З мноствам правільных адказаў

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна лічылася, што калі дзіця на ўроку маўчыць і слухае настаўніка, значыць, усё ў парадку. Аднак з цягам часу стала відавочна: прадукцыйнасць урока вызначаецца не мёртвай цішынёй у класе. Якая карысць ад поўнага маўчання, калі да канца заняткаў ніхто нічога не засвоіў? Сучасныя педагогі сыходзяцца ў меркаванні, што маналог настаўніка неабходны, але ўсё ж павінны пераважаць дыялог і зваротная сувязь, пры гэтым варта даваць вучням магчымасць не атрымліваць гатовыя веды, а самастойна здабываць іх. Зрабіць урокі гісторыі і грамадазнаўства максімальна эфектыўнымі сталічным настаўнікам дазваляюць актыўныя метады навучання, творчыя заданні, правядзенне нетрадыцыйных урокаў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаў­ства сярэдняй школы № 94 Мінска Святлана Віктараўна Серая для павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння прадметаў, развіцця іх крэатыўных здольнасцей выкарыстоўвае заданні творчага характару. Да іх ліку адносяць праблемныя задачы, пытанні, сітуацыі і заданні дывергентнага тыпу, галоўная асаблівасць якіх заключаецца ў тым, што яны дапускаюць мноства правільных адказаў. Менавіта з такімі задачамі часцей за ўсё сутыкаецца чалавек у творчай дзейнасці, навуковым пошуку, пры стварэнні твораў мастацтва, рабоце з дзецьмі.

Выбар метадаў арганізацыі творчай дзейнасці ажыццяўляецца педагогам у залежнасці ад мэт, узроўню складанасці зместу матэрыялу, узроўню развіцця крэатыўных здольнасцей навучэнцаў, канкрэтных умоў, якія склаліся пры выкананні творчага задання: дасведчанасці вучняў у пастаўленай праблеме, ступені праяўлення цікавасці, асабістага вопыту прымянення спосабаў вырашэння пастаўленай задачы. Творчыя заданні прадугледжваюць прымяненне навучэнцамі актыўных метадаў для арганізацыі самастойнай дзейнасці.

С.В.Серая на занятках прапаноўвае розныя віды творчых заданняў, сярод якіх — кагнітыўныя (“Раскажыце пра гісторыю стварэння і характэрныя асаблівасці аднаго з сямі цудаў свету — егіпецкіх пірамід у Гізе. Чаму прымаўка “Всё боится времени, но время боится пирамид” не страціла свайго значэння і ў нашы дні?”), крэатыўныя (“У 1874 годзе ў Парыжы на выставе маладых мастакоў была прадстаўлена работа Клода Манэ “Уражанне ўзыходзячага сонца” (ад французскага “impression” — уражанне). Крытык Леруа адгукнуўся пра яе іранічна, ахарактарызаваўшы гэтым словам усіх удзельнікаў выставы. Адсюль пайшла назва гэтага напрамку ў жывапісе (Э.Манэ, А.Рэнуар, Э.Дэга і інш.). Больш за паўстагоддзя мастакі чакалі прызнання не асобных знаўцаў, а шырокага кола аматараў жывапісу. Падумайце, чым жа імпрэсіяністы раздражнілі крытыку і публіку?”), а таксама арганізацыйна-дзейнасныя (“Карціна “Чорны квадрат”, прадстаўленая ў серыі супрэматычных палотнаў (спалучэнне рознакаляровых і рознавялікіх геаметрычных фігур) на выставе 1915 года выклікала шэраг неадназначных ацэнак. Ваш напарнік таксама падрыхтаваў аналіз гэтай карціны, у якім прысутнічае і ўласнае меркаванне наконт яе. Ці згодны вы з такой ацэнкай свайго таварыша? Якія пачуцці і асацыяцыі асабіста ў вас выклікала гэтая карціна Малевіча? Наколькі яна адлюстроўвае тэарэтычныя і мастацкія погляды мастака?”).

