З новай ідэяй і творчым запалам

Ужо 14-ы раз Рэспубліканскі злёт вынаходнікаў і рацыяналізатараў сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі збірае тых, хто захоплены пошукам новых ідэй, натхнёны творчым запалам, хто імкнецца дасягнуць вяршынь у творчасці. Сярод удзельнікаў сёлетняга злёту можна ўбачыць знаёмыя твары тых няўрымслівых педагогаў і навучэнцаў, якія ўжо не першы раз прыязджаюць на гэты форум. Шмат і тых, хто ўдзельнічае ў злёце ўпершыню. Сярод гасцей — прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, органаў кіравання адукацыяй рэгіёнаў нашай краіны, кіраўнікі навучальных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі, метадычных цэнтраў. У цырымоніі адкрыцця рэспубліканскага злёту прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідарэнка, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Іванавіч Сягоднік, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко.

У апошнія гады ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі найбольш інтэнсіўна вядзецца падрыхтоўка кадраў па тых спецыяльнасцях, якія найбольш запатрабаваны нашай эканомікай з улікам тэхнічных пераўтварэнняў і мадэрнізацыі вытворчасці. Ідзе пошук шляхоў, якія скіраваны на павышэнне ўзроўню не толькі прафесійнай падрыхтоўкі, але і творчай актыўнасці навучэнцаў. Прафесійная падрыхтоўка будучых рабочых і спецыялістаў набывае прагматычны характар. Важная роля ў гэтым належыць тэхнічнай творчасці, вынаходніцтву і рацыяналізатарству, якія імкліва развіваюцца сярод навучэнскай моладзі і цесна пераплецены з самім адукацыйным працэсам.
Колькасць удзельнікаў Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў сярод навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з кожным годам узрастае.Усе яны прыходзяць да фінальнага этапу спаборніцтваў, адолеўшы сур’ёзныя выпрабаванні першых двух тураў, што праводзяцца спачатку ў навучальных установах, а потым на ўзроўні абласцей.
Хацелася б агучыць некаторыя лічбы, якія яскрава сведчаць пра маштабнасць гэтага руху. Сёлета ў папярэдніх двух этапах злёту прынялі ўдзел 185 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 46 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Удзельнікамі злёту сталі звыш 1,5 тысячы педагагічных работнікаў і больш як 25 тысяч навучэнцаў, якія прадставілі свае рацыяналізатарскія і вынаходніцкія распрацоўкі.
За той перыяд часу, які прайшоў пасля правядзення ў 2013 годзе XIII злёту, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі пададзена 2105 рацыяналізатарскіх прапаноў. (З іх самімі навучэнцамі — 582.) Амаль палова гэтых прапаноў укаранёна ў адукацыйны працэс. Атрыманы 4 патэнты на карысныя мадэлі і прамысловыя ўзоры.У апошнія гады ўзрасла колькасць новых напрамкаў гурткоў інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Сёння ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі дзейнічае 3,5 тысячы аб’яднанняў па інтарэсах, дзе займаецца звыш 36 тысяч навучэнцаў. Большасць з іх працуюць у напрамку “Творчасць у маёй прафесіі”. Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на сённяшні дзень дзейнічаюць 174 пярвічныя арганізацыі вынаходнікаў і рацыяналізатараў, якія абядноўваюць больш як 14 тысяч навучэнцаў і педагагічных работнікаў. Наладжана цеснае прадукцыйнае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім таварыствам вынаходнікаў і рацыяналізатараў.
Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рацыяналізатарскія прапановы ў асноўным накіраваны на ўдасканаленне вучэбнай і матэрыяльна-тэхнічнай базы, выраб інструментаў, прыбораў, вучэбна-наглядных дапаможнікаў, што істотна дапамагае ўдасканальваць вучэбны працэс, рабіць прафесійнае навучанне больш наглядным. Вельмі важным з’яўляецца і той факт, што развіццё вынаходніцтва і рацыяналізатарства сярод навучэнскай моладзі дазваляе эканоміць бюджэтныя сродкі. Але, бадай, самае галоўнае ў тым, каб моладзь падчас навучання атрымлівала навыкі вынаходніцтва і рацыяналізатарства, праяўляла імкненне да пошуку новых творчых ідэй.
