Выезд з кампаніяй сяброў у лес, паход у аквапарк, наведванне канцэрта зорак эстрады — цяпер, для таго каб захаваць памяць аб цікавых падзеях у сваім жыцці, зусім не абавязкова карыстацца паслугамі фатографа. У кішэні ці не кожнага з нас ёсць мабільны тэлефон, што дазваляе без асаблівых праблем зрабіць сэлфі. Гэта насамрэч зручна. І ў той жа час даволі небяспечна.
Дзяўчынка-падлетак у Берліне вырашыла здзівіць знаёмых уласным здымкам на фоне панарамы горада, узнялася на дах шматпавярховага дома, спатыкнулася і ўпала амаль з 40-метровай вышыні. 13-гадовы школьнік у іспанскай Сарагосе пры фатаграфаванні татуіроўкі на сваім плячы паслізнуўся ў ванне і атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, якая аказалася несумяшчальнай з жыццём. 16-гадовы юнак у амерыканскім Нью-Ёрку з дапамогай тэлефона рабіў “аўтапартрэт” падчас руху на скутары, не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў бетонную агароджу. Падобныя паведамленні ў сродках масавай інфармацыі з’яўляюцца амаль кожны месяц, бо прыкладаў, калі нібыта нявіннае сэлфі прыводзіць да сапраўдных трагедый, на самай справе шмат. Прычым той факт, што падобныя надзвычайныя здарэнні, па сутнасці, не рэгістраваліся ў Беларусі, не павінен уводзіць у зман. Бяда заўсёды можа аказацца побач, і для падобнага сцвярджэння ёсць важкія прычыны.
— Я нічога не маю супраць сэлфі, мода на якія за апошнія гады апанавала ўвесь свет, — зазначае памочнік міністра — прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Віталь Навіцкі. — Аднак тут ёсць адна акалічнасць: чалавек, які спрабуе сфатаграфаваць сябе, канцэнтруе ўвагу выключна на пошуку ўдалага ракурсу для здымка і часта не заўважае небяспечныя дэталі навокал. Між тым надзвычайнае здарэнне можа адбыцца літаральна ўсюды: дома і ў двары, падчас адпачынку на прыродзе і масавых мерапрыемстваў. А ў зоне асаблівай рызыкі заўсёды знаходзяцца дзеці і падлеткі.
Добрыя намеры
Дом традыцыйна лічыцца самым бяспечным месцам, аднак у любым правіле ёсць выключэнні. Пры фатаграфаванні сябе на фоне звыклага інтэр’ера існуе верагоднасць траўм з-за знаходжання побач з электрапрыборамі, якія пакідаюцца пад пастаянным напружаннем. Гаворка не толькі аб тэлевізары ў рэжыме чакання ці працуючым камп’ютары — да непрыемнасцей у выглядзе электратраўмы можа прывесці нават уключанае ў разетку зараднае прыстасаванне таго ж мабільнага тэлефона.
— На жаль, добрыя намеры могуць прывесці да трагедый, — заўважае Віталь Навіцкі. — Напрыклад, дзіця, якое застаецца дома, вырашае самастойна памыць бялізну або прадэманстраваць уласныя кулінарныя здольнасці. Адначасова ўзнікае натуральная думка паказаць свае поспехі бацькам ці сябрам праз сацыяльныя сеткі УКантакце, Facebook і Instagram. У ход ідзе тэлефон ці планшэт. Вынікам жа становіцца падзенне на коўзкай падлозе ў ванным пакоі ці цяжкі тэрмічны апёк на кухні. Адсюль першая выснова: дзяцей і падлеткаў трэба вучыць, што ні ў якім разе нельга рабіць сэлфі і паралельна займацца якой-небудзь іншай справай.
Кар’ернае пытанне
Другой зонай рызыкі з’яўляецца вуліца. Падчас спроб фатаграфавання сябе ў двары не варта забывацца аб правілах дарожнага руху, і перш-наперш у месцах, дзе магчыма раптоўнае з’яўленне аўтатранспарту. У гэтым выпадку вызначальным можа стаць невысокі рост дзіцяці, што робіць яго непрыметным для вадзіцеляў за прыпаркаванымі ўздоўж праезнай часткі дарогі машынамі.
