З мелодыяй па жыцці

- 10:53Выхаваўчая прастора

Сёлета калектыў, назва якога ў перакладзе з італьянскай мовы азначае вялікае свята, сапраўды адзначае вялікае свята — 20- гадовы юбілей. Гэты доўгі шлях кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні “Фіеста” Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вольга Анціпава прайшла з натхненнем, любоўю да справы і сваіх выхаванцаў. З чаго пачыналася студыя, кім сталі яе выпускнікі і якія фішкі яна прапаноўвае новым выхаванцам, даведаемся зараз.

Раней

Заснавальнікам і адзіным кіраўніком “Фіесты” з’яўляецца Вольга Аляксандраўна. Тое, што яна звяжа сваё жыццё з музыкай, педагог разумела яшчэ ў дзяцінстве, калі заходзіла з бабуляй у кніжную краму і чамусьці купляла менавіта дзіцячыя песенныя зборнікі. Дзесьці ў 13 гадоў дзяўчынка вызначылася, пра што марыць, — стварыць сваю студыю.

“Мама мяне паставіла перад фактам: “Заўтра ідзеш у музычную школу”. Спачатку я не хацела, як многія дзеці, напэўна, баялася, а потым спадабалася. У Рэчыцы штогод праходзіў конкурс для маладых выканаўцаў “Шанс”. Я ўдзельнічала там некалькі разоў, і ўся гэтая закулісная работа мне вельмі падабалася”. Так Вольга Аляксандраўна прыйшла да таго, што пасля школы ёй трэба пасту­паць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Праўда, з першага разу не атрымалася. Затое дзяўчына прайшла ў тэхнічны каледж. Правучылася там літаральна два месяцы і зразумела: гэта не для яе, яна будзе на прадпрыемстве хутчэй шкоднікам, чым каштоўным работнікам.

“Так атрымалася, што тагачасны дырэктар Рэчыцкага ЦТДіМ Галіна Святцава ўзяла мяне на работу без адукацыі. Спачатку я была тэхнікам сцэны і агучвала мера­прыемствы, а потым стала педагогам. Праз некаторы час змагла практыку падмаца­ваць яшчэ і дыпломам аб вышэйшай адукацыі”. Вольга Анціпава паступіла ва ўніверсітэт з трэцяга разу. Дарэчы, гэтую настойлі­васць і ўменне ісці да канца яна зараз прывівае сваім выхаванцам.

Самы першы набор “Фіесты” налічваў каля 10 салістаў. Пачынаць такі сур’ёзны праект Вользе Аляксандраўне не было страшна, гэта яе толькі цікавіла. “Я ўвогуле мала чаго баюся. Як кажуць, вочы баяцца, а рукі ро­бяць. Прыходзілася нешта чытаць, глядзець, браць прыклад з іншых гурткоў ці студый. Вялікі вопыт дало закуліснае жыццё і назіранне за ім на конкурсе “Шанс”, — дзеліцца педагог. Ужо тады, яшчэ не вельмі вопытнымі і смелымі, яе выхаванцы маглі годна паказаць сябе на конкурсах. Прайшлі тры адборачныя туры “Усе мы родам з дзяцінства” ў Рэчыцы, Гомелі і Мінску, тры гады запар ездзілі на фестываль дзіцячай эстраднай песні “Спяваем з аркестрам”, арганізаваны Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі (мастацкі кіраўнік М.Я.Фінберг). На апошнім фестывалі конкурсныя выступленні “Фіесты” маглі скончыцца, але ўменне Вольгі Анціпавай спраўляцца з хваляваннем не дало гэтаму здарыцца. “Памятаю, як мы першы раз прыехалі на праслухоўванне да Міхаіла Якаўлевіча Фінберга. Цягнік рана прыбываў, але нас прынялі ў офісе дырыжора, усё было вельмі добра і ўтульна. Дзесьці пасля абеду прыйшоў Міхаіл Якаўлевіч і прамовіў: “Давайце пачынаць”. Там была вялікая люстраная сцяна, я да яе павярнулася, паглядзела на сябе і сказала: “Апошні раз!” І вось гэты апошні раз цягнецца 20 гадоў”.

Злева — Вольга Анціпава.