— Сваім удзелам у вынаходніцтве і рацыяналізатарстве вы прыносіце вялікую карысць сістэме адукацыі і нашай краіне, — звярнулася да ўдзельнікаў злёту намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка. — Вашы ідэі, вашы творчыя здабыткі з’яўляюцца рухальным механізмам тэхнічнага прагрэсу і інавацыйнага развіцця нашай эканомікі. Вопыт сведчыць, што менавіта з тых устаноў адукацыі, у якіх работа па прыцягненні навучэнцаў да тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства пастаўлена на належным узроўні, выходзяць выдатныя спецыялісты для нашай эканомікі.
Раіса Станіславаўна адзначыла, што правядзенне сёлетняга злёту прымеркавана да дзвюх знамянальных дат —70-годдзя Вялікай Перамогі і 75-годдзя стварэння сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Ёсць упэўненасць, што форум юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў дастойна апраўдае сваё прызначэнне і будзе спрыяць далейшаму творчаму росту нашай моладзі.
— Развіццё тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства сярод моладзі сёння з’яўляецца прыярытэтным кірункам дзейнасці сістэмы адукацыі, непасрэдна галіновага міністэрства, Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, а таксама Беларускага таварыства вынаходнікаў і рацыяналізатараў, — заявіў яго старшыня Антон Антонавіч Скварчэўскі. — Граматная, тэхнічна падрыхтаваная моладзь — гэта будучыня нашай краіны, якая будзе развіваць сучасную інавацыйную эканоміку. Таму, безумоўна, наша таварыства імкнецца аказваць дапамогу ў фарміраванні высокаінтэлектуальнага патэнцыялу нашай краіны, у стварэнні творчай эліты, большую частку якой складаюць маладыя людзі, выхаваныя ў навучэнскім асяроддзі.
Антон Антонавіч адзначыў, што супрацоўніцтва паміж таварыствам і сістэмай прафесійнай адукацыі, непасрэдна з навучальнымі ўстановамі, развіваецца вельмі імкліва і прыносіць станоўчыя вынікі. Калі аналізаваць гісторыю правядзення злётаў, становіцца відавочна, што канкурсанты прадстаўляюць сёння не проста выставачныя экспанаты, а дзеючыя мадэлі, якія можна выкарыстоўваць у нашай прамысловасці, што пацвярджае мэтанакіраванасць і практычнасць творчых ідэй.
Заключны этап злёту традыцыйна праводзіцца ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.
— Пры тым, што наш цэнтр сёння рэалізоўвае зусім новыя інавацыйныя кірункі тэхнічнай творчасці моладзі, ужо шмат гадоў ён застаецца традыцыйным месцам сустрэчы юных вынаходнікаў і рацыяналізатараў і з’яўляецца творчай пляцоўкай для рэалізацыі іх ідэй і прапаноў, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко. — Сапраўды, сёння ва ўстановах адукацыі творчасць стала неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. У ходзе актыўнай творчай дзейнасці пашыраецца кола інтарэсаў навучэнцаў, удасканальваецца іх прафесійнае майстэрства, расце інтарэс да вынаходніцкай, рацыяналізатарскай дзейнасці і даследчага пошуку. Своечасовым і актуальным у далейшым развіцці гэтых напрамкаў стане супрацоўніцтва Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Беларускім таварыствам вынаходнікаў і рацыяналізатараў у справе падтрымкі маладзёжнага інавацыйнага прадпрымальніцтва. Цэнтр гатовы стаць базай Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, што будзе садзейнічаць падтрымцы і прасоўванню маладзёжных інавацыйных праектаў і ініцыятыў.
У заключным этапе злёту прынялі ўдзел 140 навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, якія прадстаўлялі свае экспанаты ў конкурсах “Свет адкрыццяў” у намінацыях “Машынабудаванне”, “Прыборабудаванне”, “Электроніка і сувязь”, “Будаўніцтва”, “Транспарт”, “Сельская гаспадарка”; “Эканомія энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў”; “Лепшы сродак навучання”.
Уладзімір Генадзьевіч Рабінок працуе майстрам вытворчага навучання ў Гомельскім прафесійным політэхнічным ліцэі і вядзе падрыхтоўку кадраў па прафесіях машынабудавання, у тым ліку будучых зваршчыкаў і электрыкаў.
