З настроем на перамогу

На працягу двух дзён у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі праходзіў вучэбны семінар для ўдзельнікаў чацвёртага этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”. Перад арганізатарамі стаяла няпростая задача: забеспячэнне прафесійнай гатоўнасці гарманічна спалучыць з псіхалагічнай камфортнасцю канкурсантаў. Конкурс — гэта стрэс, які часта замінае барацьбе за перамогу, але прафесійная дзейнасць выкладчыкаў семінара дазволіла настроіцца слухачам на паспяховую самарэалізацыю і забяспечыла сяброўскую (а не канкурэнтную) атмасферу. Упэўненасці канкурсантам дадала і сустрэча з міністрам адукацыі нашай краіны Сяргеем Маскевічам.

Сяргей Аляксандравіч павіншаваў усіх удзельнікаў заключнага этапу конкурсу і адзначыў, што яны ўжо з’яўляюцца пераможцамі, сучаснай педагагічнай элітай, бо сталі лепшымі ў сваіх рэгіёнах. Удзельнікі ж каманд запэўнілі міністра, што гатовы для далейшай барацьбы. Разам з тым яны скрысталіся магчымасцю, каб абмеркаваць з кіраўніком галіновага ведамства і набалелыя пытанні. Хутка пачнецца новы навучальны год, і педагогі заклапочаны не толькі конкурснымі іспытамі, але і тымі праблемамі, якія існуюць сёння ў адукацыі. Размова пачалася з абвяржэння чутак. У прыватнасці, міністр запэўніў, што павелічэння стаўкі да 24 гадзін не будзе, як і памяншэння летняга адпачынку настаўнікаў.
― — Цяпер наша сістэма адукацыі знаходзіцца на важным перыядзе свайго развіцця. Пасля шматлікіх абмеркаванняў мы прыйшлі да фактычна новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і аддалі на разгляд урада варыянт закона, які ўносіць вялікую колькасць змен у існуючы кодэкс. І адным з канцэптуальных напрамкаў змен з’яўляецца надзяленне большай самастойнасцю ўстаноў адукацыі і большымі гарантыямі прафесійнай абароны настаўніка. Мы рухаемся не проста ў бок нарматыўнага дэкларавання самастойнасці, але і імкнёмся да арганізацыі фінансавай самастойнасці ўстановы адукацыі (там, дзе гэта магчыма). Нам неабходна падрыхтаваць базавыя нарматывы, згодна з якімі кожная ўстанова адукацыі магла б будаваць сваю самастойнасць.
Другім напрамкам нашай дзейнасці з’яўляецца перагляд праграм базавай школы. Неабходна яе зрабіць больш завершанай і адысці ад лінейнага прынцыпу выкладання прадметаў. Нам неабходна выбудаваць новую канцэпцыю вучэбных планаў за курс базавай школы. У новай рэдакцыі кодэкса акрэслены тры школы: пачатковая, базавая, сярэдняя. Выніковая атэстацыя за курс базавай школы павінна набыць большую значнасць, —― паведаміў міністр.
Сяргей Аляксандравіч адзначыў, што настаўнікаў чакае павелічэнне заработнай платы і што яно носіць дыферэнцыраваны характар. Як заўважыў міністр адукацыі, найперш трэба падтрымаць найбольш аўтарытэтных і прафесійна падрыхтаваных настаўнікаў. Цяпер заработная плата будзе залежыць ад катэгорыі педагога.
Далей гаворка вялася пра выкладанне такога прадмета, як “Інфарматыка”. Міністр выказаў меркаванне, што зместу прадмета трэба карэкціроўка, бо гэтага патрабуе зменлівы час. Існуе, напрыклад, думка, што яго вывучэнне павінна пачынацца з першага ці другога класа. Сяргей Маскевіч звярнуўся да канкурсантаў, настаўнікаў інфарматыкі, з просьбай далучыцца пасля конкурсу да гэтых дыскусій і выпрацаваць адзіную стратэгію выкладання гэтага прадмета.
Закраналася пытанне ўкамплектаванасці кабінетаў хіміі і біялогіі. Па меркаванні настаўнікаў, яны абавязкова павінны мець самае неабходнае (мікраскопы, хімічны посуд, рэактывы), каб дзеці, акрамя камп’ютарных тэхналогій, валодалі рэальнымі навыкамі даследавання біялагічных і хімічных з’яў. У адказ міністр адзначыў, што трэба распрацаваць пералік сродкаў навучання, якія неабходны сёння настаўнікам біялогіі і хіміі для забеспячэння адукацыі ў звычайнай школе, а таксама камплект для профільных класаў.