Пошукавыя заданні С.В.Серая выкарыстоўвае для ўдасканалення навыку работы з дакументамі, інфармацыйнымі крыніцамі, метадычнай літаратурай. Навучыць выбіраць, выпісваць самае галоўнае, эканоміць час у працэсе групавой работы — асноўная задача настаўніка. Не адразу, але вучні разумеюць алгарытм работы і з задавальненнем (пры недахопе часу) гатовы працягнуць яе дома, каб да ўмоўленага тэрміну прадставіць вынікі сваёй работы. Гатовыя заданні яны абараняюць перад групай: праводзяць конкурс, даюць заданні і правяраюць іх выкананне. Такія заняткі актывізуюць самастойную работу з крыніцамі, матывуюць на пошук дадатковага матэрыялу, пашыраючы кругагляд дзяцей. У выніку навучэнцы ствараюць пакеты праверачных заданняў па пройдзенай тэме. Так, напрыклад, вучні з’яўляюцца аўтарамі пытанняў да інтэлектуальнай гульні “Невядомыя старонкі Сярэдневякоўя”, якая складаецца з некалькіх тураў. У туры “Вялікія людзі Сярэдневякоўя” неабходна пазнаць па апісанні гістарычную асобу:

I. 1. Яраслававіч.

2. Вялікі палкаводзец, сын Яраслава Мудрага.

3. Наўгародскі князь, зяць полацкага князя Браціслава.

4. Сваю мянушку ён атрымаў ад ракі, на якой адбылася бітва.

5. Яму належаць словы “Хто да нас з мячом прыйдзе — ад мяча і загіне”. (Аляксандр Неўскі.)

II. 1.Браты.

2. Гэтыя два браты — вядомыя багасловы, дыпламаты, навукоўцы.

3. Яны былі пасланы з Візантыі прапаведаваць хрысціянскую веру сярод заходніх славян.

4. Яны пераклалі на славянскую мову галоўныя царкоўныя кнігі.

5. З іх імёнамі звязана стварэнне славянскай азбукі, пачатак славянскай пісьменнасці. (Кірыл і Мяфодзій.)

Настаўніца абапіраецца на методыку індывідуальнага падыходу ў навучанні, бо склад любога класа неаднастайны. У 5—7 класах выкарыстоўвае крыжаванкі, сітуацыі-сцэнкі, анаграмы, ліст да пэўнага гістарычнага дзеяча і інш. У выніку правільна падабраныя пытанні і заданні дапамагаюць навучэнцам сканцэнтраваць увагу на найважнейшых тэмах матэрыялу, які вывучаецца, развіваць творчае мысленне, павышаць сваю актыўнасць на ўроку.

Гісторыю немагчыма вывучаць без ведання дат. Як няма даты без падзеі, так і няма падзеі без даты. Мэта вывучэння храналогіі ў школе — паказаць паслядоў­насць гістарычных падзей і з’яў, працягласць іх у часе, падвесці вучняў да разумення вымярэння часу і пазнаёміць з сістэмамі лета­злічэння. Па меркаванні настаўніка гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 94 Барыса Сяргеевіча Дзенісенкі, запамінанне дат павінна быць асэнсаваным, прывесці да стварэння матывацыі да вучэбнай дзейнасці, стаць умовай узнікнення цікавасці да яе і яе вынікам.

Педагог распрацоўвае і выкарыстоўвае на ўроках прыёмы вывучэння і запамінання храналогіі. Запамінанне заснавана на сэнсавых сувязях (па сутнасці) і сувязях з па­дзеяй, калі дата завучваецца чыста механічна. Добра ведаючы галоўныя факты і прычынна-выніковыя сувязі, вучні лёгка могуць размясціць у часе падзеі, не датаваныя ў курсах гісторыі. Для гэтага трэба добра ведаць, што самае галоўнае адносіцца да таго ці іншага стагоддзя.

Для ўсвядомленага запамінання трэба спачатку запомніць стагоддзе жыцця і праўлення тых ці іншых гістарычных асоб. Так, да XVI ст. адносіцца праўленне Васіля III, Івана IV, Фёдара Іванавіча Блажэннага. На мяжы стагоддзяў кіравалі Іван III (1462—1505) і Барыс Гадуноў (1598—1605).

Для лепшага запамінання настаўнік прапаноўвае ўстанавіць сувязь паміж гістарычнымі падзеямі і ўзростам кіраўнікоў, якія ў іх удзельнічалі. Іван IV (1530—1584) стаў першым рускім царом у 1547 годзе ў 17-гадовым узросце. Заваяванне Казанскага ханства адбылося ў 1552 годзе, калі яму было 22 гады. Праз чатыры гады ў 1556 годзе было далучана Астраханскае ханства. У 1558 годзе цар пачаў 25-гадовую Лівонскую вайну, якая доўжылася амаль усё яго далейшае жыццё да 1583 года.

