З максімальнай самадысцыплінай

- 12:14Людзі адукацыі, Суразмоўца

Яна з ліку тых, хто не чакае падарункаў ад жыцця. Незалежна ад таго, як складваецца сітуацыя, Наталля Карчэўская, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, імкнецца разгледзець у ёй штосьці добрае, зрабіць высновы і ісці далей.

— Наталля Уладзіміраўна, чытаючы шматлікія інтэрв’ю з вашым удзелам, прыемна здзівілася вашай адкрытасці і шчырасці. Для мяне за ўсім гэтым стаіць перш за ўсё смеласць і адказнасць. Гэтыя рысы характару ў вас ад прыроды ці дзякуючы выхаванню?

— Хутчэй, другое. З дзяцінства добра разумела слова “трэба”. Не магу сказаць, што мама і тата былі строгімі, але даволі патрабавальнымі і справядлівымі. Калі неабходна было выйсці з дому а восьмай гадзіне, я ведала, што без чвэрці я павінна быць сабрана, каб не спазніцца і нікога не падвесці. А заняткі харэаграфіяй паспрыялі фарміраванню дысцыплінаванасці.

— Вы доўгі час займаліся танцамі. І даволі паспяхова. Нягледзячы на тое, што ў свой час самі забралі дакументы з харэаграфічнага вучылішча і перайшлі ў звычайную школу, працягнулі танцаваць у танцавальным калектыве “Чараўніцы”. Былі ў вашым жыцці і тэатральныя сцэны. Чаму ж не сталі харэографам?

— З 10 гадоў я займалася ў харэаграфічным вучылішчы (зараз Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж). Дакументы вырашыла забраць у старшых класах, калі зразумела, што мае фізічныя даныя для класічнага балета не падыходзяць. Для мяне гэта быў удар — я не ўяўляла свайго жыцця без танцаў! І працягнула танцаваць у складзе эстрадна-харэаграфічнага ансамбля “Чараўніцы”. Цікава, што адначасова стала і студэнткай інстытута культуры, і салісткай калектыву. Але на трэцім курсе пакінула “Чараўніц”, таму што на факультэце з’явіліся новыя педагогі з цікавымі праектамі, і я вырашыла больш часу аддаваць заняткам. Тэатральныя сцэны Магілёўскай абласной філармоніі і Маладзёжнага тэатра эстрады былі ў маім жыцці, калі вучылася ў аспірантуры. Пры ўсім гэтым я з самага дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Мама выкладала англійскую мову ў школе, тата быў трэнерам, лічыце, таксама педагог. Калі паступала ў Інстытут культуры, ведала, што буду выкладчыкам.

— Вы ім сталі, калі вам быў 21 год. Раскажыце пра першыя крокі на гэтым шляху. Было хваляванне?

— Канечне! Я прыйшла як выкладчык-стажор на кафедру педагогікі і псіхалогіі. Некаторыя студэнты былі старэйшыя за мяне. Я вельмі ўдзячна сваім педагогам, якія ў свой час вучылі мяне і падтрымлівалі, калі стала іх калегай. 

— Памятаеце свой першы выпуск?

— Памятаю. (Усміхаецца.) Дзеля таго каб іх выпусціць, я нават не пайшла ў дэкрэтны водпуск, калі нарадзіўся мой малодшы сын.

— Ці цяжка знайсці падыход да студэнтаў творчай УВА? Тут вучацца асаблівыя маладыя людзі — з тонкай душэўнай арганізацыяй, таленавітыя, ранімыя.

— Нашы студэнты атрымліваюць адукацыю, як і ў любой УВА краіны. Перад імі ставіцца задача, якую яна павінны выканаць. Яны павінны напрацаваць неабходныя навыкі і кампетэнцыі. Натхненне і муза — выдатна, калі яны ёсць, але каб быў вынік, неабходна працаваць; гледача або заказчыка не хвалюе, што ў цябе сёння няма натхнення. Ва ўсім свеце мастацтва, як ні дзіўна, — гэта вытворчы, строга рэгламентаваны і, як правіла, калектыўны працэс. У той жа харэаграфіі, рэжысуры, драматургіі патрабуецца максімальная самадысцыпліна: нельга падвесці людзей, якія побач. Добра, калі наведвае муза, але сядзець і чакаць яе нельга, гэта недапушчальная раскоша.

Патрыятызм не выхоўваецца лозунгамі, гэта штодзённыя, здавалася б, простыя дзеянні, накіраваныя на тое, каб краіна, як і ты сам, станавілася лепшай.

Культура — наша ўсё!

— Крыху больш за два гады назад вас назначылі рэктарам універсітэта. Зараз, маючы вопыт выкладчыка і кіраўніка, задумваліся, што больш складана?

— Я не люблю параўноўваць. Лічу, што настаўнік, выкладчык — таксама кіраўнік. Кіруе класам, групай, вучнямі. Цяжкасці ёсць і ў адной, і ў другой рабоце. А калі ты кіруеш такой вялікай адукацыйнай установай, то адказваеш адразу і за тых, хто вучыцца, і за тых, хто вучыць. Трэба ўлічваць усё — інтарэсы студэнтаў, выкладчыкаў, нават прыбіральшчыкаў, супрацоўнікаў сталовай і інтэрната. Гэта людзі, якія робяць адну вялікую агульную справу.

— Новыя якасці прыйшлося ў сабе адкрываць ці выхоўваць з пераходам на пасаду рэктара?

