23—24 сакавіка прайшлі заключныя мерапрыемствы ІІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”, арганізаваныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У панядзелак, 23 сакавіка, у НЦМТДіМ урачыста адкрылася мастацкая выстава дзіцячай творчасці “Салют Перамогі”, прысвечаная 70-годдзю Вялікай Перамогі, а таксама адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў агляду-конкурсу. А на наступны дзень у сталічным Палацы прафсаюзаў з аншлагам і фурорам прайшоў гала-канцэрт з удзелам самых таленавітых дзяцей краіны.
Гала-канцэрт прызёраў і пераможцаў ІІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” палічылі за гонар наведаць прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, абласных упраўленняў адукацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, Дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем СНД, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і іншыя паважаныя госці. Вітаючы перапоўненую залу Палаца прафсаюзаў, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык назваў агляд-конкурс і, у прыватнасці, заключны гала-канцэрт вельмі доўгачаканымі падзеямі ў сферы дзіцячай творчасці, асабліва актуальнымі ў Год моладзі і год юбілею Вялікай Перамогі. Віктар Віктаравіч нагадаў прысутным, што ўсяго ў грандыёзным творчым марафоне пад назвай “Прывітанне, свет!”, які пачаўся яшчэ восенню мінулага года ў рэгіёнах, прынялі ўдзел больш за 85 тысяч дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Яны дэманстравалі свае таленты ў харэаграфічнай, харавой, тэатральнай, вакальнай творчасці, інструментальнай музыцы, у такіх кірунках, як тэатры моды і сцэнічнае мастацкае слова, у выяўленчым мастацтве — усё гэта сведчыць пра надзвычай шырокі дыяпазон творчых інтарэсаў і магчымасцей нашых дзяцей і моладзі.
Да таго ж, заўважыў намеснік міністра адукацыі, агляд-конкурс “Прывітанне, свет!” выдатна прадэманстраваў унікальнасць нашай дзяржавы ў плане асабліва ўважлівага стаўлення да дадатковай адукацыі — вельмі многія яго ўдзельнікі прадстаўлялі ўстановы менавіта гэтага сегмента адукацыйнай сістэмы краіны. “Сёння наша дадатковая адукацыя вельмі арганічна ўцягнута ў агульнаадукацыйны працэс. Фактычна кожны другі школьнік наведвае ўстановы дадатковай адукацыі і займаецца там сваёй любімай справай”, — падкрэсліў В.В.Якжык. Ён жа ўручыў спецыяльныя дыпломы Міністэрства адукацыі старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончыку, прадстаўнікам абласных упраўленняў адукацыі. Дыпломамі міністэрства ўзнагароджаны ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама — “За высокі ўзровень арганізацыі і правядзення абласнога этапу агляду-конкурсу”, камітэт па адукацыі Мінскага гарвыканкама — “За эфектыўную работу па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення сродкамі мастацкай творчасці”, упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама — “За сістэмную работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні навучэнцаў сродкамі мастацкай творчасці”.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка ў гутарцы з нашым карэспандэнтам таксама не хавала сваіх радасных эмоцый з нагоды свята, якім стаў гала-канцэрт у Палацы прафсаюзаў. Пры гэтым, праўда, заўважыла, што адбіраць нумары для гэтага заключнага дзейства было вельмі нялёгка. Усяго ў абласных і мінскім гала-канцэртах было прадэманстравана ажно 342 нумары, і бадай кожны быў вартым таго, каб трапіць на рэспубліканскую сцэну. “Прыйшлося выбіраць самых вартых з вартых”, — падкрэсліла Надзея Васільеўна.
Наогул жа, па словах дырэктара НЦМТДіМ, калі некалькі гадоў назад Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” толькі пачынаўся, яго арганізатары вельмі хваляваліся, як успрымуць яго дзеці, педагогі, кіраўнічыя структуры ў сферы адукацыі ў абласцях. Справа ў тым, што да гэтага вопыту правядзення такога звышмаштабнага і мнагажанравага творчага спаборніцтва ў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі фактычна не было. Раней ладзіліся пераважна аднажанравыя конкурсы, напрыклад, па харавой творчасці, інструментальнай музыцы, эстрадным вакале і г.д. А тут трэба было ахапіць дзяцей з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з усёй краіны ды “размеркаваць” іх творчасць па 11 намінацыях.
