З моцнай камандай — да саманавучальнай школы

- 9:50Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

Сярэдняя школа № 1 Баранавіч імя С.І.Грыцаўца з’явілася на адукацыйнай карце краіны менш як год назад. Як згуртаваць каманду педагогаў, настроіць яе на поспех і за такі кароткі час стварыць канкурэнтаздольную саманавучальную ўстанову адукацыі — наша гутарка з дырэктарам Марынай КУПЦОВАЙ.

— Стаць настаўніцай я марыла з дзяцінства. Маімі вучнямі спачатку былі лялькі, потым аднакласнікі. У 1986 годзе паступіла ў Баранавіцкае педагагічнае вучылішча. Затым былі БДПУ імя Максіма Танка, бакалаў­рыят, магістратура. На працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці вучуся, з задавальненнем дзялюся вопытам, апісваю цікавыя ідэі ў артыкулах педагагічнай прэсы. 

Сярэднюю школу № 1 узначаліла 26 лі­пеня мінулага года. Гэта быў толькі ўве­дзены ў эксплуатацыю будынак. Чаму гавару так? Таму што гэта пакуль былі сцены, у іх не было душы. Неабходна было ў сціслыя тэрміны аб’яднаць педагогаў, якія ішлі працаваць у школу, вывучыць індывідуальныя асаблівасці дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, аб’яднаць класныя калектывы, бо залічваліся вучні з розных устаноў адукацыі, вызначыць напрамкі развіцця ўстановы. Галоўная задача, якая стаяла перада мной як кіраўніком, — сабраць у адно цэлае вялікі педагагічны механізм пад назвай “новая школа” і за­пусціць яго ў работу. 

— Марына Георгіеўна, як гэта рабілася? 

— Камплектацыя школы адбывалася задоўга да яе адкрыцця. Мы сустракаліся з настаўнікамі, гутарылі, бралі на заметку іх цікавыя ініцыятывы, прыглядаліся, якіх педагогаў аб’яднаць, каб сфарміраваць адзін магутны педагагічны механізм. Мы выбіралі неардынарных педагогаў, якія валодаюць цікавымі методыкамі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Шуцьева ўмела перадае свае веды і ўменні вучням, захапляецца краязнаўчай работай. Яна падрыхтавала сёлета 3 пераможцаў гарадской алімпіяды ў намінацыі “Юныя”. Цікава працуе настаўніца рытмікі Наталля Свалава. Яна з’яўляецца духоўным натхняльнікам праекта “Танцуючая школа”. Педагог добра разумее, што развіццё дзяцей павінна быць не толькі інтэлектуальным, але і эмацыянальным, кожны крок дзіцяці павінен падмацоўвацца правільнымі пазітыўнымі эмоцыямі. Прапрацаваны рухальныя перапынкі, дзеці танцу­юць паралелямі, перакрыжавана, іх танцы прымеркаваны да пэўных дат, сямейных свят. Да гэтага працэсу падключаны педагогі і бацькі. 

— Раскажыце, калі ласка, аб вашым калектыве.

— У нашай школе сфарміравана творчая каманда, якая прадстаўлена 119 педагогамі. У кіраўніцтве працуюць шэсць маіх цудоўных намеснікаў. Два намеснікі па вучэбнай рабоце курыруюць адукацыйны працэс на ІІ і ІІІ ступенях. Гэта творчыя педагогі, таленавітыя кожны ў сваім напрамку.  Таццяна Маклюк — фіналістка рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2020”, Андрэй Любас — пераможца конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”. Два намеснікі дырэктара — Ларыса Ватоліна і Наталля Праневіч — курыруюць адукацыйны працэс на І ступені, бо пачатковая школа прадстаўлена ў нас 31 класам-камплектам (893 дзіцяці). Яны рэгулююць адукацыйны працэс, дапамагаюць адно аднаму, і гэта прыносіць вялікую карысць установе. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алег Савось — таленавіты спецыяліст, па адукацыі педагог-псіхолаг. Яго навыкі даюць магчымасць уступаць у камунікацыю з рознымі дзецьмі і прафесійна наладжваць выхаваўчы працэс. На сваім месцы і намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Іна Клестапацік, якая ўводзіла школу ў эксплуатацыю. У яе вельмі вялікая гаспадарка— плошча будынка ўстановы каля 20 000 квадратных метраў.

