З натхненнем на новыя сумесныя праекты

У рамках форуму “Дні Удмуртыі ў Рэспубліцы Беларусь” 25 лютага ў “Прэзідэнт-Атэлі” адбыўся круглы стол “Вышэйшая і сярэдняя прафесійная адукацыя як інструменты развіцця міжнародных адносін паміж Удмурцкай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь”.

У рабоце круглага стала прынялі ў­дзел першы намеснік міністра адукацыі нашай краіны Ірына Старавойтава і міністр адукацыі і навукі Удмурц­кай Рэспублікі Святлана Балотнікава. У сваім вітальным слове Ірына Анатольеўна засяродзілася на некаторых асаблівасцях сістэмы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У прыватнасці, яна спынілася на развіцці вышэйшай школы і прафесійна-тэхнічнай адукацыі і на асаблівасцях развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

Святлана Балотнікава падзякавала ка­легам з Беларусі за цёплы прыём і за натхненне на новыя сумесныя праекты. Напрыклад, прадстаўнікі ўдмурцкай дэлегацыі вельмі зацікавіліся створанай у Беларусі сістэмай бесперапыннай педагагічнай адукацыі, профільнымі класамі педагагічнай накіраванасці. Акрамя таго, асаблівую цікавасць выклікала арганізацыя і работа рэсурсных цэнтраў у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

Па выніках правядзення круглага стала былі падпісаны 5 міжнародных дакументаў аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі Беларусі і Удмуртыі ў сферы адукацыі. У прыватнасці, такі дакумент падпісалі рэктары Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук і Глазаўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя У.Г.Караленкі Яніна Чыгоўская-Назарава. Дакумент прадугледжвае акадэмічную мабільнасць, сумесныя навуковыя даследаванні, супрацоўніцтва ў выхаваўчай сферы.

Пагадненні аб супрацоўніцтве з Глазаўскім дзяржаўным педагагічным інстытутам імя У.Г.Караленкі падпісалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна.

Дакументы аб супрацоўніцтве падпі­салі і кіраўнікі Мінскага радыётэхнічнага кале­джа і тэхнікума радыёэлектронікі і інфармацыйных тэхналогій імя А.В.Васкрасенскага, Мінскага аўта­механічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага і Іжэўскага аграбудаўнічага тэхнікума.

Праграма знаходжання дэлегацыі Удмурцкай Рэспублікі на чале з міністрам адукацыі і навукі С.М.Балотнікавай была вельмі насычанай. Госці наведалі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі і яго філіялы, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі радыётэхнічны каледж, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, а таксама школы з педагагічнымі класамі.

Трэба адзначыць, што прафесійныя сувязі паміж установамі адукацыі Удмурцкай Рэспублікі і нашай краіны існуюць ужо не першы год. Так, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Інстытут бізнесу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, Інстытут матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі маюць кааперацыйныя сувязі з Удмурцкім дзяржаўным універсітэтам.

Прадстаўнікі Іжэўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя М.Т.Калашнікава ўдзельнічалі ў форуме ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы, які праходзіў у нас у кастрычніку мінулага года.

Перспектыўнымі напрамкамі двухбаковага супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемны ўдзел навучэнцаў, педагагічных і навуковых работнікаў у міжнародных адукацыйных, навуковых і іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца на тэрыторыі краін. Перспектыўным з’яўляецца і правядзенне сумесных навукова-даследчых праектаў у галіне педагагічных інавацый, падтрымкі адораных навучэнцаў, інклюзіўнай адукацыі; абмен вопытам па рэалізацыі перадавых педагагічных тэхналогій.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.