Цяпер звернемся да конкурсу. Мы ўжо неаднаразова пісалі пра новы фармат конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”. Сёлета ўдзельнікамі заключнага этапу дзясятага юбілейнага конкурсу з’яўляюцца 49 педагогаў, сярод якіх ёсць як жанчыны, так і мужчыны, настаўнікі гімназій, сельскіх і гарадскіх школ як з рускай, так і з беларускай мовай навучання.
За перамогу ў раёнах і абласцях яны змагаліся ў сямі намінацыях. Як адзначалася падчас семінара, новыя правілы дазволілі зрабіць конкурс больш масавым (удзельнікамі абласных этапаў станавілася каля 100 педагогаў) і палепшыць прадметнае ацэньванне. Старшынёй журы конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2014” з’яўляецца рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук. Акрамя таго, у склад журы ўваходзіць галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў. І менавіта “Настаўніцкая газета” з’яўляецца галоўным інфармацыйным спонсарам конкурсу.
Тэмай семінара стала арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года-2014”. Семінар стаў пляцоўкай для адпрацоўкі дэталей конкурсных іспытаў. З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнулася Галіна Іванаўна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА, член арганізацыйнага камітэта конкурсу.
Потым на працягу двух дзён з канкурсантамі працавалі начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ірына Віктараўна Багачова і начальнік Цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА Іван Віктаравіч Фёдараў. І Ірына Віктараўна, і Іван Віктаравіч з’яўляюцца прызнанымі спецыялістамі ў галіне конкурснага руху. У межах семінара ішла гаворка пра прафесійнае майстэрства педагога, якое з’яўляецца вызначальным фактарам развіцця адукацыі.
Каб адкрыць гэты гарызонт, давядзецца прайсці праз конкурсныя іспыты, на якіх у сваім выступленні спыніўся Іван Віктаравіч Фёдараў. Конкурс пачнецца 22 верасня ўрачыстым адкрыццём і самапрадстаўленнем каманд. Затым адбудзецца педагагічнае і псіхалагічнае тэсціраванне, будуць конкурсныя ўрокі і заняткі (у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай установы”).
Неад’емнай часткай конкурсу сталі майстар-класы. На гэты раз іх удзельнікамі будуць студэнты БДПУ імя Максіма Танка, БДУ, МДЛУ, БНТУ. На 26 верасня запланаваны суперфінал конкурсу, які ўключае міні-ўрок на сцэне, прэс-канферэнцыю, публічнае выступленне, а затым і ўзнагароджанне. У межах суперфіналу будуць працаваць два склады журы: прафесійнае і дзіцячае, якое ўручыць прыз дзіцячых сімпатый. 27 верасня конкурс урачыста закрыецца.
Карыснымі для ўдзельнікаў семінара сталі выступленні пераможцаў, фіналістаў і суперфіналістаў конкурсаў мінулых гадоў. Сваім вопытам па падрыхтоўцы і правядзенні майстар-класа са слухачамі падзялілася Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, старшы выкладчык ІПКіПК Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 24 Мінска, пераможца конкурсу “Настаўнік года-2011”. У межах педагагічнай студыі пра фактары паспяховага ўдзелу ў конкурсе гаварылі Іван Віктаравіч Якіменка, настаўнік матэматыкі, настаўнік-метадыст Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна, суперфіналіст конкурсу “Настаўнік года-2011”, а таксама фіналіст і суперфіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2006” Вольга Анатольеўна Счасновіч, настаўніца інфарматыкі, настаўнік-метадыст Варатынскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна, і Вольга Міхайлаўна Лагунова, настаўніца біялогіі, настаўнік-метадыст гімназіі № 8 Мінска.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.