З людзьмі і для людзей

- 12:53Суразмоўца

Марына ВАСЬКО,
дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы

Разам з краінай

Сёння абавязак кожнага — уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы, каб захаваць і прымножыць усё, што было створана за гады суверэнітэту. Глыбока пераканана, што паступальны рух у далейшым развіцці Беларусі звязаны з канстытуцыйнай рэформай, якая адпавядае запытам часу. Важна, што ўсе змяненні Асноўнага закона накіраваны на захаванне дзяржаўнасці і міру, грамадзянскай згоды на беларускай зямлі, нацыянальнай самабытнасці, культурных і духоўных традыцый, сацыяльна арыентаванай дзяржаўнай палітыкі. У гэтым перспектыўнасць і лёсавызначальнасць абноўленай Канстытуцыі.

Актыўна ўдзельнічаю ў абмеркаванні праекта дапаўненняў і змяненняў Асноўнага закона. Так, за апошні месяц правяла ў Брэсце больш за 20 сустрэч з працоўнымі калектывамі, у тым ліку ўстаноў адукацыі, і дыялогавых пляцовак з моладдзю. Хачу адзначыць, што праект выклікае жывы водгук у людзей, бо ўсе разумеюць, што сёння мы — удзельнікі важных гістарычных і палітычных падзей. Уносячы змяненні ў Асноўны закон, мы вызначаем стратэгічныя напрамкі развіцця Беларусі на далёкую перспектыву.

Сярод найбольш актуальных пытанняў — захаванне і пашырэнне сацыяльных гарантый для розных катэгорый грамадства, узмацненне сацыяльнай адказнасці грамадзян, замацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей і захаванне гістарычнай памяці, роля Усебеларускага народнага сходу і парадак вылучэння яго дэлегатаў. Педагогі падтрымліваюць норму пра пашырэнне абавязкаў бацькоў па выхаванні дзяцей, іх падрыхтоўцы да грамадска карыснай працы, прывіцці культуры і павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый. Моладзь станоўча адносіцца да заканадаўчай нормы, згодна з якой дзяржава садзейнічае яе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю, стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, самарэалізацыі ў інтарэсах грамадства.

Вельмі важна, каб кожны прыняў удзел у рэферэндуме. Калі мы зацікаўлены ў міры і спакоі, далейшым развіцці грамадства, то абавязаны скарыстацца правам голасу. Такім чынам кожны ўнясе ўклад у пабудову надзейнага падмурку незалежнай Беларусі.

Пра час і пра сябе

Заўсёды была надзвычай актыўнай: пачынаючы з дзіцячага сада і ўдзелу ў рабоце піянерскай дружыны да сённяшніх дзён. Пастаянна вучуся і бяру самую высокую планку ва ўсім, але заўсёды памятаю, што побач людзі. Такімі нас зрабіў час, у якім мы нарадзіліся: савецкія дзеці раслі нераўнадушнымі да грамадскіх падзей і часта ставілі калектыўныя інтарэсы вышэй за ўласныя.

Усё, што ёсць ува мне добрага, — ад маіх продкаў, сумленных і працавітых людзей. Прадзед Васіль па бацькавай лініі, удзельнік Курскай бітвы, загінуў пад Арлом. Ваяваў і дзед Пётр, які сустрэў перамогу ў Берліне. Стрыечны дзед Яўген па мацярынскай лініі расстраляны фашыстамі за дапамогу партызанам. Дзед Лука, бацька маці, жыў інтарэсамі людзей, клапаціўся пра іх: уласнаручна абсадзіў дарогу маладымі дрэўцамі, каб зімой снег не замятаў гасцінец. Я добра засвоіла жыццёвыя ўрокі продкаў: “Жыць сумленна і ў згодзе з людзьмі, усюды пакідаць добры след пасля сябе, рабіць так, каб ніхто нічога не перарабляў пасля цябе”.

