З месца на месца

Перасовачны палатачны турыстычна-краязнаўчы лагер “Сузор’е” Магілёўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Крынічка” працуе больш за 10 гадоў, яго ўжо можна назваць летнім брэндам установы. Разбіраемся, чаму дзеці прыязджаюць туды зноў і зноў, чым займаюцца і з якімі думкамі яго пакідаюць.

Калі падумаць, з якім фільмам можна параўнаць лагер “Сузор’е”, то ў галаву прыхо­дзіць “Уладар пярсцёнкаў”: смелая кампанія ідзе сярод высокіх дрэў, то падымаецца, то спускаецца, пры гэтым наладжвае зносіны ўнутры паміж кожным удзельнікам паходу. Добра, што выхаванцам палатачнага лагера не трэба змагацца з ворагамі і вырашаць праблему захавання цэлага свету — яны могуць сабе дазволіць проста атрымліваць асалоду ад працэсу. Маршрут быў такім: аграгарадок Буйнічы — вёска Туманаўка — пасёлак Галынец — вёска Барсукі — рака Лохва. Звычайна ён прадумваецца прыблізна, бо часам з-за надвор’я можна ў адным месцы затрымацца, а да другога не дайсці. Сёлета каля пасёлка Галынец стаялі больш за 4 дні. Надта цяжкія рэчы перавозяцца на транспарце, штосьці дзеці і педагогі нясуць самі. Атрымліваюцца такія заняткі пешым турызмам. “Стараемся сачыць, каб адлегласць была не занадта вялікая, хочацца, каб і часу, і сіл хапіла яшчэ на культурныя, спартыўныя мерапрыемствы. За дзень мы можам прайсці пяць і больш кіламетраў, па часе гэта га­дзіны тры. Выходзім пасля абеду, вядома, спачатку прыбіраем на ранейшым месцы стаянкі, забіраем з сабой смецце. Гэта трэба рабіць заўсёды і ўсім”, — упэўнены начальнік лагера Максім Праскурскі.

Пакуль што была толькі адна змена. Эпідэмічная сітуацыя не дазволіла пайсці раней за 21 ліпеня. 9 дзён правесці ў лесе захацелі 15 школьнікаў 13—16 гадоў. Па назіранні Максіма Аляксандравіча, звычайна прыходзіць больш хлопчыкаў, дзяўчынак прыкладна трэць. Пакуль ня­многія з апошніх хочуць жыць у лесе, пераадольваць вялікія адлегласці, спаборнічаць.

Усе змены тэматычныя, кожны раз распрацоўваецца новы праект. Сёлета ў рамках акцыі “Арміі воін славы варты!” вырашылі правесці лагер сумесна з ваенкаматам. “У гэтым годзе чалавек 5 былі з ваенна-патрыятычнага класа магілёўскай сярэдняй школы № 12. У ім рыхту­юць дзяцей да паступлення ва ўстановы адукацыі ваеннага профілю, таму я падумаў, што ім будзе цікавая такая тэматыка, — расказвае Максім Праскурскі. — Супрацоўнікі ваенкамата прыязджалі, дапамагалі нам, праводзілі мерапрыемствы. Напрыклад, дзеці навучыліся надзяваць процівагаз, страляць з пнеўматычнай вінтоўкі, убачылі, што такое плашч-палатка і іншае”.

Распарадак дня пабудаваны такім чынам, каб паспець усё. Адразу варта сказаць, што на кожны дзень прызначаюцца дзяжурныя, якія будуць дапамагаць на кухні, калоць дровы, насіць ваду і г.д. Вернемся да рэжыму: пад’ём у 9 раніцы, мыццё, зарадка, снеданне, пасля ўсе за сабой мыюць посуд і пачына­юць рыхтавацца да мерапрыемства. Гэта можа быць нешта спартыўнае, культурнае, нейкая размова ці майстар-клас. Пазней абед і яшчэ адно мерапрыемства, часцей за ўсё звязанае са спортам: валейбол, футбол, эстафеты, бадмінтон і г.д. Падчас адпачынку на рацэ Лохва атрымліваецца сустракацца з выхавальнікамі іншых лагераў (гэтае месца лю­бяць многія), праводзіць сумесныя рухавыя гульні. Затым ідзе падвячорак і больш спакойная частка: дзеці і дарослыя расказва­юць адно аднаму гісторыі, размаўляюць, гуля­юць у настольныя гульні (вельмі захап­ляе “Мафія”). Пазней рыхтуецца вячэрняе вогнішча, каля якога ўсе дзеляцца, што ім запомнілася за дзень, рэфлексуюць. У 11 гадзін вечара ўсе расходзяцца па сваіх палатках і, стомленыя, салодка засынаюць. “Мы праводзім трэнінгі для знаёмства, згуртавання, каб выбудаваць камандную работу, стварыць маленькую сям’ю. Напрыклад, практыкаванне “Карусель”, калі ўдзельнікі ўтвараюць два кругі (знешні і ўнутраны), садзяцца тварам адно да аднаго, так атрымліваюцца пары. Па камандзе ўдзельнікі знешняга круга на працягу 5 мінут адказваюць сваім партнёрам на пытанне “Што я люблю?” — гаворыць начальнік лагера.