— Мы прывезлі на злёт 5 экспанатаў, — распавёў Уладзімір Генадзьевіч. — Сярод іх так званы лістарэз, які не мае проваду для сілкавання і працуе аўтаномна за кошт акумулятара, што дазваляе выкарыстоўваць яго ў самых недаступных месцах. З ім можна ўзабрацца нават на дах будынка і выконваць любыя аперацыі па нарэзцы металу, прызначанага для рамонту або будаўніцтва.
Акрамя гэтага, гомельскай камандай на злёце быў прадстаўлены арыгінальны прынтар на колцах, здольны рухацца па любой паверхні, якую трэба надрукаваць. Такую наватарскую ідэю рэалізавалі навучэнцы ліцэя разам са сваім педагогам М.У.Казловым. У.Г.Рабінок прадэманстраваў на конкурсе і электрасокавыціскалку, прызначаную для дапамогі работнікам невялікіх прыватных гаспадарак. Прадукцыйнасць гэтай электрасокавыціскалкі даволі высокая, і за адну гадзіну з яе дапамогай з яблык можна выціснуць 100 літраў соку.
Уладзімір Генадзьевіч расказаў, што разам са сваімі выхаванцамі ён стварыў вучэбна-наглядны дапаможнік, які з’яўляецца класіфікатарам для электрычных лямп і прызначаны для навучання будучых электраманцёраў на ўроках вытворчага навучання. Ён можа быць усталяваны ў кабінетах электратэхнікі і электраабсталявання. Гэтую сумесную работу дэманстраваў на злёце навучэнец першага курса ліцэя Віталь Наздрын. Дапаможнік складаецца з 6 секцый, дзе прадстаўлены віды электралямп, іх характарыстыкі згодна з магутнасцю і эканамічнасцю, а таксама месцамі выкарыстання. Вось, напрыклад, дыёдная лямпа найбольш даўгавечная, тэрмін яе службы складае 24 гадзіны, лямпа звычайнага напальвання можа служыць толькі 1 гадзіну, а энергазберагальная — 10 гадзін. У дапаможніку прадстаўлены лямпы, якія выкарыстоўваюцца ў памяшканнях і на вуліцы. Можна сказаць, што Уладзімір Генадзьевіч спецыялізуецца на вырабе вучэбна-наглядных дапаможнікаў. Ён працуе ў ліцэі амаль 10 гадоў і ўвесь гэты час вырабляе са сваімі навучэнцамі вучэбна-наглядныя дапаможнікі, і, бадай, ніводны прадмет без іх не абыходзіцца. Гэтыя дапаможнікі выкарыстоўваюцца ў вучэбных кабінетах і майстэрнях па ўсіх прафесіях, што дабаўляе нагляднасці, а значыць, большага эфекту ў навучанні. Усе свае рацыяналізатарскія і вынаходніцкія ідэі навучэнцы і педагогі ліцэя рэалізоўваюць у гуртку тэхнічнай творчасці. Дзякуючы дырэктару ліцэя У.В.Чугункову, загадчыку аддзялення І.А.Шабалтасу, тэхнічны рух ва ўстанове не замірае, а з кожным годам набірае тэмп, аб чым сведчыць вялікая прадстаўнічасць навучэнцаў ліцэя ў камандзе Гомельскай вобласці на такім вялікім форуме.
Прадстаўнікі магілёўскай каманды прывезлі шмат цікавых вырабаў. Навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Ілья Дзмітрыеў, які вучыцца на трэцім курсе па спецыяльнасці “Абсталяванне і тэхналогіі зварачнай вытворчасці”, прадставіў аснастку для газавай гарэлкі, прызначаную для газапалымянай апрацоўкі матэрыялаў. Кіраўнікамі і натхняльнікамі гэтага праекта сталі педагогі каледжа Таццяна Мікалаеўна Каваленка, Кацярына Уладзіміраўна Банкоўская і Наталля Аляксандраўна Качавулава.
— Рацыяналізатарствам і вынаходніцтвам я захапіўся на другім курсе, калі пачаў вывучаць спецыяльныя дысцыпліны, — расказаў Ілья Дзмітрыеў. — Асабліва мяне прывабіла газапалымяная апрацоўка матэрыялаў, і мне стала цікава, як можна гэты працэс аптымізаваць, удасканаліць, зрабіць яго найбольш сучасным і эфектыўным. У вырашэнні гэтых задач мне вельмі дапамаглі нашы педагогі, сапраўдныя прафесіяналы, з якімі я сустрэўся ў гуртку тэхнічнай творчасці каледжа і якія раскрылі мае здольнасці. Вынікам нашай сумеснай працы і стала прадстаўленая на злёце газавая гарэлка.
