З мэтай забеспячэння якасці жыцця вучняў

- 16:08Спецыяльная адукацыя

Дапаможная школа № 24 Оршы мае багатую гісторыю, сваю сімволіку і традыцыі, некаторыя з іх — сталыя і моцныя, іншыя зусім яшчэ новыя. Наша прызначэнне мы бачым у стварэнні аптымальных умоў для падрыхтоўкі асоб з асаблівасцямі ў развіцці да працоўнай дзейнасці, стварэння сям’і, сацыялізацыі і інтэграцыі ў грамадства з мэтай забеспячэння якасці іх жыцця.

Паспяховасць спецыяльнай адукацыі вызначаецца не толькі зместам, але і арганізацыйнымі ўмовамі. Ва ўстанове праводзіцца сістэмная работа па аптымізацыі ўмоў навучання і выхавання, рэсурснага забеспячэння. Добраўпарадкавана школьная тэрыторыя і ўнутраны дворык, зялёны куток школы. Праведзена значная работа па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя. Прастора кабінетаў заніравана і арганізавана максімальна камфортна для дзіцяці. Мадэрнізаваны вучэбныя прадметныя кабінеты, абсталяваны кабінеты для карэкцыйных і лагапедычных заняткаў, музыкі і музычна-рытмічных заняткаў, заняткаў па авалоданні элементамі камп’ютарнай пісьменнасці, сталярная і швейная працоўныя майстэрні, спартыўная зала. Адной з інфармацыйных крыніц ва ўстанове з’яўляецца бібліятэка. З мэтай рэалізацыі задачы школы па фарміраванні сацыяльна значных ведаў, уменняў, неабходных у штодзённым жыцці, абсталяваны кабінет сацыяльна-бытавой арыенціроўкі. Па выніках раённага агляду-конкурсу падзякай адзначаны кабінет матэматыкі.

Школа працуе над праблемай стварэння адаптыўнай прасторы для навучання і выхавання навучэнцаў, іх гарманічнага развіцця, фарміравання сацыяльна значных ведаў і ўменняў, неабходных у штодзённым жыцці. Педагогі выкарыстоўваюць разнастайныя формы, метады і прыёмы навучання, якія павышаюць актыўнасць навучэнцаў у адукацыйным працэсе; прымяняюць сучасныя карэкцыйна-адукацыйныя тэхналогіі, пашыраюць уяўленні выхаванцаў пра іх сем’і, блізкае асяроддзе, вучаць разбірацца ў роднасных сувязях, фарміруюць маральныя адносіны да сямейных традыцый, чаму спрыяе праектная дзейнасць.

Навучэнцам школы, якія маюць парушэнні маўлення, аказваецца лагапедычная дапамога. Асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу з’яўляюцца вучэбныя заняткі. Дадаткова праводзяцца карэкцыйныя заняткі па развіцці пазнавальнай, эмацыянальна-валявой сферы, гульнявой дзейнасці і музычна-рытмічныя заняткі. Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная службы школы аказваюць псіхалагічную дапамогу. З мэтай дапамогі сям’і ў навучанні і выхаванні дзяцей у школе арганізавана шэсць груп прадоўжанага дня для навучэнцаў 1—10 класаў. Для арганізацыі сямейнага вольнага часу створаны бацькоўскі клуб “Мы разам”.

У 2018 годзе скончылася работа па ажыццяўленні рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу на прынцыпах педагагічнай эрганомікі”. З 2016 года працягваецца рэалізацыя абласнога інавацыйнага праекта “Электронныя адукацыйныя рэсурсы ў карэкцыйна-адукацыйным працэсе з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. 34% педагогаў з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій у адукацыйных катэгорыях “Вучэбна-выхаваўчая работа” і “Адміністрацыйная работа”.

Апошнія гады замацавалася ўстойлівая тэндэнцыя ў кадравай палітыцы школы, накіраваная на фарміраванне настаўніка-прафесіянала, чалавека культуры, сацыяльна мабільнай і творчай асобы. За высокія паказчыкі ў рабоце настаўнікі А.У.Нікалаева (2016), Т.В.Зелікава (2017), Т.М.Бугаёва (2018), А.П.Чаховіч (2018) занесены ў Кнігу гонару аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама. У школе набыты вопыт удзелу ў Міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Нашы педагогі паўдзельнічалі 152 разы ў 101 канферэнцыі. Геаграфія ўдзелу шырокая: Беларусь, Украіна, Расія, Казахстан, Чэхія, Германія, Польшча, Італія, Нарвегія, Іспанія, ЗША.

