З медалямі і вопытам

- 10:37World Skills

Каманда Брэстчыны даволі паспяхова выступіла на III Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018, які напрыканцы мая прайшоў у Мінску.

— У сёлетніх спаборніцтвах вобласць прадстаўлялі 30 удзельнікаў з 17 устаноў адукацыі і 4 прадпрыемстваў, — расказаў дырэктар Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Д.У.Шкілюк. — Уд зел у конкурсе дазволіў моладзі азнаёміцца з найноўшымі тэхналогіямі і механізмамі, удасканаліць пэўныя ўменні і навыкі, пераканацца ў правільнасці прафесійнага выбару. Акрамя таго, WorldSkills адыгрывае важную ролю ў трансляцыі эфектыўнага вопыту ва ўстановах адукацыі і развіцці інавацыйнай дзейнасці. Усё гэта станоўча ўплывае на працаўладкаванне навучэнцаў ПТНУ і ССНУ і іх кар’ерны рост.

Традыцыйна паспяховым для каманды вобласці стала выступленне ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”, дзе Ксенія Шафранская з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання заняла 1-е месца (эксперт-трэнер — выкладчык Марына Аляксандраўна Булдык). Яшчэ адным “залатым” прызёрам стаў Дзмітрый Янушчык з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў (эксперт-трэнер — майстар вытворчага навучання Вера Мікалаеўна Кірылюк). Юнак выдатна справіўся з заданнем у кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай”.

“Серабро” ў скарбонку каманды вобласці прынеслі Дзмітрый Сагановіч з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў (кампетэнцыя “Малярныя і дэкаратыўныя работы”), Андрэй Васюковіч з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа (кампетэнцыя “Сталярная справа”), Настасся Калюк з Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа (кампетэнцыя “Рэстаранны сэрвіс”), Арцём Захожы і Арцём Міндзер з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (кампетэнцыя “Мабільная робататэхніка”) і Уладзіслаў Вершыловіч з Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта (кампетэнцыя “Праграмныя рашэнні для бізнесу”).

“Бронзавымі” прызёрамі сталі Дзмітрый Мацейчык з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання (кампетэнцыя “Кузаўны рамонт”), Іван Якута з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (кампетэнцыя “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”) і Захар Лакцюшын з Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці (кампетэнцыя “Электрамантаж”).

Выступленне каманды Брэстчыны, 40% удзельнікаў якой вярнуліся з медалямі, стала паспяховым дзякуючы зладжанай і мэтанакіраванай рабоце кіраўніцтва ўстаноў прафесійнай адукацыі, аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і Брэсцкага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі.

У рамках WorldSkills Belarus прайшоў і конкурс па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод школьнікаў JuniorSkills Belarus, накіраваны на прыцягненне іх увагі да сучасных прафесій і аказанне дапамогі ў выбары далейшага прафесійнага шляху. У сёлетнім конкурсе JuniorSkills удзельнічалі 19 юніёраў з Брэстчыны, якія спаборнічалі ў 10 кампетэнцыях.

Лепшым у кампетэнцыі “Сістэмнае адміністраванне” аказаўся Дзмітрый Кулажанка з гімназіі № 1 Брэста (эксперт-трэнер — настаўніца інфарматыкі Ірына Юр’еўна Гарбацэвіч). Уладальнікамі “бронзы” сталі: у кампетэнцыі “Інжынерны дызайн CAD” Мікіта Дудчык з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (эксперт-трэнер — педагог дадатковай адукацыі Сяргей Уладзіміравіч Якубовіч), у кампетэнцыі “Графічны дызайн” Ягор Лыч з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (эксперт-трэнер — педагог дадатковай адукацыі Дар’я Валер’еўна Каліховіч), у кампетэнцыі “Вэб-дызайн” Павел Кузьмук з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста (эксперт-трэнер — педагог дадатковай адукацыі Таццяна Віктараўна Белаш).

Пераможцы ІІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018 будуць прадстаўляць нашу краіну на чэмпіянаце WorldSkills, які адбудзецца ў наступным годзе ў Казані (Расія).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.