэкцыйна-адукацыйны працэс. У мінулым годзе мы завяршылі работы па рэспубліканскім інавацыйным праекце “Арганізацыя адукацыйнага працэсу на прынцыпах педагагічнай эрганомікі” па методыцы Базарнага. Мы заўсёды шукаем нешта новае, цікавае, эфектыўнае, што можна выкарыстоўваць пры арганізацыі работы з вучнямі, якія маюць розныя парушэнні”, — падзялілася Алена Семянкова.

Асаблівасці выхаваўчай работы з такімі дзецьмі заключаюцца ў развіцці іх патэнцыялу. Гэта фізкультурна-аздараўленчая і спартыўная работа, работа па арганізацыі творчай дзейнасці ў напрамках дэкаратыўна-прыкладнога, выяўленчага мастацтва, музычна-рыт­мічнай дзейнасці, тэатралізацыі. Найбольш важнай з’яўляецца тэатралізацыя. У 24-й дапаможнай школе Оршы яна абавязковая, паколькі парушэнне эмацыянальна-паводзінскага плана прысутнічае ва ўсіх выхаванцаў установы. Праз тэатральную дзейнасць у дзяцей з’яўляецца магчымасць раскрыць свае індывідуальна-псіхалагічныя характарыстыкі. Пра эфектыўнасць такой работы сведчаць перамогі і прызавыя месцы ў розных конкурсах, у першую чаргу творчага плана. Акрамя таго, ёсць шэраг спартыўных дасягненняў. Займаюць аршанскія выхаванцы і прызавыя месцы на дыстанцыйных алімпіядах. Значная заслуга ў гэтым належыць Алене Аляксандраўне, паколькі яна кіруе творчай групай педагогаў, якія адказва­юць за падрыхтоўку да гэтых конкурсаў.

Сёння настаўніца працуе ў складзе аўтарскага калектыву па стварэнні вучэбнага дапаможніка па беларускай мове для навучэнцаў 9—10 класаў дапаможных школ з беларускай мовай навучання. З 2012 года Алена Аляксандраўна займаецца экспертнай ацэнкай вучэбных дапаможнікаў для спецыяльных устаноў адукацыі, з’яўляецца таксама рэцэнзентам вучэбных дапаможнікаў, якія рыхтуюцца да друку, у прыватнасці, па рускай мове. Пад рэдакцыяй Алены Семянковай выйшлі чатыры зборнікі распрацоўкі ўрокаў па беларускай мове ў пачатковай школе.

“Калі раней у рабоце з асаблівымі дзецьмі мы кіраваліся прынцыпам падрыхтоўкі іх да будучага жыцця, то цяпер гаворым пра паўнацэннае жыццё тут і цяпер. На жаль, захворванні некаторых дзяцей не даюць нам падставу гля­дзець з перспектывай у далёкую будучыню. Таму кожнаму з нас варта ўжо сёння вало­даць высокім узроўнем інклюзіўнай культуры, каб кожнае дзіця адчувала сябе роўным сярод роўных. Неабходна фарміраваць гэтае разуменне і прыняцце ідэй інклюзіўнай адукацыі ўсімі педагогамі. Не толькі фарміраваць і прымаць, а працаваць на прынцыпах інклюзіўнай адукацыі”, — адзначыла Алена Аляксандраўна.

Ігар ГРЭЧКА.