“Але на сённяшні дзень, — адзначыла Надзея Васільеўна, — мы выразна ўбачылі, што выбар на карысць мнагажанравага творчага праекта быў зроблены правільна. Цікавасць да конкурсу і з боку дзяцей, і з боку іх педагогаў неверагодна вялікая. 85 тысяч удзельнікаў — гэта ж каласальная лічба для нашай не вельмі вялікай краіны! Не менш уражвае і вось гэтая лічба — 122 пераможцы і прызёры агляду-конкурсу! І што асабліва парадавала сёлета, дык гэта тое, як пранікнёна і глыбока дзеці змаглі адлюстраваць у сваёй творчасці тэму Вялікай Перамогі, вайны. Узяць хоць бы тых жа чытальнікаў, якіх, дарэчы, у гэтым годзе было нямала. Або шчымлівыя харэаграфічныя, вакальныя нумары… За гэтых дзетак хочацца проста бязмежна радавацца, усяляк дапамагаць ім развівацца. Гэта ж банк нашых цудоўных талентаў, будучыня нашай краіны. І няхай, безумоўна, не ўсе яны звяжуць сваё жыццё з прафесіяй у мастацтве, але тое імкненне да творчасці, якое сеюць у іх душах педагогі, яны будуць праяўляць у любой справе. І жыццё іх будзе цікавейшым, больш яркім і духоўна насычаным”.
Кажуць, білетаў на гала-канцэрт ІІІ Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” было не дастаць яшчэ за 10 дзён да яго. Ужо з самага ранку 24 сакавіка да Палаца прафсаюзаў пачалі пад’язджаць аўтобусы з брэсцкімі, віцебскімі, гомельскімі, гродзенскімі, магілёўскімі, мінскімі абласнымі нумарамі. Адтуль гаманлівымі чародамі высыпалі шчаслівыя дзеці і ішлі ў вялікі для пераважнай большасці з іх незнаёмы будынак, каб потым там сказаць сваё “прывітанне” свету. Героямі гала-канцэрта сталі дзясяткі бліскучых талентаў — індывідуальных выканаўцаў і творчых калектываў: ансамбль сучаснай харэаграфіі “Натхненне” (Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі), Марыя Зайко (Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі), узорны ансамбль народнага танца “Праменьчык” (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста), узорны фальклорны калектыў “Нежачкі” (Расонскі цэнтр дзяцей і моладзі), узорны ансамбль народнай музыкі “Сеніцкія дудары” (Сеніцкая сярэдняя школа імя Янкі Купалы), узорны ансамбль народнага танца “Мацейка” (сярэдняя школа № 13 Баранавіч), заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Ярыца” (абласны Цэнтр творчасці Магілёва), заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Чабарок” (Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі), узорны харэаграфічны ансамбль “Данс-Авеню” (гімназія № 5 Мінска), Ангеліна Піпер і ўзорны ансамбль танца “Прэстыж” (Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці), харэаграфічны калектыў “Рытм” (Чашніцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі), узорны мастацкі калектыў “Звонкія галасы” (сярэдняя школа № 3 Наваполацка), харэаграфічны ансамбль “Ростань” (Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі), Уладзімір Чуклай (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Мінска), студыя спартыўнага бальнага танца “Іскаркі” (Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі), вакальная група “Крутыя хлапчукі” (сярэдняя школа № 8 Слоніма), заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь тэатр-студыя “Вясёлка” (Абласны цэнтр творчасці Магілёва), узорны духавы аркестр сярэдняй школы № 8 Оршы… Няхай даруюць мне тыя ўдзельнікі гала-канцэрта, каго я тут не назваў. Поўны пералік выступоўцаў быў бы яшчэ ўдвая ці ўтрая даўжэйшы.
А мне тым часам, калі глядзеў і слухаў той цудоўны канцэрт, падумалася, што яго тры тэматычныя блокі можна было б умоўна назваць: “З любоўю” (фальклорны блок), “З удзячнасцю” (нумары, прысвечаныя непасрэдна 70-годдзю Вялікай Перамогі) і “З асалодай” (сучаснае мастацтва). Падумалася і тут жа перадумалася, бо любоў, удзячнасць і асалода прысутнічалі разам у кожным нумары, ва ўсім канцэрце.
Непадзельная ў сваёй шчырасці і прыгажосці дзіцячая творчасць…
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.