З марай пра сумку з “грыбной” скуры

З 17 па 23 чэрвеня ў Асвега (штат Нью-Ёрк, ЗША) прайшла Міжнародная алімпіяда навучэнцаў па праблемах біялогіі (навуковых праектаў школьнікаў па праблемах навакольнага асяроддзя) GENIUS International High School Project Olympiad on Enviromental Issuses — 2019. Беларусь прадстаўлялі Настасся Рубніковіч, навучэнка Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, і яе навуковы кіраўнік Алеся Шавялёва. Яны прынеслі ў скарбонку міжнародных экалагічных узнагарод Беларусі “серабро”.

Алімпіяда GENIUS — ад зін з найбуйнейшых міжнародных навуковых конкурсаў-праектаў для школьнікаў 12—18 гадоў на тэму аховы навакольнага асяроддзя. Сотням юных навукоўцаў з усяго свету гэты экалагічны форум дае магчымасць сфарміраваць пачуццё адказнасці за будучыню нашай планеты, падзяліцца сваімі ўнікальнымі распрацоўкамі і першым навуковым вопытам.

Сёлета алімпіяда GENIUS International High School Project Olympiad on Enviromental Issuses  сабрала больш за 1400 праектаў. Сярод сярэбраных медалістаў — выхаванка Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства навучэнка сталічнай гімназіі № 20 Настасся Рубніковіч. Дзяўчына 2 гады займаецца ў аб’яднанні па інтарэсах “Батаніка. Прыкладная мікалогія”.

На алімпіядзе Насця прадставіла праект “Ацэнка патэнцыялу міцэлію ксілатрофных базідыяміцэтаў як біяпалімераў”. Дзяўчына тлумачыць складаную для недасведчаных лю­дзей назву свайго праекта так:

— Мы з Алесяй Аляксандраўнай стварылі два інавацыйныя матэрыялы. Першы — біяпалімер з міцэлію, які мы называем міка­скурай. Асноўны яе кампанент — хіцін, па структуры падобны да цэлюлозы, але больш трывалы. Ён вырошчваецца пласцінкай міцэлію грыбоў-трутавікоў. Гатовы матэрыял вельмі складана адрозніць ад натуральнай скуры. Ён мог бы замяніць яе і скуразаменнікі ў вытворчасці адзення, у скургалантарэі, бо па якасцях нічым не ўступае натуральнай скуры (у многім  нават яе пераўзы­ходзіць), але пры гэтым танны і экалагічна чысты.  Другі матэрыял, кампазіцыйны, з міцэлію і пілавіння, мы называем мікабрыкетам. У перспектыве ён можа стаць заменай пластыкавай упакоўцы для буйнога абсталявання і тэхнікі. Пілавінню пры дапамозе міцэлію грыба, які выконвае ролю злучальнага кампанента (за кошт шматлікіх нітак міцэлію, што злучаюць пілавінне, быццам клей), можна надаць любую форму і таўшчыню. У выніку мы атрымалі лёгкі і трывалы матэрыял, а галоўнае, натуральны і біяраскладальны.

— Сёння для ўпакоўкі апара­туры, абсталявання ў асноўным выкарыстоўваецца пенапласт. Наш матэрыял мог бы яго замяніць, — дадае Алеся Шавялёва. — У рамках праекта мы зрабілі фізіка-хімічныя выпрабаванні, прасканіравалі матэрыял на электронным мікраскопе, супрацоў­нікі Інстытута цепламасаабмену правялі выпрабаванні па цеплаправоднасці і тым самым даказалі, што наш матэ­рыял вельмі блізкі да пенапласту, але ў адрозненне ад яго не вы­дзяляе таксічныя газы пры гарэнні. Акрамя таго, падобна да 3D-прынтара, вырабу можна надаць абсалютна любую форму: ад гаршка — да цагліны. І галоўнае — наш прадукт біяраскладальны, таму, калі ён адпрацуе свой тэрмін, можа ста ць угнаеннем, бо па сутнасці гэта пілавінне, ферментаванае грыбам і ўзбагачанае каліем (калій — асноўны мінеральны кампанент грыбоў).