Канечне, хваляванне — неадменная част­ка работы, як і весялосць, асабліва калі займаешся з дзецьмі. Іх непасрэднасць, наіўнасць і адкрытасць, якія ім самім падаюцца чымсьці звычайным і натуральным, для дарослых часта становяцца прычынай пасмяяцца. “Гэта было даўно, да нас у цэнтр прыязджала італьянская дэлегацыя, мы давалі канцэрт, дзе мая выхаванка спявала. Паколькі ў той час тэхнічнае абсталяванне было не вельмі добрай якасці, то я часам ёй падказвала: “Каця, далей мікрафон, далей мікрафон”. Гэта адбывалася фонам, дзіця павінна працягваць выконваць песню, а яна павярнулася да мяне і адказвае: “Ды нармальна!”

Многія выпускнікі студыі не пакінулі музыку, больш за тое, звязалі з ёй сваё прафесійнае жыццё. Пасля першага выпуску 5 салістак паступілі ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Адной з іх была Аляксандра Сцяпанава, пра якую летась даведаліся не толькі многія беларусы, але і расіяне. Аляксандра спрабавала прайсці ў шоу “Голас” з песняй “Начных Снайпераў” “Ты дарыла мне ружы”, але суддзі да яе не павярнуліся. Эфір убачыла Дзіяна Арбеніна, паклікала дзяўчыну на свой канцэрт, дзе разам з ёй выканала гэты трэк. Проста казка! “Каля 10 іншых салістак маюць прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, многія станавіліся лаўрэатамі міжнародных конкурсаў”, — прыгадвае дасягненні сваіх выхаванцаў Вольга Анціпава.

Зараз

Заняткі ў студыі “Фіеста” даступны нават для двухгадовых дзяцей, якія вучацца разам з мамай ці татам. За аснову такіх урокаў узята методыка Жалязновых “Музыка з мамай”, якая дапамагае дзіцяці развіць яго пачатковыя музычныя навыкі. Бацькі такую магчымасць успрымаюць з энтузіязмам, таму ў Вольгі Аляксандраўны зараз каля 70 выхаванцаў дашкольнага ўзросту.

Каб папасці ў старшую групу калектыву, спецыяльнага адбору праходзіць не трэба. Педагог лічыць, што праслухоўванне за 5 мінут нічога не скажа пра здольнасці дзіцяці. Канечне, бываюць выключэнні, калі, напрыклад, прыходзіць дзяўчына ці хлопец гадоў 11 — там ацаніць магчымасці неабходна.

“Заняткі праходзяць стандартна: дыхальная гімнастыка, практыкаванні для распявання, разагрэў звязак і работа над музычным творам. Бывае, мы ўсю рэпетыцыю проста размаўляем. Гэта залежыць ад настрою дзіцяці. Калі яно хмурае, то вынік бу­дзе дрэнны”. Вольга Анціпава вельмі ганарыцца, што ў іх студыі ёсць акампаніятар. Дзякуючы Валянціне Фёдараўне Сташук, якая іграе на фартэпіяна, дзеці чуюць жывы інструмент, а не толькі фанаграмы.

Самае складанае ў навучанні — гэта вызначыцца з рэпертуарам. Раней узнікалі цяжкасці, бо даступных для праслухоўвання песень было мала, зараз узнікаюць, бо іх вельмі многа. Вольга Аляксандраўна нават правяла сваё міні-даследаванне і падлічыла, што, каб выбраць выхаванцу песню, трэба праслухаць каля 200 трэкаў. Калі ж тады працаваць? “Мы стараемся не браць усё, што ляжыць на паверхні, а любім пакапацца. Сярод беларускіх кампазітараў нам вельмі падабаецца Алена Атрашкевіч. З яе творчасцю я пазнаёмілася на адным з конкурсаў “Спяваем з аркестрам”, калі праходзіла прэзентацыя зборніка “Лодка дзяцінства”. Там былі чароўныя песні з чароўнай аранжыроўкай! Мы і цяпер (мабыць, гэта і не фармат) любім штосьці такое, што мае не толькі прыгожую абалонку, але і ядро. Я стараюся прывіць дзецям любоў да бардаўскага напрамку, да больш ранніх твораў”. Дзеля эканоміі часу Вольга Аляксандраўна дае выхаванцам заданне самім знай­сці не менш за 5 добрых трэкаў. Ад гэтага ўсе выйграюць: у педагога больш часу, а дзеці вучацца шукаць інфармацыю (прычым не з першай спасылкі), рэгістравацца на добрых форумах, мець зносіны. Акрамя пошуку песень, удзельнікі ўзорнай студыі пастаянна атрымліваюць дамашняе заданне. Больш за ўсё тыя, хто рыхтуецца да нейкіх конкурсаў. Рэпертуар у іх вялікі, таму і работы шмат. “Дзякуючы нашым мабільным тэлефонам і інтэрнэту, дзіцяці заў­сёды можна даслаць тэкст, які яму трэба вывучыць. Хаця, бывае, я прыгадваю слаўныя часы, калі выхаванцы сядзелі і тэкст перапісвалі ад рукі з падручніка ці касеты, так і запаміналася ўсё хутчэй”.

