З Новым годам — з новым беларускім стагоддзем!

У самы першы дзень новага, 2019, года мы зможам сказаць адно аднаму не толькі “З Новым годам!”, але і “З новым стагоддзем!”, бо 1 студзеня споўніцца роўна стагоддзе з дня заснавання папярэдніцы БССР — ССРБ, то бок Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, абвяшчэнне якой адбылося 1 студзеня 1919 года і праз некалькі дзён было падмацавана публікацыяй “Маніхвэста Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі”. З нагоды юбілею ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася маштабная выстава “Маніхвэст” Рэспублікі”, арганізаваная НББ сумесна з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.


“Абвяшчэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці — гэта падзея выключнай значнасці, якая прадвызначыла ўвесь далейшы лёс нашай краіны, такой, якая яна ёсць сёння, якая была і 20, і 50, і 80 гадоў назад, — адзначыў на адкрыцці выставы намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша. — І абсалютна дакладна можна сказаць, што яна і надалей будзе ўплываць на тое, якімі будуць беларусы і як яны стануць будаваць сваю дзяржаўнасць. У наступным годзе мы адзначым яшчэ адну круглую дату — 25-годдзе прэзідэнцкага кіравання і Канстытуцыі нашай краіны, а ў Канстытуцыі сказана пра тое, што ў нас ёсць шматвекавыя традыцыі дзяржаўнасці. Сказана, як бачым, шырока, далёка і глыбока, але ж зразумела, што ўласна беларуская дзяржаўнасць фарміравалася менавіта на працягу апошняга стагоддзя, пачынаючы ад вельмі складаных рэвалюцыйных і ваенных падзей 1917 і 1918 гадоў, абвяшчэння ў рамках так званага парада суверэнітэтаў БНР, а потым ССРБ, Літоўска-Беларускай CСР і ўрэшце БССР ды ўсяго Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І менавіта тады, на працягу літаральна некалькіх эпахальных гадоў, нарадзілася наша ўсё: беларускія ўніверсітэты і нацыянальная бібліятэка, грамадска-палітычныя і многія іншыя інстытуцыі, якія мы маем і якімі ганарымся да гэтага часу”.

Выстава “Маніхвэст” Рэспублікі”, па словах А.Сушы, апелюе менавіта да арыгінальных архіўных крыніц і публікацый таго лёсавызначальнага для беларусаў гістарычнага перыяду, а не да шматлікіх і розначытэльных яго пазнейшых інтэрпрэтацый у працах даследчыкаў. “Важна разумець, што гэта быў час, калі не існавала інтэрнэту і тэлебачання, не было кіно ў той форме, у якой яно ёсць сёння, калі не слухалі радыё, а асноўным сродкам камунікацыі з’яўляўся друк, — заўважыў намеснік дырэктара НББ. — Перыёдыка тады выдавалася масава, у некаторых павятовых цэнтрах выдавалася нават па некалькі газет, і ў іх знайшлі адлюстраванне абсалютна ўсе падзеі рэчаіснасці таго часу, як мы жартуем, ад замаразкаў на Случчыне да дзяржаўнага акта абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці”.

На адкрыцці выставы “Маніхвэст” Рэспублікі” таксама выступілі галоўны спецыяліст устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Бацян, дырэктар Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэй Дземянюк, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Мазец. І ўсе яны адзначалі асаблівую важнасць юбілею БССР у кантэксце станаўлення сучаснай беларускай дзяржаўнасці, падкрэслівалі неабходнасць звароту да гістарычных крыніц, іх вывучэння, захавання і дэманстравання шырокаму колу грамадскасці дзеля пашырэння праўдзівых ведаў пра нашу гісторыю. Дзеля папулярызацыі гістарычнай аксіёмы пра тое, што незалежнасць не абвалілася на Беларусь выпадкова і нечакана, а стала вынікам доўгага няпростага шляху, што беларусы самі, а не з нечай падказкі ці дазволу, былі, ёсць і будуць стваральнікамі ўласнага — беларускага — лёсу.

Сярод унікальных матэрыялаў выставы: дакументы са знакамітым “Маніхвэстам” 1919 года, рукапісы першага кіраўніка ўрада ССРБ Зміцера Жылуновіча (Цішкі Гартнага), рарытэтныя кнігі, газеты, часопісы, паштоўкі, карты дзяржаўных меж… Усе экспанаты насамрэч настолькі яркія і цікавыя, што міжволі затрымліваешся падоўгу ля кожнага стэнда, уважліва разглядаеш і чытаеш пажоўклыя тэксты стагадовай даўнасці, за якімі праз смугу стагоддзя вызірае ні многа ні мала… наша дзяржаўнасць.

Сама выстава як маніхфэст. Дакладней кажучы, маніфест. Сённяшні ўнармаваны правапіс — гэта, між іншым, таксама заваёва той дзяржаўнасці, якая была абвешчана 100 гадоў назад.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.