— Як паказвае практыка, дзяцей і падлеткаў прывабліваюць экстрэмальныя здымкі на будоўлях ці ў закінутых дамах, многія лічаць гэтыя фота пацвярджэннем уласнай адвагі, што, безумоўна, павінна выклікаць павагу сярод аднагодкаў, — працягвае Віталь Навіцкі. — Таму, калі побач з домам ёсць такія аб’екты, неабходна патлумачыць, што набліжацца да іх нельга, у адваротным выпадку наступствы могуць быць несуцяшальнымі: ад траўм, нанесеных колюча-рэжучымі прадметамі, да пераломаў канечнасцей і пашкоджання пазваночніка пасля падзення з вышыні.
Акрамя таго, дзіцяці трэба гаварыць аб пагрозе падзення з дахаў шматпавярховак і мастоў, аб магчымасці засыпання грунтам падчас гульні ў закінутых кар’ерах, а таксама аб небяспецы, якую ўяўляюць сэлфі пад лініямі і на апорах ліній электраперадач. Таксама не будзе лішнім нагадаць, што тэлефонамі і планшэтамі, а тым больш сэлфі-палкамі не рэкамендуецца карыстацца ў навальніцу. І ўвогуле неабходна памятаць: каб пазбегнуць надзвычайных здарэнняў пры навальніцы, моцным ветры, у дождж і снегапад, лепш за ўсё не выходзіць на вуліцу.
Асобная гаворка аб здымках ля чыгункі. Жаданне адлюстраваць на фота арыгінальны сюжэт зразумелае. Аднак імгненна спыніць цягнік, які рухаецца на хуткасці, немагчыма. Як ніколі няма поўнай гарантыі таго, што вагон, які знаходзіцца на прыпынку, праз мінуту не зрушыцца з месца. Таму падлазіць пад чыгуначны састаў, узнімацца на счэпныя ўстройствы паміж вагонамі ці на іх дах, а таксама заходзіць за абмежавальную лінію ля краю пасажырскай платформы ці бегчы з мабільнікам па пасажырскай платформе побач з адыходзячым цягніком з разлікам зрабіць “развітальнае” сэлфі катэгарычна забараняецца. Такое фота можа аказацца апошнім.
— Вельмі пажадана, каб бацькі дзяцей, якія жывуць у сельскай мясцовасці, ці дзяцей з гарадоў, якія прыязджаюць на канікулы да сваякоў у вёску, загадзя вызначылі своеасаблівы радыус небяспекі — ён можа складаць некалькі кіламетраў ад дома, — працягвае Віталь Навіцкі. — А далей з улікам канкрэтных фактараў трэба правесці тлумачальную работу, як паводзіць сябе па-блізу гаспадарчых збудаванняў, ля вады, чыгункі, на дарозе, у лесе.
Паведамляць дарослым
Магчымасць зрабіць яскравае сэлфі на прыродзе — гэта заўсёды заманліва. Аднак тут ёсць свае нюансы. Скажам, фатаграфаванне на дрэвах можа закончыцца падзеннем, а на лодцы — яе перакульваннем. Верагоднасць праблем ствараюць і здымкі на фоне першага лёду. Дарэчы, можна заўважыць, што бяспечным для чалавека з’яўляецца лёд таўшчынёй не менш за 10 сантыметраў, пры гэтым, калі тэмпература паветра на працягу больш чым трох дзён трымаецца вышэй адзнакі ў нуль градусаў, яго трываласць змяншаецца прыкладна на 25%. Да таго ж трываласць лёду заўсёды меншая ў вусцях рэчак, у месцах хуткага цячэння, упадзення крыніц і сцёкавых вод, у зарасніках хмызняку і чароту.
— Увосень становіцца актуальнай тэма паходаў у грыбы і ягады, — кажа Віталь Навіцкі. — У гэтым выпадку існуе не толькі верагоднасць сустрэчы з дзікімі жывёламі. Захапіцца здыманнем сябе з дарамі лесу ці ў акружэнні маляўнічых краявідаў можна да страты арыенціроўкі на мясцовасці. Узнікае рызыка проста заблудзіць. Таму мы раім апранаць прыметную вопратку, узяць з сабой кішэнны ножык, запалкі, бутэльку з вадой, а пры наяўнасці хранічных захворванняў — таксама запас неабходных лекаў. Да таго ж падлеткі павінны загадзя паведамляць дарослым, куды яны ідуць і калі плануюць прыйсці дадому. У сваю чаргу невяртанне ў запланаваны тэрмін — гэта падстава для пачатку пошуку, у тым ліку з дапамогай ратавальнікаў.
