З нестандартным падыходам

Педагагічны калектыў сярэдняй школы № 2 Магілёва пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Кожны настаўнік сочыць за сучаснымі адукацыйнымі тэндэнцыямі, імкнецца ўкараніць эфектыўныя тэхналогіі навучання ў сваю работу, каб ператварыць урокі ў займальнае дзеянне. Над тым, як зацікавіць навучэнцаў сваім прадметам, пастаянна задумваюцца і настаўнікі замежнай мовы. Каб матываваць дзяцей на вывучэнне замежных моў, педагогі выкарыстоўваюць розныя формы навучання, у тым ліку і нестандартныя.

— Усведамляючы стымулюючую сілу краіназнаўчай і культуралагічнай матывацыі, настаўнікі нашай школы імкнуцца развіваць яе шляхам нетрадыцыйнага правядзення ўрокаў. Наша мэта — не толькі пашырыць веды вучняў, але і прывіць ім эстэтычны густ. У гэтым плане шмат пераваг ва ўрокаў-экскурсій. Сёлета мы вырашалі паспрабаваць праводзіць заняткі менавіта ў такой форме, — паведаміла кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы школы Алена Хаіт.

Урокі такога тыпу сапраўды робяць навучанне больш займальным, прымушаюць дзяцей разважаць, лагічна думаць, развіваюць назіральнасць. Экскурсія канкрэтызуе вучэбны працэс, праграмны матэрыял, пашырае кругагляд і паглыбляе веды навучэнцаў.

— Яшчэ адна перавага ўрокаў-экскурсій — эфект прысутнасці. Гэта спрыяе высокай пазнавальнасці такіх заняткаў, бо яны звязаны з рэальным жыццём, — адзначыла Алена Юр’еўна.

Паводле яе слоў, першы ўрок-экскурсія быў праведзены з дзесяцікласнікамі. Яго тэмай стала “Мастацтва”. Экскурсія прайшла па выставачнай зале дыпломных работ выпускнікоў школы.

— У галерэі прадстаўлены лепшыя мастацкія творы нашых былых і цяперашніх вучняў. Навучэнцы дзясятага класа загадзя выбралі адну з карцін, а на ўроку праводзілі экскурсію па выставе як экскурсаводы. Яны падрыхтавалі поўнае апісанне карціны на англійскай мове: падрабязна расказалі пра ўсе намаляваныя прадметы, колераперадачу, пярэдні і задні планы, спрабавалі адгадаць, якія эмоцыі адчуваў мастак, што ён хацеў данесці да гледачоў, — расказала Алена Хаіт.

Пасля заканчэння нестандартнага ўрока дзесяцікласнікі толькі станоўча выказаліся аб такой цікавай магчымасці вывучаць англійскую мову, таму ў далейшым у школе плануецца працягнуць правядзенне заняткаў-экскурсій.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.