З матывацыяй — да інавацый

- 11:33Планёрка ў рэгіёне

“У студзені 2019 года ў сярэдняй школе № 2 Докшыц пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і ПВТ быў адкрыты Цэнтр 3D-праграмавання і робататэхнікі. З трэцяй чвэрці ва ўстанове пачало працаваць аб’яднанне па інтарэсах па робататэхніцы, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Докшыцкага райвыканкама Аксана Мікалаеўна Гушчык. — Малодшыя школьнікі адразу захапіліся робатамі WeDo 2.0, а старэйшыя працуюць з EV3. На базе цэнтра ўжо адбыўся міжраённы семінар настаўнікаў інфарматыкі Глыбоцкага і Докшыцкага раёнаў. У сярэдняй школе № 1 Докшыц стаў дзейнічаць факультатыў па робататэхніцы, за кошт пазабюджэтных сродкаў і спонсарскай дапамогі закуплены два канструктары WeDo 2.0”.

— Ва ўстановах адукацыі раёна зараз рэалізоўваецца некалькі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, — падкрэсліла Аксана Мікалаеўна. —  Гэта “Укараненне мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі” — на базе ясляў-сада № 1 Докшыц; “Укараненне мадэлі выкарыстання когнатэхналогіі (тэхналогіі дапоўненай рэальнасці) з мэтай фарміравання грамадзянска-патрыятычнай кампетэнтнасці навучэнцаў” — на базе Бягомльскай сярэдняй школы раёна; “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння працэсу навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем
матывацыі на І ступені агульнай сярэдняй  адука-­
цыі” — на базе сярэдняй школы № 2 Докшыц.

— Чым поўніцца скарбонка дасягненняў школьнікаў раёна?

 — Па выніках удзелу ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах дыпломамі ўзнагароджаны: навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 1 Докшыц В.Чарнуха (дыплом ІІ ступені) і навучэнка 11 класа гэтай жа школы Д.Шылко (дыплом ІІІ ступені) — па беларускай мове; навучэнец 11 класа Сітцаўскай сярэдняй школы І.Паульскі (дыплом ІІІ ступені) — па фізічнай культуры і здароўі. У дваіх вучняў — пахвальныя водзывы. Удзельнікамі і пераможцамі заключнага этапу адкрытага конкурсу для школьнікаў “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” сталі чацвёра навучэнцаў педагога сярэдняй школы № 2 Докшыц Л.Я.Лукашэвіч. Васьмікласніца Валкалацкай базавай школы Я.Кімстач і сямікласнік Бягомльскай сярэдняй школы К.Сайкоўскі з’яўляюцца суперфіналістамі рэспубліканскага тэлепраекта “Я ведаю!”. Дзевяць дыпломаў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь рознай вартасці — на рахунку вучняў Крулеўшчынскай сярэдняй школы, якія прадстаўлялі Віцебшчыну на рэспубліканскім злёце, прысвечаным 100-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У скарбонцы дасягненняў школьнікаў таксама дыплом І ступені рэспубліканскага конкурсу “Чарнобыль — позірк праз гады” і дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі памяці”.

Неаднаразовымі пераможцамі мерапрыемстваў з’яўляюцца навучэнцы і творчыя калектывы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Так, у 2018 годзе пераможцамі, прызёрамі і лаўрэатамі абласных мерапрыем­стваў сталі 137 дзяцей (33 дыпломы), рэспубліканскіх — 29 навучэнцаў (12 дыпломаў) і міжнародных спаборніцтваў — 93 школьнікі (19 дыпломаў).

— Як вырашаецца пытанне падрыхтоўкі моладзі да прафесійнага самавызначэння? 