У натоўпе не здымаць
Канцэрты знакамітасцей ці топавыя футбольныя матчы прываблівалі падлеткаў ва ўсе часы. Здымкамі з месца падзей стракацяць усе сацыяльныя сеткі, і трэба прызнаць, што падобныя падрабязныя справаздачы сапраўды выклікаюць павышаную цікавасць. Аднак у месцах знаходжання вялікай колькасці людзей ад ідэі “паказаць сябе” ўсяму свету лепш усё ж адмовіцца, бо выцягванне рукі, перад тым як зрабіць сэлфі падчас масавага мерапрыемства, азначае вялікую верагоднасць атрымаць ненаўмысны штуршок і ўпасці. А калі падзенне адбываецца ў натоўпе — чакай бяды.
Першае правіла падчас масавых мерапрыемстваў — трымацца як мага далей ад цэнтра натоўпу. Калі ж давялося апынуцца ў сярэдзіне людской плыні, а цісканіна становіцца ўсё больш моцнай, трэба асцярожна выбірацца да краю, марудна рухаючыся ў напрамку наперад і ўбок. Лепш пазбягаць месцаў каля шкляных вітрын, рашотак і агароджаў, дзе можна атрымаць траўму. Нарэшце, галоўнае ў любых сітуацыях — імкнуцца ўтрымаць раўнавагу і не ўпасці. А калі падзенне ўсё ж адбылося, неабходна хутка згрупавацца, прыкрыць галаву рукамі і паспрабаваць ускочыць на ногі адным рыўком.
— Не трэба нават спрабаваць падняць, а тым больш знайсці рэч, якая раптоўна выслізнула з рук — такія намаганнні амаль заўсёды аказваюцца марнымі, у той час як верагоднасць атрымаць пералом ці вывіх будзе велізарнай, — падкрэслівае Віталь Навіцкі. — Каб пазбегнуць выпадковага задушэння пасля падзення, варта адразу ж зняць шалік ці гальштук, прыбраць валасы пад паліто ці куртку, рукі павінны быць свабоднымі, сагнутымі ў локцях і прыціснутымі да тулава, пры гэтым рукамі неабходна абараняць дыяфрагму. І яшчэ: што б ні здарылася, нельга страчваць самавалоданне, паддавацца паніцы і станавіцца часткай натоўпу.
Уласны прыклад
Не сакрэт, што сёння мабільныя тэлефоны ці планшэты мае пераважная большасць вучняў малодшых класаў. Тым часам ратавальнікі перакананы: да дасягнення 9—10 гадоў дзіця павінна знаходзіцца пад пастаянным наглядам дарослых. Як сведчыць практыка, для таго каб з гэтай узроставай групай здарылася бяда, можа быць дастаткова і некалькіх секунд. Сітуацыя са старэйшымі школьнікамі крыху іншая. Бесперапынна кантраляваць іх немагчыма, таму застаецца толькі адзін варыянт: вучыць пільнасці і асцярожнасці.
— Чым большы ўзрост дзяцей, тым менш на іх уздзейнічаюць усялякія забароны, — адзначае Віталь Навіцкі. — Разам з тым старэйшым дзецям лягчэй данесці патрэбную інфармацыю ў размовах. Такім дзецям і падлеткам неабходна прыводзіць канкрэтныя аргументы, тлумачыць, што можа здарыцца ў канкрэтнай сітуацыі падчас спробы зрабіць сэлфі і чаму. Прычым звяртаць увагу на магчымую небяспеку павінны як бацькі, так і настаўнікі ў школах. Да таго ж дарослым ні ў якім разе нельга забываць, што дзіця мімаволі капіруе стыль іх паводзін, а гэта значыць, што трэба імкнуцца ў любых сітуацыях паказваць станоўчы прыклад, бо прыклад лепшы, чым гутарка.
Сяргей ГРЫБ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.