З натхненнем да новых дасягненняў і перамог

- 15:50Планёрка ў рэгіёне

Як ажыццяўлялася падрыхтоўка ўстаноў адукацыі Ельскага раёна Гомельскай вобласці да новага навучальнага года, якія новыя праекты будуць рэалізоўвацца тут у найбліжэйшы час і якімі дасягненнямі ганарыцца сістэма адукацыі Ельшчыны, расказала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Вольга Сцяпанаўна СІЎЧУК.

— Напярэдадні 2018/2019 навучальнага года сетка ўстаноў адукацыі Ельскага раёна зведала некаторыя змены. У сувязі са змяншэннем колькасці навучэнцаў на II ступені навучання і выхавання ў Старавысокаўскім яслях-садзе — базавай школе Ельскага раёна будзе арганізавана навучанне толькі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Вывучана патрэба ў падвозе вучняў і выхаванцаў ва ўстановы адукацыі: у 18 з іх будуць падвозіцца 194 дзіцяці з 19 населеных пунктаў раёна. Падвоз будуць ажыццяўляць 9 аўтобусаў.

У 2018 годзе ў Ельскі раён прыбыў 21 малады спецыяліст, 18 з іх — мясцовыя жыхары. Для іх да месцаў працы ў найбліжэйшыя населеныя пункты арганізаваны сумесна з навучэнцамі падвоз. Забяспечанасць кадрамі (настаўнікамі-прадметнікамі) ва ўстановах адукацыі складае на сёння 100%. Радуе, што большасць маладых спецыялістаў, якія прыбываюць у раён, замацоўваецца на месцах.

Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года галоўная ўвага была звернута на захаванне бяспекі жыццядзейнасці ўстаноў адукацыі, на стварэнне здароўезберагальных умоў пры арганізацыі працэсу навучання.

У 2018/2019 навучальным годзе ў Зашырскім яслях-садзе Ельскага раёна будзе рэалізоўвацца эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі па тэме “Апрабацыя праграмна-метадычнага забеспячэння даследчай дзейнасці ва ўмовах пераемнасці дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Новыя праекты на 2018—2021 гады распрацаваны ў Ельскай раённай гімназіі (“Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у полікультурнай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”) і ў Зашырскай сярэдняй школе (“Укараненне мадэлі фарміравання моўна развітой асобы ў сітуацыі блізкароднаснага білінгвізму на аснове камунікатыўна-дзейснага падыходу на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”).

— Наколькі добра быў арганізаваны ў гэтым годзе летні адпачынак дзяцей раёна?

— У 2018 годзе працавалі 30 прышкольных лагераў, якія наведвалі 682 навучэнцы, што паспрыяла аднаўленню іх інтэлектуальных і фізічных сіл. У раёне працавалі лагеры не толькі дзённага знаходжання, але і кругласутачныя, прычым розных профіляў: працы і адпачынку, спартыўна-аздараўленчыя, краязнаўчыя, лагеры для таленавітых і адораных дзяцей, прафарыентацыйныя, для дзяцей з інваліднасцю і інш. У некаторых установах адукацыі працавалі міжведамасныя лагеры, арганізаваныя пры садзейнічанні пагранічнай заставы Падгалля і раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. У рамках міжведамаснай праграмы занятасці навучэнцаў “Лета на карысць — 2018” юнакі і дзяўчаты працавалі ў вучнёўскіх рамонтных, вытворчых брыгадах, атрадах па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый, а таксама індывідуальна. Рознымі відамі працоўнай дзейнасці былі ахоплены 503 навучэнцы. Для 400 дзяцей арганізоўвалася работа аздараўленчых тэматычных пляцовак ва ўстановах адукацыі.

— Якімі дасягненнямі навучэнцаў ганарыцца раён?