Таму і выбар прафесіі быў невыпадковым — настаўніцтва. На гэта, канечне ж, паўплывалі бацькі. Віктар Пятровіч і Яўгенія Лукінічна ўсё жыццё прапрацавалі ў Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі майстрамі вытворчага навучання. Бацька — выдатнік сістэмы прафтэхадукацыі. Гэта вельмі прыстойныя і працавітыя людзі. Заўсёды адчуваю іх падтрымку і прыслухоўваюся да мудрых парад.

Акрамя бацькоў, у жыцці было шмат цудоўных настаўнікаў — педагогаў з вялікай літары. У гэтым плане я, напэўна, самы шчаслівы чалавек. З цеплынёй успамінаю сярэднюю школу № 24 Брэста і першую настаўніцу Алену Барысаўну Ляганаву, якая навучыла самаму галоўнаму — старанна вучыцца. Апошнія два школьныя гады правяла ў ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна, які шмат даў у асобасным развіцці.

Азы будучай прафесіі асвойвала ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Любімыя выкладчыкі У.А.Калеснік, Г.М.Малажай, А.А.Майсейчык, В.Я.Зарэцкая, Г.М.Праневіч, У.А.Сенькавец і многія іншыя ўкладвалі ў студэнтаў не толькі трывалыя веды, але і разуменне таго, якім павінен быць сапраўдны педагог.

Маё станаўленне як настаўніка і кіраўніка звязана з гімназіяй № 2 Брэста, дзе я адпрацавала больш за 20 гадоў. Рада, што вучыла лепшую моладзь, творчых і таленавітых дзяцей, а таксама многаму вучылася ў іх сама. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю калег. Калі чалавек чагосьці дасягае ў жыцці, то гэта адбываецца дзякуючы не толькі яго ўласным здольнасцям, але і падтрымцы родных, сяброў і калег. Разам з педагогамі гімназіі і іншых устаноў Маскоўскага раёна Брэста мы рэалізавалі шмат цікавых творчых і інавацыйных праектаў, спрыялі развіццю алімпіяднага руху, развівалі міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне адукацыі.

Шчыры дзякуй калегам і за тое, што яны паверылі ў мяне і выказалі давер пры вылучэнні кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. Быць дэпутатам — гэта адказны выбар і няпростая штодзённая праца. Я ўвесь час у дарозе і сярод людзей, актыўна ўдзельнічаю ў рэспубліканскіх і міжнародных грамадска-палітычных, адукацыйных і культурных мерапрыемствах, займаюся дабрачыннай дзейнасцю, праводжу сустрэчы з працоўнымі калектывамі і моладдзю. Так, удзельнічала ў міжнародным медыяпраекце “Радкі памяці”, з’яўлялася дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу, была ўдзельніцай круглага стала па распрацоўцы канцэпцыі Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Беларусі.

У сувязі з працоўнымі абавязкамі даводзіцца вырашаць вялікую колькасць пытанняў — ад сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі да рэалізацыі патрыятычных праектаў. Адно з іх — пашырэнне сеткі патрыятычных палатачных лагераў у краіне. Гэтая грамадская ініцыятыва знайшла разуменне і падтрымку з боку міністэрстваў адукацыі і абароны. Садзейнічала таксама рэалізацыі ваенна-патрыятычнага праекта “Мемарыяльны комплекс: гарады-героі”, ініцыятарамі якога выступілі школьнікі з Бураціі і гімназіі № 2 Брэста.

Важны напрамак работы — заканадаўчая дзейнасць. Вялікую ўвагу ўдзяляю рэалізацыі заканадаўчых ініцыятыў землякоў і выбаршчыкаў. Радуе, што многія прапановы былых калег, педагогаў-практыкаў, знайшлі адлюстраванне ў абноўленым Кодэксе аб адукацыі.

“З людзьмі і для людзей” — мой дэвіз і вызначальная грамадзянская пазіцыя, якой я прытрымліваюся ва ўсіх сферах жыцця.

Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.