Змяненні, што адбываюцца ў краіне, у грамадстве, прад’яўляюць новыя патрабаванні да сучаснага настаўніка. Педагог злучае ў сабе любоў да справы і да вучняў, умее не толькі вучыць дзяцей, але і сам здольны вучыцца. Конкурсы педагагічнага майстэрства — гэта этап павышэння прафесіяналізму педагогаў, адкрытае масавае педагагічнае спаборніцтва. 40 разоў настаўнікі ўдзельнічалі ў 38 конкурсах рознага ўзроўню (ад раённага да міжнароднага), у 24 з іх — дыпломы І ступені.

У секцыі спецыяльнай адукацыі Беларускага педагагічнага таварыства пяць нашых педагогаў, адзін з якіх — член Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь “Імкненне”. Педагогі школы арыентаваны на прафесійны рост, імкнуцца заявіць пра сябе шырокай грамадскасці з мэтай трансляцыі інавацыйнага вопыту і актуальнай педагагічнай практыкі праз работу ў якасці лектараў на абласных курсах павышэння кваліфікацыі педагогаў, семінарах, праз правядзенне майстар-класаў. Па выніках раённага прафесійнага конкурсу званне настаўніка-майстра з правам правядзення майстар-класа прысвоена Т.В.Зелікавай (2013), В.А.Казакевіч (2017) і С.А.Качанавай (2018). За актыўны ўдзел у раённым конкурсе ўстаноў адукацыі на званне “Лепшая ўстанова года па метадычнай рабоце” калектыў двойчы (2017, 2018) адзначаны падзякай упраўлення па адукацыі Аршанскага раёна.

Выніковасць творчай дзейнасці педагогаў школы — работа па сацыялізацыі дзяцей з АПФР сродкамі сацыякультурнай дзейнасці. Для рэалізацыі творчага патэнцыялу, узмацнення вучэбнай матывацыі ў адпаведнасці з інтарэсамі навучэнцаў і запатрабаваннямі бацькоў ва ўстанове арганізаваны факультатыўныя заняткі і гурткі грамадазнаўчай, інфармацыйнай, экалагічнай, музычнай, харэаграфічнай, спартыўнай, мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці.  Сярод навучэнцаў школы 74 дыпламанты і лаўрэаты 28 міжнародных творчых конкурсаў: конкурсу дзіцячых талентаў і майстэрства “Вясёлка”, Усерасійскага конкурсу вырабаў “Крылатыя фантазіі”, конкурсу малюнка “Лясы — наш агульны набытак” (Польшча), конкурсу “Летнія фарбы”, творчага конкурсу вырабаў Hand-made, дзіцячага конкурсу “Зорнае ззянне” і інш. Работа другакласніка ўвайшла ў топ-50 Міжнароднага конкурсу “Намалюй мне свет” у Парыжы, двойчы сумесныя работы педагогаў і навучэнцаў адзначаны дыпломамі на штогадовай Усерасійскай выставе “Фарбы ўсёй Расіі” ў Маскве. У 2017 годзе ўпершыню ў Валгаградзе праводзіўся І Міжнародны конкурс-фестываль вакальнага майстэрства “Згода”, дзе нашы вучні сталі лаўрэатамі І ступені адразу ў дзвюх намінацыях. У намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ІV Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Дарогай сяброўства: падарожжа ў Калумбію”, арганізаванага Пасольствам Рэспублікі Калумбія ў Расіі, работа нашай навучэнкі, выкананая пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Мікалаеўны Бугаёвай, заняла 3-е месца. Нашы вучні з’яўляюцца пераможцамі раённага конкурсу чытальнікаў “Мы ганарымся табой, Беларусь!”, лаўрэатамі ХХІІ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”, ХІХ раённага фестывалю творчасці дзяцей і моладзі “Буду зоркай”.

Галоўным дасягненнем калектыву дзяцей і педагогаў з’яўляецца ўзнагароджанне дыпломамі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за ўдзел у выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці ХІ Рэспубліканскага фестывалю “Вясёлкавы карагод”. Дзеці дастойна прадэманстравалі вакальнае і харэаграфічнае майстэрства, выразнае чытанне ў ХІ Рэспубліканскім фестывалі дзіцячай творчасці “Вясёлкавы карагод” і атрымалі 6 дыпломаў.

Асноўнай мэтай выхаваўчай і ідэалагічнай работы школы з’яўляецца фарміраванне рознабакова развітой, маральна сталай, творчай асобы навучэнца. У якасці прыярытэтаў вызначаны грамадзянскае і патрыятычнае, ідэалагічнае, прававое, працоўнае, духоўна-маральнае, эстэтычнае выхаванне. Згодна са школьнымі традыцыямі, штогод праходзяць святочныя канцэрты, прысвечаныя Дню настаўніка, Дню маці і Міжнароднаму жаночаму дню, святы восені і асенняга ўраджаю, Новага года, выхаваўчыя мерапрыемствы з нагоды Дня Перамогі, Дня абаронцаў Айчыны, літаратурныя, прававыя і экалагічныя віктарыны.