Хлопец расказаў, што гарэлка складаецца з 4 зменных наканечнікаў, кожны з якіх мае свае функцыі па зварцы або рэзцы металу і пры гэтым рэгулюе тэмпературу ад нізкай да самай высокай. Такім чынам у адным гэтым абсталяванні сканцэнтраваны розныя віды работ па электразварцы, пайцы, нагрэве і рэзцы металу, што дазваляе патанніць гэты працэс і аптымізаваць працу электрагазазваршчыка.
Запаветная мара Ільі Дзмітрыева пасля заканчэння каледжа — паступіць у Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, каб сваю прафесію зваршчыка ўдасканальваць на больш высокім узроўні і стаць сапраўдным прафесіяналам, як яго педагогі.
Майстар вытворчага навучання Арцём Юр’евіч Крывапуст са Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя ўжо неаднаразова ўдзельнічае ў злёце і кожны раз прадстаўляе са сваімі выхаванцамі арыгінальныя вырабы. Майстар вядзе ў ліцэі гурток тэхнічнай творчасці, і з кожным годам юных аматараў вынаходніцкай справы становіцца ўсё больш і больш. Выхаванцы не толькі рэалізоўваюць ідэі свайго кіраўніка, але ўжо і самі стараюцца штосьці прыдумваць, уносіць свае творчыя рысы ў стварэнне новага вырабу. Менавіта так сумеснымі намаганнямі быў зроблены садова-паркавы пыласос, які прадставіў на злёце навучэнец ліцэя Аляксандр Галубінскі. Незвычайная машына прайшла выпрабаванні на тэрыторыі ўстановы і ў найбліжэйшым парку. Дзякуючы ёй, у кіраўніцтва ліцэя не ўзнікае праблемы, як зрабіць чыстым наваколле. Пыласос замяняе работу 10 чалавек і вельмі спрытна прыбірае лісце, смецце з адначасовай пагрузкай яго ў транспартны сродак. Другі выраб, прадстаўлены ліцэем, — гэта малагабарытны гідраўлічны экскаватар, які можна мацаваць да легкавога аўтамабіля, трактара, грузавой машыны і рацыянальна выкарыстоўваць падчас сельскагаспадарчых работ.
— Разам са сваім педагогам К.І.Ілюковіч мы вырашылі зрабіць вучэбна-наглядны дапаможнік па вывучэнні ахоўнай пажарнай сігналізацыі, — расказаў Дзмітрый Байдак з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. — Наш выраб прызначаны для вывучэння прынцыпаў дзеяння пажарных і ахоўных апавяшчальнікаў і ўяўляе сабой дзеючую сістэму. Спадзяюся, што для навучэнцаў наш дапаможнік стане добрай падмогай і сваёй нагляднасцю істотна спросціць запамінанне вучэбнага матэрыялу.
А вось першакурснік Барысаўскага каледжа галіновых тэхналогій Максім Алісіевіч разам са сваім педагогам Анатолем Віктаравічам Дзяржынскім стварылі шматфункцыянальны стэрылізатар тары, які можна выкарыстоўваць як у побыце, так і на прадпрыемствах.
Напэўна, самым вопытным удзельнікам злёту можна назваць Ігара Яўгенавіча Сталярова, выкладчыка спецдысцыплін электратэхнічнага цыкла, вопытнага педагога Гродзенскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага. Ён — удзельнік і пераможца ўсіх папярэдніх злётаў. Ігар Яўгенавіч працуе ў каледжы з 1981 года і свой доўгі працоўны шлях звязаў з тэхнічнай творчасцю, да якой далучыў не адно пакаленне навучэнцаў каледжа. На гэты раз І.Я.Сталяроў разам са сваімі выхаванцамі прывёз некалькі творчых распрацовак. У гуртку тэхнічнай творчасці педагог са сваімі юнымі вынаходнікамі стварыў велагенератар і трэнажор-генератар, якія прадставілі ў намінацыі “Эканомія энергетычных і паліўных рэсурсаў”. Велагенератар прызначаны для трэніровак на ўроках фізкультуры, у спартыўных секцыях. Але гэта не адзіная функцыя гэтага вырабу. Ён здольны таксама выпрацоўваць электрычную энергію. У працэсе выпрабавання велагенератара быў праведзены разлік эканамічнай эфектыўнасці, і на практыцы было пацверджана, што ён здольны асвятляць, напрыклад, кабінет фізкультуры на працягу цэлага навучальнага года, не спажываючы электраэнергію з сеткі.
