З марай пра “золата”

- 10:42Навіны рэгіёнаў, Рознае

Тры сярэбраныя медалі прывёз з чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы для спартсменаў з парушэннем слыху віцяблянін Данііл Дзігалевіч.

Амаль з першых дзён знаходжання Данііла ў Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху на яго звярнуў увагу настаўнік фізічнай культуры і спорту Юрый Філіповіч. Супадзенне інтарэсаў атрымалася поўнае: навучэнец сур’ёзна захапіўся лёгкай атлетыкай. Праз параўнальна кароткі час ён ужо прадстаўляў наш рэгіён на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Здольны юнак выступаў у складзе беларускай каманды на чэмпіянатах у Турцыі і Польшчы, але трапіць у тройку прызёраў усё не атрымлівалася. Затое трэці чэмпіянат, што праходзіў у нямецкім горадзе Карлсруэ, прынёс нашаму земляку адразу тры сярэбраныя медалі: у бегу на дыстанцыі 100, 200 і 400 метраў. Данііл працягвае трэніравацца ў інструктара-метадыста па фізічнай культуры і спорце Віцебскай абласной арганізацыі “БелТГ” Міхаіла Дубкова і марыць пра спартыўнае “золата”.

— Перамогі Данііла Дзігалевіча не абмяжоўваюцца спортам. Хлопец добра вучыцца, з’яўляецца пераможцам раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па абслуговай працы. Акрамя таго, нельга не сказаць пра артыстычныя здольнасці гэтага навучэнца: у пантаміме, клаўнадзе, жэставай песні ён адзін з лепшых у школе, — паведаміла дырэктар школы-інтэрната Святлана Алексяевіч. — Нездарма кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім, а задача педагогаў — дапамагчы кожнаму дзіцяці -ўсвядоміць свае магчымасці, раскрыць прыродныя здольнасці, паказаць шляхі далейшага гарманічнага развіцця. Асаблівае значэнне ўсё гэта набывае ў дачыненні да дзіцяці з парушэннем слыху. Мы ганарымся, што прыклад Данііла для нашай установы адукацыі паказальны і ў той жа час звычайны: для нас усе нашы навучэнцы таленавітыя і самыя лепшыя, і яны ў адказ радуюць нас сваімі поспехамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.