З музыкай да добрых спраў

Традыцыйны дабрачынны навагодні канцэрт “Гімназія-каледж збірае сяброў” адбыўся ў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава.

— У дні навагодніх канікул нашы навучэнцы пры падтрымцы педагогаў ужо не першы раз праводзілі дабрачынную акцыю “Музыка дабра”. Дзеці выступалі з канцэртамі, падчас якіх збіралі сродкі догляду, адзенне, цацкі, канцылярыю, а таксама грашовыя сродкі, якія пасля былі перададзены ў абласное аддзяленне РГА “Беларускі дзіцячы фонд”. На іх у хуткім часе будзе закуплена рэабілітацыйнае абсталяванне для юнага магіляўчаніна Рамана Цвяткова, які зараз аднаўляецца пасля цяжкай хваробы. А ўсе сабраныя цацкі і іншыя патрэбныя рэчы ў якасці падарункаў адправіліся ў Магілёўскі дзіцячы хоспіс, — паведаміў дырэктар гімназіі-каледжа Аляксандр Курсакоў.

Дабрачынны навагодні канцэрт “Гімназія-каледж збірае сяброў” наведалі бацькі, педагогі, жыхары горада. Прысутнічалі і ганаровыя госці, сярод якіх былі старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын, дырэктар абласнога аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Ірына Фісюк і інш.

На мерапрыемстве падвялі своеасаблівыя вынікі дабрачыннай дзейнасці навучальнай установы за папярэдні год. Навучэнцы і педагогі гімназіі зрабілі сапраўды шмат добрых спраў. За гэта ўстанове была ўручана падзяка ад рэгіянальнага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду.

Яркія музычныя, танцавальныя, вакальныя нумары навучэнцаў гімназіі-каледжа не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных. Вельмі ўразілі ўсіх і аповеды пра тых, каму дапамагла дабрачыннасць вучняў і педагогаў гімназіі. Вельмі пранікнёна прагучала гісторыя навучэнца Асіповіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату Аляксея Хрысцічэнкі. Менавіта з ажыццяўлення навагодняй мары Лёшы пачалася дабрачынная акцыя “Музыка дабра”. Дарэчы, сёлета грашовыя сродкі ад яе рэалізацыі пайшлі не толькі на дапамогу Раману Цвяткову. Частка з іх была накіравана на лячэнне цяжкахворага Мікіты Крупенчука. Гэтаму хлопчыку будуць адпраўлены і сродкі, якія сабралі за час канцэрта “Гімназія-каледж збірае сяброў”.

Адметна, што ў Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Я.Глебава ўдзяляецца вялікая ўвага духоўна-маральнаму выхаванню навучэнцаў. Тут вельмі развіты валанцёрскі рух, мясцовыя вучні пастаянна ладзяц­ь дабрачынныя акцыі і заў­сёды гатовыя аказаць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Педагагічны калектыў навучальнай установы перакананы: далучэнне да дабрачыннасці найлепшым чынам спрыяе фарміраванню ў дзяцей галоўных чалавечых якасцей і каштоўнасцей.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.