Ва ўстанове ствараецца інклюзіўная адукацыйная прастора. Суправаджаюць адукацыйны працэс асаблівых вучняў настаўнікі-дэфектолагі Юлія Барэева (захоп­лена нейрапсіхалагічным падыходам да арганізацыі адукацыйнага працэсу, дзякуючы якому дасягаюцца значныя вынікі ў рабоце з дзецьмі з парушэннямі пісьмовай мовы і функцый апорна-рухальнага апарату), Алена Шырко і Ларыса Валадзько. Усе тры педагогі працуюць адной камандай. Каб стварыць адукацыйную прастору для асаблівых вучняў, дапамагчы ім сацыялізавацца ў сучасным грамадстве, умець камунікаваць з іншымі людзьмі, на базе школы створана студыя рухальных і арт-практык. У яе мы прыцягваем не толькі асаблівых вучняў, сюды могуць прыхо­дзіць усе жадаючыя, каб вучыцца правільна ўзаемадзейнічаць, развівацца разам. Заняткі праходзяць у розных вучэбных кабінетах, якія добра аснашчаны вучэбным абсталяваннем, выкарыстоўваючы якое педагогі дазваляюць кожнаму дзіцяці быць паспяховым у сумеснай дзейнасці. З трыма гэтымі педагогамі мы ўдзельнічаем у міжнароднай пляцоўцы інклюзіўных практык, у вэбінарах, самі праводзім майстар-класы для настаўнікаў Расіі, Казахстана, Грузіі і Украіны. 

Выхаванне патрыётаў — гэта выхаванне не толькі дзяцей, але і сям’і ў цэлым. Сістэма выхавання павінна быць адзінай. Яна пачынаецца дома і працягваецца ў школе. Дзіця вучыцца таму, што бачыць у сябе дома, і  бацькі з’яўляюцца для яго прыкладам.

У школе працуе каманда настаўнікаў фізічнай культуры на чале з Ігарам Ільюкевічам. Сумесна з БРСМ педагогі рэалізуюць спартыўны праект, які называецца “ТатаЗала”. На сустрэчы запрашаюцца вядомыя ў горадзе спартсмены. На гэты праект прыходзяць не толькі сем’і з нашай школы, але і запісваюцца сем’і, якія пражываюць у мікрараёне. 

Творча працуе вялікая крэатыўная каманда настаўнікаў пачатковых класаў, настаўнікаў-прадметнікаў, сярод якіх — настаўніца фізікі Вольга Козак, настаўніца хіміі Вольга Ксенжык, якія ствараюць на ўроках развіццёвую прадметную прастору і сітуацыю поспеху для кожнага вучня.

Настаўнікі замежнай мовы — адна з самых вялікіх каманд у нашай школе. Першым крытэрыем адбору для гэтых педагогаў было гаварэнне на замежнай мове, другім— творчасць і любоў да дзяцей. Педагогі актыўна выкарыстоўваюць інфар­мацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. У школе ёсць чатыры лінгафонныя кабіне­ты, інтэрактыўныя дошкі, праектары. А тыя віртуальныя падарожжы, якія яны рас­працоўваюць на розных інфармацыйных платформах, дастойны вывучэння калегамі. 

— Марына Георгіеўна, а якога настаўніка вы ніколі б не ўзялі праца­ваць да сябе ў школу?

— Таго, які не глядзіць у вочы. Работа з дзецьмі прадугледжвае адкрытае ўзаема­дзеянне — уменне вытрымаць погляд любога дзіцяці і ўтрымаць з дапамогай сваіх эмоцый. Калі педагог не глядзіць на дзяцей, ён ніколі не зможа заваяваць давер дзіцячага калектыву, а гэта значыць, які б урок ён ні падрыхтаваў, гэты ўрок не бу­дзе паспяховым.

— Вы ўзначальвалі і школу, і цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання. Якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны кіраўнік?