— Выніковым быў удзел каманды школьнікаў раёна ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды 2017/2018 навучальнага года: атрыманы 7 дыпломаў розных ступеней. За 3 апошнія гады на заключным этапе атрыманы 4 дыпломы. Навучэнец Ельскай раённай гімназіі Мікалай Паўлаў у 2018 годзе стаў абсалютным пераможцам рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю!” сярод вучняў 10-х класаў. Дыплома І ступені ўдастоена навучэнка гэтай жа ўстановы Вераніка Мітрафанава за перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе эсэ, сачыненняў і вершаў “Мая Беларусь. Мая будучыня”. 76 прызавых дыпломаў заваявалі навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна за перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

Фінансавую падтрымку ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў у 2017 годзе атрымалі навучэнцы Ельскай раённай гімназіі Ягор Шамро, пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, і Кацярына Мацюшова, пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, а таксама Яна Баранкевіч, вучаніца сярэдняй школы № 2 Ельска, пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

Штогод адораныя навучэнцы раёна ўзнагароджваюцца прэміямі Гомельскага аблвыканкама. У 2017 годзе прэміямі Ельскага райвыканкама ўзнагароджаны 22 навучэнцы, у 2018 годзе — 25 навучэнцаў. Агульная сума прэмій склала адпаведна 1865 рублёў і 1715 рублёў.

Асаблівае месца ў раёне займае спорт. Штогод вучні раёна прымаюць актыўны ўдзел у спаборніцтвах абласной і рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. За апошнія тры гады юнымі спартсменамі Ельшчыны заваявана 55 медалёў рознай вартасці. Большая частка медалёў (33) атрымана ў спаборніцтвах па біятлоне “Снежны снайпер”, якія праводзяцца пад эгідай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

У 2018 годзе ў склад зборнай каманды Гомельскай вобласці па гэтым відзе спаборніцтваў уключана 6 юных біятланістаў з Ельскага раёна. У гэтых спаборніцтвах заваявана адно прызавое месца ў індывідуальнай гонцы, а трое нашых удзельнікаў заваявалі 3-е месца ў эстафетнай гонцы. У зборныя каманды Гомельскай вобласці па розных відах спорту за тры апошнія гады накіраваны 29 навучэнцаў з Ельшчыны.

— Як арганізавана профільнае навучанне ў раёне?

— Профільнае навучанне арганізавана ў 4 установах агульнай сярэдняй адукацыі. На павышаным узроўні вывучаліся беларуская, руская, англійская мовы, фізіка, матэматыка, хімія, біялогія, грамадазнаўства. Пра эфектыўнасць профільнага навучання сведчыць той факт, што навучэнцы паказалі добрыя вынікі на ЦТ. Так, у Зашырскай сярэдняй школе сярэдні бал па беларускай мове на ЦТ склаў 84,67, па англійскай мове — 63,60. У Ельскай раённай гімназіі па рускай мове — 70,88, па беларускай мове — 66,33, па матэматыцы — 71,60, у сярэдняй школе № 1 Ельска па грамадазнаўстве — 61,00. Штогод больш за 90% выпускнікоў, якія вывучалі прадметы на павышаным узроўні, становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі па выбраных профілях. У сярэдняй школе № 2 Ельска функцыянуюць міжшкольныя групы педагагічнай накіраванасці.

Работа педагагічных калектываў па прафарыентацыі ў раёне адзначана ў 2017 годзе дыпломамі І і ІІ ступеней Міністэрства адукацыі на ХVІІ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар —упэўненая будучыня моладзі”.

— З якімі цёплымі словамі і пажаданнямі вы звернецеся да сваіх калег напярэдадні новага навучальнага года?

— Мы павінны быць гатовы кожны дзень, кожную гадзіну адпавядаць патрабаванням сучаснага свету, які пастаянна мяняецца. Дакладна сказана, што, калі мы будзем працаваць, як учора, мы скрадзем у нашых дзяцей заўтра. Шчыра жадаю не знізіць выніковасць работы па навучанні і выхаванні дзяцей. Напярэдадні Дня ведаў, паважаныя калегі, прыміце самыя шчырыя словы падзякі за вашу працу. Жадаю вам унутранай стойкасці, прафесійнай чуласці, аптымізму, энергіі, здароўя і ўдачы ў новым навучальным годзе!

Надзея ЦЕРАХАВА.