З натхненнем ад прыроды

На маё пытанне, чаму біялогія, настаўніца гімназіі Рагачова Марыя Віктараўна Храмцова адказала коратка: “Бо гэта маё”. Але за такой лаканічнасцю стаіць шмат гадоў самаадданай працы (больш за 30) і вялікая любоў да дзяцей.

Не было ні аднаго дня, каб Марыя Віктараўна хоць на хвіліну пашкадавала пра абраны педагагічны шлях. На працу яна заўсёды ідзе з ахвотай і задавальненнем.

Марыя Віктараўна Храмцова.

“Я вельмі люблю біялогію, усё жывое. Калі была яшчэ маленькай дзяўчынкай, пастаянна хадзіла ў поле, каб паназіраць за кветкамі, жучкамі, мурашкамі, матылькамі. Біялогія — гэта жыццё. Усё жывое, што нас акружае, дае мне натхненне”, — адзначыла настаўніца. Цяпер раслінную разнастайнасць і яе прыгажосць можна ўбачыць у гімназічным кабінеце біялогіі, а таксама дома і на лецішчы ў Марыі Віктараўны. Педагог, у прыватнасці, вельмі любіць фіялкі, таму мае шыкоўную калекцыю гэтых кветак.

“За час работы яна зарэкамендавала сябе як дасведчаны, творчы настаўнік, майстар сваёй справы, які дае вучням глыбокія і трывалыя веды. Марыя Віктараўна валодае ўсімі неабходнымі педагогу якасцямі: высокім прафесійным майстэрствам, уменнем наладжваць зносіны з дзецьмі, патрабавальнасцю да сябе.

Асноўны акцэнт у сваёй педагагічнай практыцы М.В.Храмцова робіць на развіццё пазнавальнай актыўнасці і творчага мыслення дзяцей. Вучэбная самастойнасць — гэта выхад за межы ўласнай кампетэнцыі для пошуку спосабу дзеяння ў новых сітуацыях. Такі падыход — асноўны ў педагагічнай працы Марыі Віктараўны. Яна імкнецца, каб на працягу ўрока вучні максімальна рэалізоўвалі сябе ў новых сітуацыях з тымі ведамі, якімі ўжо валодаюць. Настаўніца заахвочвае вучняў да сама-стойнага выказвання, прапануе розныя праблемы для абмеркавання, вучыць абараняць свае погляды і рабіць высновы.

Веданне індывідуальных асаблівасцей вучняў дазваляе настаўніцы актыўна выкарыстоўваць калектыўныя, групавыя і індывідуальныя формы работы з дзецьмі на ўроках, абапірацца на іх веды і здольнасці, ажыццяўляць карэкцыю агульнай работы”, — зазначыла дырэктар гімназіі Святлана Віктараўна Клачкова.

Сама настаўніца адзначае, што за час работы педагогам многае пераасэнсавала. “Калі толькі прыйшла ў школу, усё старалася тлумачыць вучням сама. Пасля пачала заўважаць, што ўкладваю ў дзяцей шмат, а аддачы няма. Доўга думала, у чым прычына, а пасля зразумела: нельга вучням даваць веды ў гатовым выглядзе. Трэба вучыць здабываць іх самастойна, гэта спрыяе лепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу. На сёння мой галоўны педагагічны прынцып — навучыць дзіця вучыцца.

Я заўсёды гавару сваім вучням: “Спрачайцеся, памыляйцеся, але разважайце!” Вучу аналізаваць, параўноўваць, рабіць высновы, таму на сваіх уроках шмат увагі ўдзяляю самастойнай і групавой рабоце вучняў, рабоце з малюнкамі, табліцамі, схемамі. Імкнуся, каб вучні самастойна вызначалі тэму і задачы ўрока”, — адзначыла Марыя Віктараўна.

Нягледзячы на вялікі стаж, багатае метадычнае партфоліа, настаўніца не спыняецца на дасягнутым, а смела асвойвае новыя прыёмы выкладання, добра валодае мультымедыйнымі тэхналогіямі, а таксама дасведчана і цікава праводзіць урокі з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі, актыўна прапагандуе гэтыя метады сярод педагогаў гімназіі. Па словах Марыі Віктараўны, настаўнік заўсёды павінен быць на крок наперадзе.

Яна шмат працуе над павышэннем цікавасці вучняў да біялогіі, актыўна прапагандуе любоў да прыроды і беражлівыя адносіны да яе. М.В.Храмцова прыглядаецца і прыслухоўваецца да вучняў кожнага класа — інакш падабраць найбольш прыдатныя для іх прыёмы і метады складана. “Магчымасці настаўніка сёння пашырае інтэрнэт, таму калі дзіця хоча вывучыць нейкае пытанне больш дэталёва, то звяртаецца ў тым ліку і да крыніц інтэрнэту.

Гімназістам цікава, калі перад пачаткам вывучэння новай тэмы задаеш ім праблемнае пытанне (але яно павінна быць канкрэтнае). Нядаўна ў 9 класе мы вывучалі крывяносную сістэму, і ў пачатку ўрока я спытала ў вучняў: “Чыя кроў будзе пераносіць больш кіслароду — чалавека або жабкі?”

Або такі прыклад: на тэлевізары ўключаю застаўку з трыма прабіркамі, у якіх розная канцэнтрацыя раствору хларыду натрыю. У прабіркі наліваецца кроў. Задаю пытанне: “Што будзе адбывацца?” — падзялілася настаўніца.

Марыя Віктараўна — прафесіянал высокага ўзроўню. Яе сістэматычная сур’ёзная работа дае свае вынікі. Навучэнцы класаў, у якіх яна працуе, любяць біялогію, прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах, алімпіядах. Штогод выхаванцы М.В.Храмцовай становяцца пераможцамі раённага, абласнога і неаднаразова з’яўляліся пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Нядаўна закончыўся трэці (абласны) этап алімпіяды, і двое вучняў Марыі Віктараўны вярнуліся адтуль з дыпломамі. Віншуем!

Гэтых поспехаў настаўніца здолела дасягнуць перш за ўсё за кошт тонкай і дакладнай індывідуалізацыі ў засваенні матэрыялаў урока, што гарантуе высокую матывацыю і актыўнасць вучняў. Гімназісты вучацца з цікавасцю, без перагрузак, творча.

“Марыя Віктараўна цудоўна валодае асноўнымі элементамі педагагічнай структуры ведаў настаўніка: лёгка арыентуецца ў змесце прадмета, сродках, формах і метадах педагагічнага ўздзеяння, ведае псіхалагічныя асаблівасці авалодання дзецьмі зместу навучання і метады вучэбнай дзейнасці, умее планаваць работу навучэнцаў у сістэме, адбіраць аптымальны матэрыял і інфармацыю для засваення на ўроку”, — падкрэсліла дырэктар гімназіі.

У канцы размовы Марыя Віктараўна адзначыла: ”Я вельмі люблю сваю работу, сваіх вучняў. Яны ў нас проста цудоўныя! І бацькі ў нас выдатныя. Асобна хачу сказаць пра калектыў і адміністрацыю гімназіі. Мы ўсе працуем у згодзе і камфорце, таму на работу ідзём з задавальненнем”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.