За вынікамі сваёй работы Вольга Аляксандраўна назірае не толькі на занятках, але і падчас выступлення выхаванцаў на вялікай сцэне. Паспяховымі для калектыву “Фіеста” былі ўдзелы ў міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без меж”, адкрытым рэспублікан­скім конкурсе маладых выканаўцаў “Беларускія таленты”, міжнародным конкурсе мастацтваў “Крыштальны васілёк”. Асобную паліцу ўспамінаў займаюць замежныя фестывалі, паездка на якія, акрамя цудоўнага вопыту, дорыць і добрыя ўспаміны. “У іншую краіну дзеці ездзіць любяць, яны ж едуць без бацькоў, ім весела. Узгадваю, як мы ўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе “Закарпацкі эдэльвейс”, які праходзіў ва ўкраінскім Ужгарадзе некалькі дзён. Жылі мы ў гасцініцы. Аднойчы дзеці прыбягаюць да мяне і кажуць: “Вольга Аляксандраўна, паглядзіце, як мы мэблю пераставілі!” Скончылася ўсё добра, ніякіх праблем з гасцініцай не было”, — усміхаецца педагог.

Работнікі галіны адукацыі, напэўна, адны з самых багатых людзей па колькасці ўдзячнасці. Не заўсёды гэта літаральныя словы “Як я вам удзячна!”, граматы ці кветкі. Часам гэта, як у выпадку з Вольгай Анціпавай, віншаванне з днём нараджэння, Новым годам, званок ад мінулага выхаванца ці яго бацькоў, “Добры дзень!” на вуліцы ці “Добры дзень, я ў вас раней займалася, а зараз ваджу свайго сына”. Бывае і такое.

Далей

Музыка — гэта ў прамым сэнсе жыццё Вольгі Аляксандраўны. Яе муж — знакаміты беларускі баяніст Трафім Анціпаў, дачка Соня вучыцца ў Рэспубліканскай гімназіі-кале­джы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сын пакуль умее іграць толькі на маленькім гармоніку, але для 5 гадоў вынікі добрыя. “Музыка знаходзіцца па-за часам і аб’ядноўвае людзей. Гэта тое, што пранікае ў сэрцы, душы, галовы і фарміруе там нешта прыгожае. Часам можна чуць тысячы прамоў, і ні адна цябе не закране, а потым пачуць адну песню, якая скажа пра ўсё”. Педагог лі­чыць, што музыкай неабходна займацца ўсім дзецям. Гэта не павінна перашка­джаць развівацца ў іншых сферах: калі ёсць жаданне ісці ў спорт  на здароўе, калі хочаш прысвяціць сябе вучобе калі ласка. Бацькам проста трэба падрыхтаваць такі расклад, пры якім сын ці дачка знойдзе час на ўсе свае захапленні. “Дзеці павінны займацца музыкай, тады яны пачынаюць па-іншаму адчу­ваць, па-іншаму глядзець на свет. У сучасных школьнікаў часта ўзнікаюць праблемы з кемлівасцю, але ў тых, хто займаецца творчасцю, такое назіраецца рэдка. Я заў­сёды гавару бацькам: мабыць, ваша дзіця не стане выдатным піяністам ці кампазітарам, але пасля 9 класа ў яго будзе больш магчымасцей для паступлення. Многія лю­дзі ў дарослым узросце пачынаюць любіць музыку, але ў іх няма падрыхтоўкі і прыхо­дзіцца ўсё навёрстваць, калі вольнага часу ўжо не так шмат”.

Узорная студыя “Фіеста”, напэўна, атрымлівала ўжо дзясяткі віншаванняў з юбілеем, але самае каштоўнае будзе ад таго, хто прысвяціў ёй усё прафесійнае жыццё. “Студыі жадаю і далей захоўваць традыцыі, выпускнікам — паў­дзельнічаць у нашым юбілейным канцэрце, які павінен прайсці ў маі, а нашым новым дзеткам і асабліва бацькам — цярпення, мэтанакіраванасці і не апускаць рукі пры няўдачах. Усё абавязкова атрымаецца”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва В.А.Анціпавай.