З новым інтэрнатам!

Напярэдадні Новага года ў Гомелі пасля капітальнага рамонту адкрылі адрамантаваны інтэрнат для студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Некалі корпус інтэрната адносіўся да Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажыўкааперацыі, а потым будынак перадалі медуніверсітэту. Дапамогу ў правядзенні капітальнага рамонту аказалі Міністэрства аховы здароўя і кіраўніцтва вобласці. Падчас работ замянілі камунікацыі, ліфт, аконныя і дзвярныя блокі, адрамантавалі балконы. У пакоях — новае ўнутранае аздабленне, мэбля. На кухнях замест газавых цяпер электрычныя пліты. Абсталяваны спецыяльныя пакоі з пральнымі машынамі.

— Сёння гэты выдатны новы інтэрнат на 510 месцаў, — адзначыў рэктар ГДМУ Ігар Стома, — у якім створаны камфортныя ўмовы і для вучобы, і для адпачынку.

Рэктар дадаў, што рамонты ў студэнцкіх інтэрнатах, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта — працэс пастаянны. На адкрыцці інтэрната памочнік прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка адзначыў, што цяпер у медыцынскага ўніверсітэта з’яўляюцца дадатковыя магчымасці для запрашэння на вучобу студэнтаў з іншых краін:

— Прафесія ўрача — сярод самых паважаных і ганаровых. Пандэмія гэта чарговы раз даказала. Жадаю будучым медыкам высокіх адзнак, трывалых ведаў і каб атрыманыя ва ўніверсітэце навыкі і вопыт дазвалялі з першых крокаў самастойнай працоўнай дзейнасці прыносіць карысць людзям і роднаму краю.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.