З нападкамі, якія распальваюць варожасць, у сацсетках пачнуць змагацца штрафамі

- 10:32Інфармацыйная гадзіна

Урад Германіі адобрыў увядзенне штрафаў супраць сацсетак, якія, ігнаруючы скаргі карыстальнікаў, не будуць выключаць з публікацыі лжывыя паведамленні, якія распальваюць варожасць, перадаюць інфармагенцтвы.

Адзначаецца, што сума такіх штрафаў можа даходзіць да $53 млн, а час, адведзены сацсеткам на выдаленне такіх паведамленняў, будзе складаць 24 гадзіны. На вырашэнне спрэчных пытанняў будзе адводзіцца 7 дзён. У кожным асобным выпадку карыстальнік, які падаў скаргу, павінен быць праінфармаваны.

Пасля прыбыцця ў Германію ў 2015 годзе больш як 1 млн мігрантаў колькасць нападкаў, якія распальваюць варожасць, у сацыяльных сетках узрасла ў разы. Нямецкі ўрад неаднаразова папярэджваў інтэрнэт-кампаніі аб тым, што яны недастаткова эфектыўна змагаюцца з такім кантэнтам. Акрамя таго, нямецкія палітыкі апасаюцца, што перад выбарамі, якія пройдуць у верасні, у сацсетках з’явіцца мноства лжывай інфармацыі.

Наступным адобрыць законапраект павінен будзе парламент.