З новым абсталяваннем — у новы навучальны год

- 10:08Актуально
Святочны званок, які абвяшчае пачатак навучальнага года, у школах Быхава празвінеў акурат 1 верасня. Абноўлены Быхаў віншаваў жыхароў і гасцей горада са святам пісьменства. Сярэдняя школа №1 сустракала сваіх вучняў у новых кабінетах з сучасным абсталяваннем. Менавіта гэтая адрамантаваная школа прымала падарункі ад намесніка прэм’ер-міністра нашай краіны А.А.Тозіка, міністра адукацыі С.А.Маскевіча, старшыні Магілёўскага аблвыканкама П.М.Рудніка.

“Нездарма пачатак навучальнага года, Дзень ведаў, Дзень беларускага пісьменства, якое мы адзначаем у Быхаве, супалі. Раней казалі: калі хочаш быць чалавекам, ты павінен быць пісьменным, ты павінен умець пісаць, чытаць. Сёння ўсе ўмеюць і чытаць, і пісаць. Сёння мы разважаем больш над тым, як выкарыстоўваць гэтыя веды на карысць нашай краіны, сваёй сям’і, самога сябе. Але гэтыя веды неабходна здабыць, трэба вельмі шмат працаваць, каб яны былі карыснымі і для сябе, і для іншых”, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
А для таго, каб у вучняў была магчымасць здабываць гэтыя веды, неабходны адпаведныя ўмовы. Так, сярэдняя школа №1 Быхава атрымала два новыя, цалкам укамплектаваныя кабінеты — фізікі і хіміі. У кабінеце фізікі, а гэта падарунак быхаўскай школе ад Міністэрства адукацыі, ужо вісіць некалькі дошак: інтэрактыўная, маркерная, магнітная і “крэйдавая”, якую помніць і любіць ужо не адно пакаленне вучняў. У кабінеце можна рабіць і неабходныя раздрукоўкі — ёсць прынтар і ксеракс. У вывучэнні фізікі будуць дапамагаць камп’ютар, мультымедыйны праектар і тэлевізар. Лабараторнае і дэманстрацыйнае абсталяванне, якое таксама ўваходзіць у падораны камплект, ужо чакае вучняў. Падрыхтаваны і наглядныя дапаможнікі: кнігі, плакаты і стэнды на сценах. Безумоўна, у новым кабінеце вучні сядуць і за новыя парты. “Гэта не проста новая мэбля, новае абсталяванне, гэта — іншая атмасфера, і, мне здаецца, якасць навучання будзе яшчэ лепшай”, — адзначыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч.
Міністэрства адукацыі, акрамя укамплектаванага кабінета, падарыла школе камп’ютарны клас і дзве інтэрактыўныя дошкі, якія ўжо знайшлі сваё месца — у кабінетах інфарматыкі і матэматыкі.
Новая мэбля, табліца растваральнасці і перыядычная табліца Мендзялеева, краны за кожнай партай, да якіх падведзена вада, неабходная для вопытаў, вучэбны дэманстрацыйны стол — новае жыццё атрымаў і кабінет хіміі дзякуючы падарунку ад Магілёўскага аблвыканкама на чале з П.М.Руднікам. Ад аблвыканкама школа атрымала і яшчэ адзін падарунак — у кабінетах беларускай мовы і пачатковай школы ўсталяваны тэлевізары.
У быхаўскай школе абнавіліся не толькі вучэбныя кабінеты. Як адзначыў намеснік прэм’ер-міністра А.А.Тозік, школьная сталовая з гэтага года будзе карыстацца новым тэхналагічным абсталяваннем. У дзяцей будзе і новы спартыўны і турысцкі інвентар, каб цікава і з карысцю праводзіць час. “Умовы створаны. Таму галоўная задача зараз — выкарыстаць іх”, — падкрэсліў А.А.Тозік.
Першакласнікам, якія толькі ўліваюцца ў школьную сям’ю, у першы іх школьны дзень па традыцыі ўручылі падарунак ад прэзідэнта нашай краіны А.Р.Лукашэнкі — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”.
“Цяпер мы можам смела заваёўваць вышыні навукі”, — адзначыла дырэктар сярэдняй школы №1 Быхава Т.М.Жыжыян.

Святлана ШЫЯН.
Фота аўтара.