Запамінанню спрыяе вобразнае абазначэнне часу, а таксама метад асацыіравання. У працэсе аналізу храналогіі выяўляецца аднолькавы прамежак гадоў, які паўтараецца. У храналагічным змесце найважнейшых па­дзей гісторыі Францыі канца XVIII ст. — 20-х гадоў XIX ст. гэта будзе лічба 5: 1789 + 5 = 1794 (тэрмідарыянскі пераварот); 1794 + 5 = 1799 (пераварот 18 брумера, заканчэнне рэвалюцыі); 1799 + 5 = 1804 (Напалеон стаў імператарам); 1804 + 5 = 1809 (пік імперыі); 1809 + 5 = 1814 (адрачэнне Напалеона).

Вучням рэкамендуецца правесці супастаўленне дат па лікавых аналогіях: 480 г. да н.э. — бітва грэкаў з персамі пры Фермапілах; 280 г. да н.э. — паход Піра ў Італію. Або супастаўленне падзей і з’яў розных дзяржаў, якія праходзілі ў адзін час, напрыклад, у VI ст. да н.э.: законы Салона ў Афінах, рэформы Сэрвія Тулія ў Рыме. Лёгка замацаваць у памяці найважнейшыя падзеі, калі яны маюць круглую дату. Найважнейшая падзея Другой руска-турэцкай вайны — штурм і ўзяцце Ізмаіла (1790) А.Суворавым. У гэтым жа годзе выйшла кніга А.М.Радзішчава “Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву”.

На занятках выкарыстоўваецца і прыём супастаўлення дат падзей, якія мелі асаблівае значэнне ў гісторыі Рускай дзяржавы. Напрыклад, вызваленне Расіі ад інтэрвентаў у Смутны час (1612) і ад французаў падчас Айчыннай вайны 1812 года. Яшчэ адзін прыём запамінання — устанаўленне працягласці падзей. Залежнасць Рускай дзяржавы ад мангола-татараў працягвалася 240 гадоў (1240—1480); Паўночная вайна доўжылася 21 год (1700—1721); прыгоннае права — больш за 250 гадоў (ад канчатковага зацвярджэння ў першай палове XVII ст. да адмены ў 1861 годзе).

Як лічыць Б.С.Дзенісенка, усе гэтыя прыёмы дапамагаюць вучням авалодаць ведамі па храналогіі. На першым этапе навучання ўстанаўліваюцца паслядоўнасць і працягласць гістарычных падзей на аснове іх дат. Затым вучні знаёмяцца з рымскімі лічбамі, суадносяць год са стагоддзем, даведваюцца пра падзеі нашай эры і падзеі, якія праходзілі да нашай эры, суадносяць стагоддзе з тысячагоддзем. У 6—7 класах яны вучацца вызначаць працягласць і сінхроннасць падзей, суадносіць падзеі айчыннай і сусветнай гісторыі, складаць тэматычныя і сінхраністычныя табліцы. У старшых класах навучэнцы суадносяць гістарычныя працэсы з перыядамі, эпохай на аснове ведання перыя­дызацыі курсаў гісторыі.

Для засваення храналогіі педагог прапануе дзецям розныя заданні, напрыклад, на ўказанне даты падзеі або вызначэнне падзеі па даце; выбар патрэбнай даты з іх пераліку; суаднясенне падзеі і даты; вызначэнне працягласці, храналагічнай паслядоўнасці па­дзей; выбар з пераліку тых дат, якія адносяцца да пэўных працэсаў; складанне храналагічных радоў, табліц; вызначэнне перыядаў, этапаў у развіцці падзей; аднясенне падзей да перыяду; выяўленне ключавых падзей; абгрунтаванне крытэрыяў перыядызацыі. Так, навучэнцам даецца заданне раскласці ў храналагічнай паслядоўнасці наступныя карткі: пачатак аб’яднання рускіх земляў вакол Масквы; заваяванне Русі мангола-татарамі; вызваленне ад мангола-татарскай навалы; раздробленасць княстваў Старажытнай Русі. Або дзецям прапануецца размясціць у храналагічнай паслядоўнасці карціны “Лядовае пабоішча”, “Кулікоўская бітва”, “Стаянне на Угры”, “Іван Жахлівы і яго сын Іван”, “Прамова Мініна ў Ніжнім Ноўгарадзе”.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаў­ства гімназіі № 61 Мінска Вольга Мікалаеўна Сходкіна для развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, раскрыцця практычнага складніку ведаў і павышэння паспяховасці па прадметах прымяняе актыўныя метады навучання. Так, уключыць навучэнцаў профільных класаў у новы тып дзейнасці — вучэбна-прафесійны — дапамагае метад “дзелавой гульні”.

