Адкрытыя раённыя спаборніцтвы па авіямадэльным спорце, прысвечаныя 950-годдзю Оршы, правёў раённы Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
За перамогу змагаліся навучэнцы, якія займаюцца ў авіямадэльных гуртках. Цэнтрам падзей стала пляцоўка каля памятнага знака заснавання горада, на старт выйшла больш за 20 удзельнікаў. Самыя простыя мадэлі самалётаў, нібы гіганцкія стракозы, стараліся праляцець як мага далей. Здаралася, у самы адказны момант мадэль нечакана выбірала ўласны маршрут і пікіравала як прыйдзецца — на паводзінах тэхнікі адбівалася хваляванне спартсменаў. Не абышлося і без прыкрых паломак.
Спаборніцтвы адбываліся ў двух класах мадэлей. Індывідуальнае майстэрства пры наладцы і запуску дазволіла дасягнуць высокіх вынікаў ўдзельнікам спаборніцтваў у класе гумаматорных мадэлей-паўкопій К-1 — выхаванцам нашага цэнтра Сяргею Шапаваленку і Стасу Сідаровічу (кіраўнік А.А.Старасцін), а таксама Аляксандру Шастакову з сярэдняй школы № 8 (кіраўнік А.А.Паўлаў), якія і ўвайшлі ў тройку пераможцаў. У класе схематычнай мадэлі планёраў з запускам на лееры лідарства размеркавалася наступным чынам: на першым месцы Давід Нурсалтанаў з сярэдняй школы № 8 (кіраўнік А.А.Паўлаў), на другім — Дзмітрый Куратаў з гімназіі № 2 (кіраўнік А.М.Самойлаў), на трэцім — зноў прадстаўнік сярэдняй школы № 8 Аляксандр Будкевіч (кіраўнік А.А.Паўлаў).
Пераможцы і прызёры спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі раённага Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі і прызамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Барыс ДУШУК,
загадчык спартыўна-тэхнічнага аддзела
Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.
Фота аўтара.