З надзеяй на перамогі

- 11:21Навіны рэгіёнаў

Шмат ганаровых гасцей сабралася ў Буховіцкай сярэдняй школе Кобрынскага раёна з нагоды ўрачыстага адкрыцця спартыўнай залы пасля капітальнага рамонту. У іх ліку былі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі, намеснік начальніка раённага аддзела па адукацыі С.С.Гучык і 14-разовы чэмпіён свету і 13-разовы чэмпіён Еўропы па армрэслінгу В.А.Братчэня.

— Адкрыццё сучаснай спартыўнай залы — важная падзея ў жыцці сельскай установы адукацыі, бо адыгрывае вялікую ролю ў фарміраванні здаровага ладу жыцця моладзі і падрыхтоўцы будучых спартсменаў, — адзначыў Ю.М.Прасмыцкі.

У рамках святочнага мерапрыемства адбылося спартыўнае спаборніцтва “Алімпійскія надзеі”, у якім удзельнічалі вучні Буховіцкай і Астроміцкай сярэдніх школ. Спаборніцтва складалася з некалькіх этапаў і шэрага цікавых заданняў. Наймацнейшымі аказаліся астроміцкія школьнікі.

Пасля спаборніцтва вучняў чакаў захапляльны майстар-клас з чэмпіёнам па армрэслінгу В.А.Братчэняй. Ён падзяліўся сакрэтам свайго спартыўнага поспеху, які заключаецца ва ўменні супрацьстаяць цяжкасцям: “Верыць у сябе і ўласныя магчымасці — галоўнае, што дапамагае дасягнуць мэты”.