— Давялося вучыцца гаварыць “не”. І гэта было цяжка, таму што я з тых, хто заўсёды імкнецца выканаць просьбы іншых. Складана было вучыцца выносіць спагнанні. Перыядычна неабходна прымаць рашэнні, якія не ўсім падабаюцца. З цягам часу разумееш, што ўсім падабацца не будзеш, хаця мне як натуры творчай, артыстычнай гэтага б хацелася.

— Упэўнена, ваш працоўны дзень вельмі насычаны. Плануеце справы, ведзяце штодзённік?

— Я вельмі арганізаваны чалавек з дзяцінства. Раней усё трымала ў галаве і не дапускала зрываў. У апошнія некалькі гадоў запісваю. Канечне, планую свае справы, я ж не самастойная незалежная адзінка, улічваю графікі і інтарэсы сваіх калег.

— Кіруючы ўстановай, якая рыхтуе дзеячаў культуры, што вы самі ўкладваеце ў гэтае паняцце? Каго, на ваш погляд, можна лічыць культурным чалавекам?

— У шырокім сэнсе культура — гэта ўсё, што звязана з чалавекам, з яго дзейнасцю і асяроддзем. Пад гэтае паняцце можна падвесці ўсё — матэрыяльныя, нематэрыяльныя каштоўнасці, традыцыі, выхаванне, інтарэсы і паводзіны. Літаральнае ж значэнне слова “культура” — апрацоўка. Улічваючы гэта, для мяне культурным з’яўляецца той чалавек, які займаецца справай, штосьці добрае апрацоўвае ў сабе і побач з сабой, а не той, хто проста маскіруецца за правільным маўленнем, высокімі словамі. На жаль, самы эрудзіраваны, здавалася б, чалавек можа праявіць сябе непрыстойна.

— У гэтым годзе ўніверсітэт атрымаў высокую ўзнагароду — спецыяльную прэмію Прэзідэнта за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі і рэалізацыю грамадска-культурных праектаў. Гэты факт абавязвае?..

— Перш за ўсё, абавязвае не спыняцца на дасягнутым і працягваць рухацца наперад, развівацца далей. Узнагарода вельмі высокая. Яна, з аднаго боку, пацвярджэнне таго, што мы рухаемся ў правільным кірунку, з другога — натхняе на тое, каб дасягаць новых поспехаў. Для нас найбольш каштоўна, што адзначана праца калектыву і студэнтаў у сукупнасці. Вельмі радасна, што на высокім узроўні ацанілі нашы намаганні ў рэалізацыі Дня народнага адзінства, у аднаўленні работы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Студэнты і выкладчыкі прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу, у мерапрыемствах, прысвечаных Вялікай Перамозе, Дню Незалежнасці, Купаллю, ва ўрачыстым ушанаванні Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба. Патрыятызм не выхоўваецца лозунгамі, гэта штодзённыя, здавалася б, простыя дзеянні, накіраваныя на тое, каб краіна, як і ты сам, станавілася лепшай.

Лічу, што настаўнік, выкладчык — таксама кіраўнік. Кіруе класам, групай, вучнямі. Цяжкасці ёсць і ў адной, і ў другой рабоце. А калі ты кіруеш такой вялікай адукацыйнай установай, то адказваеш адразу і за тых, хто вучыцца, і за тых, хто вучыць.

“Ні кроплі не забабонны чалавек”

— З якім казачным персанажам вы сябе можаце параўнаць?

— Зараз адкажу, і ўсе псіхолагі пачнуць мяне даследаваць (смяецца), бо гаворка пойдзе не пра прыгожых прынцэс, а пра брыдкае качаня з казкі Ханса Крысціяна Андэрсена. Аднак амаль усе дзяўчынкі, якія, як і я, займаліся балетам, асацыіруюць сябе з гэтым персанажам. Па сутнасці, ты такім і з’яўляешся спачатку, і ад тваіх намаганняў, цярпення і працы залежыць, у каго ты ператворышся — у лебедзя ці качку, ці яшчэ ў кагосьці. Добра памятаю адзін са сваіх першых прызоў, які атрымала падчас вучобы ў харэаграфічным вучылішчы, — мяне адзначылі за лепшае выкананне мужчынскай ролі. Я іграла Кашчэя Бессмяротнага ў пастаноўцы, якую сама ж і прыдумала. Хлопчыкам было не да таго, а дзяўчынкі не захацелі…

— Калі б была магчымасць перанесціся ў іншую эпоху, куды б адправіліся?

— Цікава было б апынуцца ў Пецярбургу ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, каб паглядзець, як працаваў над стварэннем балетаў Чайкоўскі. А яшчэ цікава было б паглядзець, як праходзілі першыя “Рускія сезоны” ў Парыжы. Але жыць у іншым часе не хацела б.

— Верыце ў прыкметы?

— Я веру ў Бога. І таму ні кроплі не забабонны чалавек. Нават замуж другі раз выходзіла ў пятніцу 13-га. Мяне гэта зусім не збянтэжыла. І калі чорная кошка пераходзіць мне дарогу, значыць, ёй проста некуды трэба.

— Асабістае жаночае шчасце дапамагае ў кар’еры?

— Мне дапамагае. Да сустрэчы са сваім цяперашнім мужам я шмат чаго пра сябе не ведала і была крыху іншай. Гэта не значыць, што ён рухае маю кар’еру. Я проста стала спакайнейшай, ёсць з кім абмеркаваць хвалюючыя пытанні, я з упэўненасцю разлічваю на яго падтрымку. Мы разам выхоўваем нашых дзяцей. Мне вельмі пашанцавала, што сустрэла такога чалавека.

Марына ЖДАНАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.