У 11 класе пры вывучэнні тэмы “Асновы грамадзянскага права” педагог арганізуе дзелавую гульню “На кансультацыі ў юрыста”, мэта якой — пазнаёміць навучэнцаў з навыкамі прафесіі юрыста, сфарміраваць удумлівае, адказнае стаўленне да працэсу абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў, адпрацаваць навыкі актыўнага слухання і камунікацыі. “Гульнявая форма работы стварае пэўны настрой, які абвастрае разумовую дзейнасць навучэнцаў і стварае атмасферу раскаванасці, свабоды мыслення. Калектыўная работа дазваляе навучыць дзелавым зносінам, даць вопыт публічных выступленняў, — тлумачыць настаўніца. — Элементы дзелавой гульні можна ўключаць у любую частку ўрока. Яна можа быць арганізавана і на этапе першаснага замацавання матэрыялу, і як абагульненне, і як пэўная форма кантролю. Пасля заканчэння гульні абавязковым з’яўляецца абмеркаванне сітуацый, калі навучэнцам прапануецца абгрунтаваць неабходнасць прававой дасведчанасці”.

Выяўленню разнастайнасці пунктаў гледжання ўдзельнікаў на пэўнае пытанне або праблему спрыяе метад дыскусіі. Дыскусійныя метады пабудаваны на жывых і непасрэдных зносінах удзельнікаў пры пасіўнай пазіцыі вядучага, які выконвае функцыю арганізатара ўзаемадзеяння. Так, у форме дыскусіі быў праведзены ўрок па тэме “Сям’я ў сучасным грамадстве”. На калектыўнае абмеркаванне Вольга Мікалаеўна прапанавала вынесці развагі пра тое, якім павінен быць шлюб. Для дыскусіі была выбрана тэма “Грамадзянскі шлюб: “за” і “супраць”. Клас дзеліцца на дзве групы. Першая група даказвае тэзіс “грамадзянскі шлюб — гэта спосаб пазбавіцца адказнасці”, другая група — тэзіс “грамадзянскі шлюб — выйсце для шчаслівай пары”. Пасля таго як абедзве каманды выказваюць аргументы ў абарону сваёй пазіцыі і робяць высновы па выніках работы, настаўніца аналізуе вылучаныя факты і меркаванні, разглядае ўсе пазіцыі без выключэння, падводзяцца вынікі і вызначаюцца перспектывы ў гэтым пытанні.

На думку педагога, правільна праве­дзеная дыскусія, у адрозненне ад класічнага метаду, дазваляе бачыць, што кожную праўду можна разгледзець з розных пунктаў гледжання; што з многіх праўд у жыцці можна выбраць для сябе сваю ўласную, не сцвяр­джаючы, што яна адзіная і аб’ектыўная.

Спалучэнне тэматычнай дыскусіі з групавой кансультацыяй з’яўляецца характэрнай рысай круглага стала. Яго правядзенне настаўніца арганізоўвае як на ўроку тлумачэння новага матэрыялу, так і на ўроках абагульнення. Так, у 10 класе быў праведзены ўрок па тэме “Эканамічнае жыццё грамадства”. Работа будуецца наступным чынам. Усе парты састаўляюцца ў цэнтр, навучэнцы садзяцца вакол. Па коле пускаецца канверт, у якім знаходзяцца карткі з пытаннямі па тэме, якая вывучаецца. Пытанні могуць быць як рэпрадуктыўнага, так і праблемнага характару ў залежнасці ад мэт урока, складанасці матэрыялу, узроўню навучанасці класа і г.д. Вучні па чарзе дастаюць карткі з канверта, чытаюць пытанне і адразу ж адказваюць на яго. Першачарговае права адказу належыць вучню, які выцягнуў пытанне. Калі хто-небудзь хоча дапоўніць або абвергнуць пункт гле­джання, ён таксама можа ўдзельнічаць у абмеркаванні гэтага пытання. Канверт затым пераходзіць да наступнага вучня. Пажадана, каб колькасць картак адпавядала колькасці вучняў у класе.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.