— У 2018/2019 навучальным годзе ў сямі ўстановах адукацыі раёна арганізавана профільнае навучанне на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Профільным навучаннем у раёне зараз ахоплена 60% навучэнцаў 10 і 11 класаў. У Парплішчанскай сярэдняй школе арганізавана работа профільнага класа аграрнай накіраванасці, дзе нароўні з вывучэннем на павышаным узроўні хіміі і біялогіі дзеці наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў ­аграрныя спецыяльнасці”. Абавязковай умовай будучай прафілізацыі з’яўляецца правядзенне прафесійнай дыягностыкі навучэнцаў  9-х класаў. Яна дае магчымасць правільна вызначыцца з адпаведным профілем навучання і ўнутрыпрофільнай спецыялізацыяй, улічвае схільнасці навучэнцаў да тых ці іншых відаў прафесійнай дзейнасці. Зразумела, што для якаснай рэалізацыі профільнага навучання неабходна дапрофільная падрыхтоўка, змястоўную аснову якой складаюць факультатыўныя заняткі. Ахоп факультатывамі на другой ступені навучання штогод складае каля 80%.

— Як выконваецца сацыяльны заказ бацькоў на адукацыйныя паслугі для дашкольнікаў, у тым ліку на платнай аснове?

— У раёне арганізаваны адукацыйныя паслугі звыш базавага кампанента: “Харэаграфія”, “Замежная мова” , “Дзіцячае ручное ткацтва”, “Творчая майстэрня”, “Дзіцячы фітнес”. Паслугі аказваюцца для 387 выхаванцаў. Платныя адукацыйныя паслугі складаюць 85%.

На аснове запытаў бацькоў у Докшыцкім раёне функцыянуе 16 груп кароткачасовага знаходжання з рэжымам работы да 3,5 гадзіны, якія наведваюць 85 выхаванцаў. Адзначу, што ў гарадской і сельскай мясцовасці запыты на арганізацыю дадзенай паслугі розныя. У горадзе найбольш запатрабаваны матчыны школы і вячэрнія групы, у сельскай мясцовасці — групы ранішняга знаходжання, гульнявыя пляцоўкі, група выхаднога дня. Аддаленасць месца работы бацькоў ад месца пражывання, спецыфіка сельскай працы абумовілі неабходнасць адкрыцця 4-х груп ранішняга знаходжання, 3-х вячэрніх груп, 1 групы выхаднога дня і 3-х гульнявых пляцовак. Дзей­насць матчыных школ, якіх у раёне 5, накіравана на раннюю сацыялізацыю дзяцей, на лепшае іх развіццё, а таксама на далучэнне бацькоў да адукацыйнага пра­цэсу.

— Ці рыхтуюцца ўстановы адукацыі раёна да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?

— Да гэтага мерапрыемства далучаюцца ўсе ўстановы адукацыі раёна. На базе сярэдняй школы № 1 зараз адбываецца рэканструкцыя музея ­Героя Савецкага Саюза Івана Сцяпанавіча Палявога. У маі на базе музея народнай славы запланаваны міжнародны семінар “Тэрытарыяльная абарона дзяржавы: вопыт арганізацыі партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны і сучаснасць”. Пройдзе таксама навукова-практычная канферэнцыя настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства “Докшыцкі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны”. У раёне запланаваны велапрабег “Марафон мужнасці” і конкурс для навучэнцаў “Макеты помнікаў Вялікай ­Айчыннай вайны Докшыцкага раёна”.

Першым значным мерапрыемствам, прысвечаным 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стаў 54-ы Зорны інтэрнацыянальны паход атрада “Авангард” выкладчыкаў і студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка, які адбыўся ў студзені на тэрыторыі раёна. У выніку папярэдняй пошукавай работы студэнты ўніверсітэта знайшлі звесткі пра байцоў, якія загінулі ў гады вайны на тэрыторыі Докшыцкага раёна, і перадалі музею народнай славы. Удзельнікі зорнага паходу ўсклалі кветкі да мемарыяльных комплексаў “Шунеўка”, “Ходараўка”, помніка “Азарцы”. У Бягомльскай сярэдняй школе адбылася сустрэча з ветэранамі вайны і педагагічнай працы. У ходзе паездкі па раёне выкладчыкі і студэнты ўніверсітэта правялі 12 майстар-класаў для настаўнікаў пачатковых класаў і навучэнцаў 3—4 класаў, прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, выступілі з канцэртамі. Удзельнікі паходу сустрэліся з 40 выпускнікамі БДПУ, цяперашнімі настаўнікамі (у рамках ініцыятывы “105 прывітанняў для БДПУ”), а таксама з выхаванцамі Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната.

Надзея ЦЕРАХАВА.