— Кіраўнік павінен несці адказнасць за работу ўсяго калектыву, за прынятыя рашэнні і іх рэалізацыю. Ён павінен бачыць стратэгію развіцця і “заразіць” ёй сваіх супрацоўнікаў. Калі калектыў ба­чыць перспектыву, упэўнены ў сваіх сілах, яму па плячы любыя задачы, ён спакойна працуе. У канчатковым выніку ўсё гэта працуе і на карысць краіны ў цэлым. Таксама важная якасць для кожнага кіраўніка — адукаванасць. І справа тут не ў колькасці дып­ломаў. Кіраваць — значыць пастаянна працаваць над сабой і ніколі не спыняцца на дасягнутым. Не важна, з дапамогай чаго ты ўдасканальваеш свае веды— праз чытанне літаратуры, інтэрнэт, курсы павышэння кваліфікацыі. Галоўнае, каб самаадукацыя стала звычкай. Не менш важная і асабістая сціпласць. Безумоўна, ад кіраўніка патрабуюцца арганізатарскія якасці, а для гэтага самому трэба быць энтузіястам сваёй справы, верыць у поспех. Акрамя таго, кіраўнік павінен умець назіраць і разумець сваіх падначаленых, ­улічваць асаблівасці канкрэтнага чалавека, яго стан і настрой.

— Якія прынцыпы ў аснове работы з калектывам? 

— Асноўныя прынцыпы, якія вызначаюць характар зносін у нашым калектыве: гуманізм, галоснасць, дэмакратыя, спалучэнне цэнтралізаванага адміністрацыйнага кіравання з самакіраваннем і самадзейнасцю калектыву, сацыяльная адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці. 

Развіццё ўзаемадзеяння педагогаў адбываецца ў працэсе арганізацыі іх сумеснай дзейнасці, падчас работы каманды. Педагогі ўсведамляюць яе мэты і знахо­дзяць у ёй асобасны сэнс. Ажыццяўляецца сумеснае планаванне, арганізацыя і падвя­дзенне вынікаў дзейнасці, мэтазгоднае размеркаванне роляў і функцый. Ствараюцца сітуацыі свабоднага выбару відаў і спосабаў дзейнасці, пазіцыя і стыль работы садзейнічаюць самарэалізацыі і самавыяўленню ўдзельнікаў. 

Марына Купцова — магістр педагагічных навук, уладальнік ганаровага звання “Жанчына года”. Працоўны шлях прайшла ад настаўніцы пачатковых класаў да кіраўніка Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Баранавіч, з 2017 года працавала дырэктарам сярэдняй школы № 13.

— А як настроіць каманду на поспех?

— На самай справе, формула вельмі простая: трэба вучыць працаваць у камандзе. Быць часткай выдатнай каманды на рабоце — гэта фенаменальнае пачуццё. Як можна апісаць гэтае пачуццё? Гэта салодкі кактэйль эмоцый — узбуджаных, складаных, бяспечных, паспяховых. 

— Марына Георгіеўна, чым адметная школа ў адукацыйнай прасторы Баранавіч і Брэстчыны ў цэлым? 

— Сучасная адукацыя Баранавіч характарызуецца вялікім выбарам і высокай канкурэнцыяй адукацыйных паслуг. Таму неабходна было вызначаць новыя вектары развіцця ўстановы адукацыі, напрамкі, якія дапамогуць школе дастойна канкурыраваць з іншымі ўстановамі адукацыі. Адкрыты мнагапрофільны адпачынкавы цэнтр дадатковай адукацыі, які наведва­юць не толькі навучэнцы нашай школы, але і жыхары ўсяго мікрараёна (філіялы музычнай школы, Палаца дзіцячай творчасці, цэнтра экалогіі і турызму, спартыўныя секцыі, 50 аб’яднанняў па інтарэсах). 

На базе школы ў верасні былі адкрыты два філіялы БарДУ. Нашы педагогі маюць магчымасць узаемадзейнічаць з прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэта, удзельнічаць ва ўніверсітэцкіх і міжнародных канферэнцыях. Гэта самаразвіццё педагогаў. Якая карысць універсітэту? Гэта практычная база, дзе студэнты могуць паспрабаваць правесці сучасны ўрок у сучасных умовах. Мы праводзім кансультацыйныя практыкі, арганізоўваем назіранні для студэнтаў і, безумоўна, актыўнае паглыбленне ў адукацыйны працэс. Гэтая ­зацікаўленасць УВА і школы ўзаемавыгадная. 