Педагог цэнтра “Крынічка” Марына Каржова знаёміць дзяцей са спартыўным арыентаваннем. Для некаторых месцаў ёсць спецыяльныя карты, па якіх можна займацца. “Я першапачаткова праходзіла, ставіла кантрольныя пункты, потым давала дзецям карту, тлумачыла, як ёй карыстацца, як абазначаюцца палянкі, дарожкі, КП і г.д. Першы раз была зусім лёгкая дыстанцыя, мы прайшлі яе разам. Потым дзеці ўжо прасілі самастойна ўсё шукаць. Чацвёрты раз мы нават прыдумалі заданні на КП, на­прыклад, лагічныя задачы, каб дзеці не толькі прайшлі дыстанцыю, але яшчэ штосьці і парашалі, а ў канцы далі адказы. Першая дыстанцыя была 1,5 кіламетра, мы ішлі прыкладна 20—25 мінут. Потым ужо былі дыстанцыі па 30—40 мінут”, — расказвае Марына Васільеўна.

Некаторыя дзеці пазнаёміліся са спартыўным арыентаваннем на ранейшых зменах, некаторыя займаюцца ім у гуртках, некаторыя ўпершыню паспрабавалі сябе ў гэтым відзе спорту. Навічкам было крыху складана суадносіць компас і карту, таму што апошнюю прыходзілася пастаянна павароч­ваць. Усе абазначэнні даволі хутка і лёгка запомніліся. Ніякага страху і няўпэўненасці Марына Каржова не заўважыла. Спачатку яна была з выхаванцамі, яны маглі ў любы момант у яе нешта спытаць, а потым дзеці набраліся вопыту і маглі самастойна і спакойна прайсці дыстанцыю. Педагог, дарэчы, заўважыла тэндэнцыю: пасля адпачынку ў лагеры некаторыя выхаванцы вырашаюць працягнуць навучанне і запісваюцца ў аб’яднанні па спартыўным арыентаванні ў сваіх школах або ў цэнтрах дадатковай адукацыі.

Лагер турыстычны, таму тут не забываюць пра развіццё навыкаў турызму: дзеці вучацца самастойна ставіць палатку, распальваць вогнішча, гатаваць ежу. Яшчэ лагер краязнаўчы: маршрут выхаванцаў і педагогаў пралягае праз месцы, дзе стаяць помнікі Вялікай Айчыннай вайны, дзе вяліся баявыя дзеянні. Ды і пашчасціла ­ўдзельнікам, што Максім Аляксандравіч мае адукацыю археолага і яму заўсёды ёсць чым падзяліцца і зацікавіць.

Здаецца, лагер — гэта пра адпачыць, але ў “Сузор’і” гэта яшчэ і пра навучыць. Дзеці становяцца больш самастойнымі, атрымліваюць навыкі самаабслугоўвання, бяспечных паводзін, вучацца пераадольваць цяжкасці, вывучаюць гісторыю сваёй краіны і малой ра­дзімы. Педагогі стараюцца прывіць ім любоў да здаровага ладу жыцця, праводзяць прафілактычную работу па папярэджанні злачынстваў і правапарушэнняў, ствараюць усе ўмовы для фарміравання пачуцця патрыятызму, павагі да традыцый.

“Для многіх дзяцей гэты лагер — ужо традыцыя, — заўважае Максім Праскурскі. — Ім падабаецца педагагічны склад, умовы, падабаецца лес, турызм, уся гэтая рамантыка з гітарай ля вогнішча. Наш лагер — гэта маленькая сям’я на 9 дзён, хутчэй за ўсё, таму дзеці сюды і вяртаюцца”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва ЦТДіМ “Крынічка”.