Выкладчык Мінскага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва Руслан Браніслававіч Казлоўскі прадставіў на злёце свой карабель, які выконвае ролю шматфункцыянальнай паліцы. У гэтай ролі можа выступаць не толькі палуба яго карабля, але і іншыя прыстасаванні. Адметна, што паліца зроблена не з ліставога ламінату, а з адходаў, што істотна, амаль у два разы, зменшыла кошт гэтага вырабу. Аднак не толькі кошт прываблівае пакупніка, але і незвычайны, арыгінальны дызайн гэтага вырабу. Асабліва прыйшлася даспадобы паліца тым сем’ям, дзе ёсць дзеці. За перыяд паміж гарадскім і рэспубліканскім этапамі злёту мінчанамі было набыта 10 такіх паліц. З мэтай вызначэння мэтазгоднасці такога вырабу ліцэй праводзіў маніторынг у мэблевых прадпрыемствах, дзе была пацверджана канкурэнтаздольнасць такой паліцы. Трэба сказаць, што навучальная ўстанова рыхтуе высокакваліфікаваныя кадры для будаўнічай галіны дзякуючы сучаснаму высокатэхналагічнаму аснашчэнню сваёй вучэбна-вытворчай базы. Створаны рэсурсны цэнтр з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай для прафесійнай падрыхтоўкі як навучэнцаў ліцэя, так і дарослага насельніцтва, а таксама для павышэння кваліфікацыі педагогаў і прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый будаўнічай галіны. Ліцэй цесна супрацоўнічае і з замежнымі будаўнічымі фірмамі, праводзіць сумесныя семінары, канферэнцыі з мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці кадраў.
Дзмітрый Кручанкоў прыехаў на злёт з Віцебскага індустрыяльна-будаўнічага каледжа і прадставіў макет высокаэнергаэфектыўнага жылога дома, пры абаграванні якога выкарыстоўваецца цеплавы рэсурс зямлі. Дом Дзмітрыя выглядае як звычайны і на першы погляд нічым не адрозніваецца ад іншых. Але асаблівасцю збудавання навучэнца з’яўляецца сістэма труб, размешчаная ў зямлі перад домам і прызначаная для выцягвання цяпла з зямлі і накіравання яго для абагрэву жылых памяшканняў. Гэта дазваляе ацяпляць дом за кошт натуральнага цяпла, а не спецыяльнага падагрэву вады. Прадстаўленая сістэма даражэйшая за існуючую сёння, але яе можна акупіць за 10 гадоў. Такія дамы ўжо будуюцца пераважна ў Злучаных Штатах Амерыкі. Згодна з прыроднымі магчымасцямі, сістэма абагрэву з зямлі апраўдана, бо можна выцягнуць ваду з тэмпературай у 60 градусаў цяпла. У нашых глебах вада намнога халаднейшая і на глыбіні ў амаль паўтара метра тэмпература вады складае толькі 7 градусаў цяпла. Каб яе падагрэць да патрэбнай тэмпературы, у такім доме выкарыстоўваецца кампрэсар, работа якога ажыццяўляецца па прынцыпе халадзільнай устаноўкі. У рэалізацыі гэтага праекта навучэнцу дапамагалі педагогі каледжа — Тамара Кірылаўна Ждан, Іосіф Іванавіч Ляскоўскі, Андрэй Валер’евіч Стабулянец, Валерый Уладзіслававіч Сівіцкі.
Таццяна Пятроўна Валевач, дырэктар Дома навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці, расказала, што ў іх вядзецца плённая работа па развіцці творчасці сярод моладзі. Напрыклад, педагог дадатковай адукацыі С.В.Касьянаў стварыў з навучэнцамі ўстаноў прафесійнай адукацыі Пінска турыстычны веламабіль. Асаблівасць экспаната ў тым, што яго можна выкарыстоўваць у турызме. Галоўныя перавагі вырабу — разнастайнасць у эксплуатацыі. Веламабіль двухмесны, і яго могуць эксплуатаваць адначасова два чалавекі. Яго можна выкарыстоўваць ва ўстановах адпачынку, падчас паездак за горад, на рыбалку. Яшчэ адной асаблівасцю веламабіля з’яўляецца яго аснашчэнне камплектам надзіманых паплаўкоў. У Доме навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці разгорнута пастаянна дзеючая выстаўка дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці, на якой экспануецца больш як тысяча вырабаў юных талентаў. У час экскурсій можна набыць сувенірную прадукцыю Палескага рэгіёна.