Свае адметнасці мае і арганізацыя адукацыйнага працэсу. Сёлета ў школе дзей­нічаў мультыпрофільны 10 клас, у якім былі адкрыты дзве групы, у адной з якіх на павышаным узроўні вывучаліся фізіка і матэматыка, у другой — хімія і біялогія. Плануецца, што ў наступным годзе будуць дзейнічаць класы прававой, педагагічнай і спартыўнай накіраванасці. 

Праекты, якія рэалізоўваюцца ва ўстанове, часцей за ўсё ідуць ад дзяцей. ­Праект “Шахматная школа” — для арганізацыі вольнага часу на перапынках. Вучні, якія прафесійна займаюцца ў шахматных секцыях, вучаць сваіх аднакласнікаў у фае на другім паверсе, дзе створаны адпаведныя ўмовы. “Кінаўрокі ў школе” — яшчэ адзін праект, накіраваны на выхаванне ў школьнікаў унутраных, духоўных якасцей асобы. У яго ўключана 99 фільмаў. Кінаўрокі суправаджаюцца абмеркаваннем ініцыятыў школьнікаў і рэалізацыяй грамадска карысных спраў, прыдуманых дзецьмі. Дарэчы, вялікія адукацыйныя і выхаваўчыя магчымасці адкрывае школьны медыяцэнтр.

Сёння я магу назваць нашу школу саманавучальнай арганізацыяй, здольнай самастойна вырашаць арганізацыйныя праблемы, своечасова выяўляць неадпаведнасць паміж сапраўдным і жаданым станам спраў, ідэнтыфікаваць праблему, правільна вызначаць прычыны яе ўзнікнення, карэктна ставіць мэты і задачы, правяраць жыццяздольнасць задуманых інавацый на абмежаванай арганізацыйнай прасторы ў мэтах вызначэння іх моцных і слабых бакоў і г.д. Гэта патрабуе ад школы дакладна дзеючай сістэмы вывучэння канкурэнтаў. Вопыт школ-канкурэнтаў, як станоўчы, так і адмоўны, — гэта добры сродак арганізацыйнага навучання, якое дазво­ліць пазбегнуць памылак, ужо здзейсненых іншымі, і аптымізаваць свой шлях да рэалізацыі пастаўленых мэт. 

Зараз наша школа на тым этапе, калі мы па любым прадмеце можам правесці вучэбны семінар, які будзе падрыхтаваны на высокім метадычным узроўні. А тых ведаў, якія маюць нашы педагогі, дастаткова для таго, каб апрабаваць любую ініцыятыву.

— Як у Год гістарычнай памяці арганізоўваецца работа па выхаванні патрыётаў сваёй краіны?

— У Год гістарычнай памяці мы не застаёмся абыякавымі да гэтага напрамку і гаворым, што памяць народа, наша гісторыя — гэта наша будучыня. У адпаведнасці з гэтым пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Аляксандра Літвіновіча рэалізоўваецца праект “Даты ў гісторыі”. Творчая група дзяцей знаходзіць знамянальныя даты і падзеі ў гісторыі нашага горада, апісвае іх і друкуе на старонках гарадской газеты. Акрамя таго, у школе вядзецца вялікая даследчая работа па вывучэнні пахаванняў воінаў Вялікай Айчыннай вайны. 

Гордасцю школы з’яўляецца музей народнага адзінства, які выконвае найперш пазнавальную і адукацыйную ролю. У музеі прадстаўлены экспазіцыі аб станаўленні нашага народа, беларускай дзяржаўнасці, развіцці сучаснай Беларусі, подзвігах лётчыкаў. 

На наступны год мы вельмі хочам прыняць удзел у рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання эмацыянальна-каштоўнасных адносін навучэнцаў да гераічнага мінулага беларускага народа шляхам выкарыстання гісторыка-культурных рэсурсаў рэгіёна ў вучэбнай і пазакласнай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі”. У нас ёсць усё для рэалізацыі праекта: ініцыятыўныя вучні, фанатычныя педагогі, і мы гатовы сумеснымі намаганнямі працаваць, каб паказаць усім, што будучыня ў Беларусі самая светлая.  

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ. 
Фота аўтара.