Вывучэнню гісторыі роднага краю, традыцый, звычаяў, культуры і асаблівасцей сваёй радзімы спрыяе экскурсійная работа ў музеях і выставачных залах. Вялікую цікавасць у дзяцей выклікае тэатральная дзейнасць: сцэнкі-драматызацыі, лялечны тэатр, тэатр на рукавічцы, мюзіклы і спектаклі. Тэатральны калектыў пад кіраўніцтвам Марыны Мікалаеўны Жыгальскай з’яўляецца штогадовым удзельнікам абласнога фестывалю тэатральнага мастацтва “Залюстроўе” ў Бягомлі, дзе заўсёды займае ганаровыя месцы. Так, у 2017 годзе тэатр заваяваў 1-е месца з пастаноўкай казкі “Залаты ключык, ці Прыгоды Бураціна”, у 2018 годзе адзначаны прэміямі лепшы сцэнарый і персанальная выстава творчых работ навучэнца Эдуарда Машчанкова.

Вялікая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце. Штогод праводзіцца ўнутрышкольная круглагадовая спартакіяда, лёгкаатлетычнае трохбор’е, дні здароўя (дні асілка, футбаліста, турыста, скакуна, гімнаста, вяровачны тур), а таксама спартыўныя святы “Старты пакаленняў”, “Спартыўны парад”, “Малыя аімпійскія гульні”, “Беларуская сняжынка”, “Армейскі калейдаскоп”, “Алімпіёнік”. Традыцыйным стаў раённы конкурс па развіцці рухальнай актыўнасці “Вясёлкавыя старты” з удзелам каманд нашай школы і ЦКРНіР. Выконваючы праграму алімпійскай адукацыі, працягваецца работа па развіцці алімпійскага руху — з 2012 года дзейнічае клуб юных алімпійцаў. Калектыў школы ўзнагароджаны дыпломам прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Віцебскай вобласці за ўкараненне алімпійскай педагогікі ў сістэму спецыяльнай адукацыі. Традыцыйна нашы навучэнцы з’яўляюцца прызёрамі Рэспубліканскага конкурсу “Алімпійскі агонь запальвае сэрцы”.

У складзе зборнай каманды Віцебскай вобласці ў 2016 годзе нашы выхаванцы прынялі ўдзел у Рэспубліканскай спартакія­дзе для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і занялі 1-е месца. Таксама ў школьнай каманды хлопчыкаў — 1-е месца па міні-футболе. У маі 2016 года каманда школы стала пераможцам фінальных спаборніцтваў Рэспубліканскага конкурсу “Усе разам” па развіцці рухальнай актыўнасці для дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі, што праходзіў у Пінску, у намінацыі “Самыя моцныя”.

У нашым горадзе праходзіў адкрыты турнір “Свет без меж” для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ужо трэці раз Орша сустракала ўдзельнікаў спаборніцтваў. Упершыню турнір адбыўся ў 2013 годзе па ініцыятыве і фінансавай падтрымцы грамадзяніна Італьянскай Рэспублікі Кармела Джыяратана. Гэты турнір прысвечаны яго памяці. Ідэю прадаўжэння спаборніцтва прыняла дабрачынная італьянская асацыяцыя ПУЭР пры асабістай зацікаўленасці прэзідэнта Серджыа Дэ Чыка. Радасна, што турнір стаў традыцыйным. У ім удзельнічала сем каманд з розных куткоў рэспублікі.

Адной з прыярытэтных задач школы з’яўляецца падрыхтоўка навучэцнаў да ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння, працоўнай дзейнасці і сямейнага жыцця. У якасці асноўных паказчыкаў эфектыўнасці работы ўстановы спецыяльнай адукацыі выступаюць жыццеўладкаванне выпускнікоў з АПФР, адсутнасць дзіцячага траўматызму, а таксама адсутнасць выпадкаў пастаноўкі на ўлік у ІСН. Створана сістэма работы па падрыхтоўцы навучэнцаў да самастойнага жыцця, вывучаюцца прафесійныя намеры выпускнікоў з наступнай перадачай іх ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, арганізоўваецца працаўладкаванне выпускнікоў, ажыццяўляецца міжведамаснае ўзаемадзеянне з Аршанскім дзяржаўным політэхнічным прафесійна-тэхнічным каледжам. Выпускнікі школы асвойваюць адукацыйную праграму па спецыяльнасці “Садова-паркавае будаўніцтва, апрацоўчыя будаўнічыя работы”.

З 1982 па 2018 год школа выпусціла 508 вучняў. З 25 красавіка 2018 на базе ўстановы адкрыты рэсурсны цэнтр “Псіхолага-педагагічнае і арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне інклюзіўнай адукацыі”. Двойчы (2014, 2017) школа з’яўлялася пераможцай абласнога этапу, фіналістам Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”.

Алена ЧАХОВІЧ,
дырэктар дапаможнай школы № 24 Оршы.