Валерый Іванавіч Юнчыц з Высокаўскага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага каледжа разам са сваімі выхаванцамі прывёз на сёлетні злёт прыстасаванне, якое мацуецца на касілку і дазваляе варушыць валкі сена альбо саломы.
— Спадзяюся, што наш механізм спатрэбіцца ў сельскай гаспадарцы, — расказаў Валерый Іванавіч. — Нарыхтаваць сена для жывёлагадоўлі без страт, асабліва пры неспрыяльным надвор’і, —задача не з простых. Пры выкарыстанні ў нарыхтоўцы сена існуючых машын пры пераварочванні губляецца самая каштоўная частка — лісце, бутоны кветак. Таму мы прапанавалі ссоўваць валок з сенам убок і ўспушваць яго спецыяльным шнэкам са спіраллю, які мацуецца на касілку. Такім чынам, у адной машыне сумяшчаюцца дзве функцыі: касіць траву і сушыць яе, што дае значны эканамічны эфект. Гэтае прыстасаванне заўсёды стаіць на ротарнай касілцы і не перашкаджае скошваць траву.
Валерый Іванавіч Юнчыц працуе ў каледжы больш за 30 гадоў і не прапусціў ніводнага злёту.
— Я колькі працую ў каледжы, столькі займаюся тэхнічнай творчасцю, — расказаў Валерый Іванавіч. — Кожны папярэдні злёт прынёс нашай установе, яго калектыву ўзнагароды за цікавыя распрацоўкі. Канечне, хочацца заняць прызавое месца, атрымаць дыплом, каб тваё прозвішча прагучала ў ліку лепшых, але сваю задачу я ўсё ж бачу ў тым, каб далучыць моладзь да вынаходніцкага руху, заняць яе вольны час карыснымі справамі, асабліва дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, якія пражываюць у інтэрнатах, тых, хто не ведае, куды прыкласці свае сілы, як рэалізаваць свае творчыя здольнасці. Для большасці такіх падлеткаў нашы гурткі тэхнічнай творчасці сталі менавіта тым месцам, дзе можна сябе праявіць. У гуртку навучэнцы развіваюць тэхнічнае мысленне, сваю творчую жылку, становяцца больш дысцыплінаванымі і адказнымі.
Як паведаміў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Аляксандр Гаўрылавіч Серада, усе каманды прадставілі вырабы, якія былі выкананы на высокім прафесійным узроўні, з творчым натхненнем і фантазіяй і па выніках спаборніцтва атрымалі самыя высокія ацэнкі. У конкурсах злёту было абаронена 94 рацыяналізатарскія прапановы і прадстаўлены 4 патэнты на прамысловыя ўзоры і карысныя мадэлі. Конкурс “Лепшы сродак навучання” паказаў, што навучэнцы і работнікі ўстаноў адукацыі пастаянна ўдасканальваюць вучэбна-матэрыяльную базу. Сваімі рукамі яны ствараюць прыстасаванні, дапаможнікі, абсталяванне, што дапамагае ў атрыманні больш глыбокіх ведаў па прафесіі. Усе 14 сродкаў навучання, якія былі прадстаўлены на рэспубліканскім злёце, ужо выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і могуць быць рэкамендаваны навучальным установам.
Узрадавала і экспазіцыя Рэспубліканскай выставы “Вынаходніцтва і рацыяналізатарства ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, у якой прынялі ўдзел 202 навучальныя ўстановы. На выставе прадстаўлена 442 экспанаты тэхнічнай творчасці, 284 з іх — гэта рацыяналізатарскія прапановы. У іх вырабе ўдзельнічала больш за 1500 работнікаў адукацыі і навучэнцаў. Адным словам, у сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі праведзена вялікая работа, накіраваная на тое, каб вынаходніцтва і рацыяналізатарства сярод моладзі бясконца развівалася. Таму мы гаворым не “Бывай, злёт”, а “Да новых сустрэч”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.