Вынаходка Насці была вельмі добра ацэнена экспертамі, нягледзячы на тое, што сёлета ўзровень алімпіяды быў надзвычай высокі.

— У мінулым годзе ў секцыі “Навука” было каля 500 праектаў, у гэтым — 950. Акрамя таго, прадстаўлена значна больш праектаў і ў секцыях “Бізнес”, “Інжынерыя”, “Робататэхніка” і інш. І пры гэтым колькасць узнагарод сёлета значна скарацілася, таму барацьба за іх ускладнілася.

Ускладніліся і тэмы праектаў, асабліва па малекулярнай біялогіі, нанатэхналогіях. Дарэчы, што тычыцца нанатэхналогій, то тут можна было вылучаць асобную секцыю па даследаванні анкамаркёраў — настолькі многа было прадстаўлена праектаў на тэму анкалогіі. Гэта ў нас, у Беларусі, дзіцячыя праекты амаль выключна экалагічныя: мы думаем, як выкарыстаць адходы, як палепшыць навакольнае асяроддзе і інш. У ЗША, напрыклад, тэмы куды больш глабальныя. Узрост алімпіяднікаў — да 19 гадоў, таму ў спаборніцтве прымаюць удзел навучэнцы каледжаў, а ў кале­джах зусім іншая база, — расказвае Алеся Аляксандраўна.

Для Насці ўзнагарода хоць і стала прыемнай, усё ж мэта дзяўчыны — рэалізаваць сваю ідэю на практыцы:

— Усе павінны задумвацца пра экалогію не толькі ў сваёй краіне, але і на ўсёй Зямлі, каб і мы, і нашы дзеці змаглі атрымлі­ваць асалоду ад прыроды. Асабліва актуальная праблема пластыку, і наша вынаходка змаг­ла б па­спрыяць выпраўленню сітуацыі, — гаворыць Настасся.

Праўда, каб эфект вынаходкі перайшоў з лабараторыі ў прыроду, адной перамогі мала.

— Нам не варта забывацца пра тое, што праект школьны, для далейшага яго прасоўвання, для яго рэалізацыі неабходна падтрымка. Паступалі прапановы ад зацікаўленых асоб з іншых краін прадаць нашу вынаходку, але нам не хацелася б пераўтвараць яе ў камерцыйны праект. Хочам рэалізаваць у сваім універсітэце і прынесці гэтым карысць дзяржаве. У нас з Насцяй ёсць яшчэ адзін год у 11 класе, каб працягнуць работу і паспрабаваць рэаліза­ваць праект на практыцы, — дзеліцца педагог.

Што ж тычыцца мінулагодніх праектаў-пераможцаў, кіраўніком якіх была Алеся Шавялёва, многія з іх ужо атрымалі практычны вынік. Напрыклад, грыбны кансервант, вынайдзены Палінай Кракасевіч для касметалогіі, упадабала адна з беларускіх фірм-вытворцаў, але пакуль для ўкаранення ў вытворчасць не вырашаны праблемы з выпрабаваннямі. Ка­рысць праекта Ула­дзіслава Андрэйчука па выкарыстанні водарасці трэнтаполіі выпрабавалі на птушкафабрыцы і на практыцы даказалі, што сапраўды пры ўнясенні гэтай дабаўкі ў корм павышаецца колькасць вітаміну А і караціноідаў у яечных жаўтках. У 2015 го­дзе пераможцам стаў праект па рэалізацыі малочнай сыроваткі. На Лунінецкім малочным заводзе ўжо рабілі пробны запуск абагачэння сыроваткі міцэліем грыбоў і ў выніку атрымалі карысны для здароўя мікапратэін. Ад біятэхнолагаў аўтары атрымалі на сваю знаходку станоўчыя водгукі.

Спадзяёмся, што некалі бу­дзем хадзіць па вуліцы з сумкай і ў абутку з “грыбной” скуры.

Святлана НІКІФАРАВА.